Пошук

14.02.2023 12:00   Тэкст: Біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Фота Вольгі Сяліцкай / Grodnensis.by

14 лютага, у «Дзень святога Валянціна», прапануем разважанне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага пра «дзень закаханых» і не толькі.

Гэты допіс ужо публікаваўся на партале Catholic.by некалькі гадоў таму ў папулярнай рубрыцы «Блог біскупа», яую вёў біскуп Юзаф Станеўскі.

На жаль, новыя абавязкі на катэдры Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага не пакідаюць іерарху часу на тое, каб працягваць гэты праект, які так падабаўся нашым чытачам, таму сёння прапануем перачытаць допіс біскупа-блогера, прымеркаваны да Дня святога Валянціна.

Ілюстрацыйная выява. de.freepik.com

Дарагія браты і сёстры, любая моладзь!

Вось і зноў у сеціве і на вуліцах усе загаварылі пра «дзень закаханых».

Такое ўражанне, што гаворка ідзе пра падзею ні больш, ні менш як «сусветнага маштабу».

Бацькі даюць дзецям грошы на падарункі, кіёскі і крамы завабліваюць пакупнікоў мноствам разнастайных падарункаў (найчасцей непатрэбных рэчаў), самі дарослыя таксама ўсё часцей з гэтай нагоды робяць маленькі падарунак каханай асобе…

Да гэтага дня можна знайсці ў асартыменце «сэрцы» розных памераў і колераў, але ўсе яны пакліканы сімвалізаваць адно: каханне, зычлівасць, адданасць…

Ілюстрацыйнае фота. Procesilatvija.lv

Напэўна, не хапіла б фарбаў і фантазіі мастакоў на тое, каб адлюстраваць, колькі тое чалавечае сэрца вытрывала, колькі разоў прабачала і клікала, колькі разоў замірала, каб потым зноў біцца для любага чалавека: жонкі, мужа, бацькоў і дзяцей, а мы, хрысціяне, дадаем: для брата і сястры.

На што ж звярнуць увагу ў гэты дзень?

Узгадаць у чарговы раз асобу святога Валянціна, пра якога, зрэшты, вядома зусім няшмат? Хіба што, пра гэта і так дастаткова ўжо было сказана.

Святы Валянцін благаслаўляе закаханых. Вітраж.Фота з адкрытых крыніц

Гаварыць пра тое, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл ушаноўвае святых Кірыла і Мятода і што іх свята — вышэй у літургіі за ўспамін святога Валянціна — гэта наўрад ці заахвоціць моладзь прыйсці ў касцёл.

Тлумачыць, што святыя Кірыл і Мятод больш блізкія па духу прадстаўнікам славянскіх народаў, бо шмат зрабілі для прыняцця веры нашымі продкамі, — не значыць знайсці водгук у сэрцах сённяшняй моладзі.

Святыя Кірыл і Мятод. Старажытны абраз Orthodox Christian Network

Дакараць і папракаць, што гэта, маўляў, «не наша традыцыя» — дык а што перашкаджае прыняць нешта новае, тым больш настолькі ўжо сёння папулярнае?.. Страшыць «грахом» — не павераць: маўляў, што дрэннага ў тым, што чалавек дзеліцца з іншымі пачуццямі свайго сэрца?

Карабель з ветразямі ляціць па хвалях дзякуючы павевам ветру. Маракі выстаўляюць ветразі, каб выкарыстаць сілу ветру, дагэтуль нябачную і непатрэбную, а для кагосьці, хто вымушаны ёй супраціўляцца, наогул варожую, але якая дапамагае цяжкаму караблю імчаць наперад. Дзякуючы дакладнай навуцы навігацыі неўпарадкавная стыхія ператвараецца ў карысную энергію, якая дапамагае вандроўнікам на моры дасягнуць мэты.

Кадр з фільма «Пунсовыя ветразі» (Алые паруса), 1961 г. Фота Pinterest

У «дзень закаханых» варта выкарыстаць гэты стыхійны павеў пачуццяў належным чынам, а не супрацьстаяць, не змагацца з ім.

Гэта нагода прапанаваць моладзі скіраваць моц сваіх пачуццяў на дабро, запрасіць юнакоў і дзяўчат, а таксама і дарослых, да малітвы за дарагога сэрцу чалавека, за таго, каго любім, каго кахаем, хто проста нам падабаецца…

Падобна да таго, як 8 сакавіка многія душпастыры проста моляцца за жанчын і запрашаюць мужчын да супольнай малітвы.

У сувязі з гэтым мне ўзгадваецца пэўная сітуацыя падчас каляднага наведвання адной сям’і. Святара, які прыйшоў у дом з благаслаўленнем, сустрэла жанчына. Яна распавяла душпастыру пра сітуацыю ў сям’і, хто жыве ў доме, чым займаюцца члены сям’і, правяла яго па кватэры для акраплення святой вадой, адказвала на ўсе пытанні святара…

Ілюстрацыйнае фота. Wallenrock, Shutterstock

Пры гэтым мужчына, яе муж, увесь час проста моўчкі назіраў за тым, што адбываецца, сціпла застаючыся ў баку. Святар паспрабаваў пачаць з ім размову, але жанчына яго перабіла: «Ксёндз пробашч, — сказала яна між іншым, — я з маленства, як навучыла мне бабуля, няспынна малілася аб добрым мужы. Дзякаваць Богу, Ён мае малітвы выслухаў. А вось мой муж не маліўся ў гэтай інтэнцыі, і таму мае такую жонку, як я…»

Папа Францішак няспынна заклікае нас ісці разам з моладдзю, прыслухоўвацца да яе меркаванняў, спазнаваць тое, што яе цікавіць.

Мяркую, дзень святога Валянціна дае нам, дарослым і людзям Касцёла, шанц быць бліжэй да моладзі.

Гэта не азначае, што нам трэба ісці з юнакамі і дзяўчатамі на дыскатэку ці ў кавярню. Дастаткова проста разам з імі памаліцца за дарагога сэрцу чалавека; разам папрасіць, каб яны не спазналі расчаравння і болю ў сваіх лепшых пачуццях.

Фота Марыны Сінкевіч / Сatholicnews.by

Варта памаліцца таксама і за сябе, каб у шчырых адносінах з Богам дакрануцца да Яго Боскай любові, каб яна ўмацавала нашу чалавечую любоў. Гэтаму, напэўна, паспрыяюць сімпозіумы і лекцыі, сустрэчы і круглыя сталы не толькі з удзелам людзей Касцёла, але і іншых спецыялістаў у галіне чалавечых адносінаў.

Але асабліва важна пачуць голас маладога чалавека, які падзеліцца перажываннем свайго пачуцця, што дасць магчымасць увайсці з ім у такі важны для яго дыялог, які яго сапраўды зацікавіць.

Дзякуй Богу, сёння ў Касцёле на Беларусі з’яўляецца нямала ініцыятываў па душпастырстве моладзі. Але праўда і тое, што не заўсёды тэмы, якія мы закранаем на катэхэзах ці сустрэчах, сапраўды адпавядаюць зацікаўленасці маладых. Але трэба рабіць тое, што нам належыць і што ад нас залежыць: проста слухаць і разам з моладдзю шукаць адказы, згодныя з Евангеллем.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Усім закаханым раю ў гэта дзень памаліцца такімі або падобнымі словамі.

Малітва за маю дзяўчыну >>>

Малітва за майго хлопца >>>

Няхай малітва за каханага або каханую спадарожнічае пачуццям сэрца і дапаможа скіраваць іх павеў у ветразі, якія па жыццёвых хвалях панясуць наперад, да мэты — сапраўднай і чыстай Любові, якая ніколі не прамінае.

Ілюстрацыйнае фота. luforum.com

Абноўлена 14.02.2023 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа