Пошук

12.08.2021 13:11   Біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Fotolia / anna_murashova

У Міжнародны дзень моладзі, які па ініцыятыве ААН адзначаецца 12 жніўня, адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі разважае пра тры дарогі шчаслівага жыцця.

«Абба, Ойча!» — мы дзеці Божыя!
(пар. Рым 8, 15–16).

Любая моладзь!

Згодна з календаром міжнародных святаў, сёння адзначаецца Міжнародны дзень моладзі. Таму віншую вас яшчэ раз са святам!

З гэтай нагоды — а кожная нагода звярнуцца да Вас з’яўляецца адмысловай — я хачу ў гэтыя апошнія дні лета падзяліцца з вамі «словам».

Дарагія сябры, словы «мы дзеці Божыя» ўзятыя з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў, у якім ён заклікае нас радасна ісці за Хрыстом як адна сям’я дзяцей, незалежна ад нашых поглядаў і нацыянальнасцяў, з’яднаных «Духам усынаўлення» (пар. Рым 8, 16).

Таму сёння, як і дзве тысячы гадоў таму, мы пытаем Езуса словамі юнака: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» (Лк 18, 18).

Дарагая моладзь, жыццё — гэта дарога. Кожны новы дзень — гэта яшчэ адзін крок у кірунку спазнання і рэалізацыі вашых задумаў і мараў. Як ісці, каб не памыліцца і не шкадаваць?..

Часам нам можа здавацца, што ўсе нашыя высілкі былі марныя, а мэта, да якой мы імкнемся, недасягальная. Аднак важна памятаць, што не мэту трэба мяняць або адмаўляцца ад яе, але шукаць новыя, больш эфектыўныя шляхі яе дасягнення. Гэта няважна, што рух адбываецца павольна: не спыняйся, кроч наперад. Гэта галоўнае — крочыць.

Кажуць, што ёсць тры дарогі: дарога роздуму, якая з’яўляецца найбольш высакароднай. Дарога пераймання, якую лічаць самай простай. І, нарэшце, дарога досведу, якая з’яўляецца пакутніцкай, бо чалавек вучыцца на сваіх памылках.

Мае дарагія маладыя сябры! Якую дарогу выбіраеце вы?

Звяртаючыся да вас у Міжнародны дзень моладзі, хачу пажадаць вам крочыць па жыцці дарогай Евангелля. Добрая Навіна Езуса Хрыста заўсёды маладая, новая. Не шукайце і не патрабуйце ад Касцёла «моднага», «сучаснага» Евангелля: прыміце праўдзівае, заўсёды актуальнае, а з вашым жыццёвым роздумам — таксама і маладое.

Як пісалі юнакі ў адным добрым фільме, шчасце — гэта калі цябе разумеюць. Дадам, што вялікае шчасце — гэта калі цябе любяць. Сапраўднае шчасце — калі любіш ты сам. Палюбіце Езуса з Яго Добрай Навіной аб любові Бога да кожнага чалавека.

З малітвай за Вас,
біскуп Юзаф

Абноўлена 12.08.2021 13:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.