Пошук

24.07.2021 10:33   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Ва ўспамін святога Крыштафа, апекуна кіроўцаў і ўсіх, хто ў дарозе, , што адзначаецца 25 ліпеня, адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу запрашае кіроўцаў і тых, хто спяшаецца сесці за руль, паразважаць пра бяспеку на дарогах.

Дарагія сябры кіроўцы і ўсе, хто карыстаецца транспартнымі сродкамі, мы ведаем, што святы Крыштаф з’яўляецца апекуном аўтамабілістаў і вандроўнікоў.

Выявы святога на абразах і ў фігурах прадстаўляюць святога Крыштафа, які нясе на плячах Дзіцятку Езуса.

Нясе, бо ў той час яшчэ не было аўтамабіляў. Не было і дня аўтамабіліста, ані звязанага з ім абраду благаслаўлення транспартных сродкаў.

Ілюстрацыйнае фота: Юрась Лабашоў / Сatholicnews.by

Традыцыя благаслаўляць машыны і іншы транспарт з’явілася толькі ў 1934 годзе, а адмысловы Дзень аўтамабіліста з 1995 года адзначаецца ў Беларусі ў апошнюю нядзелю кастрычніка.

Зразумела, што на старонках Святога Пісання мы не знойдзем нічога на аўтамабільную тэму. Але ў сувязі з гэтым я прапаную крыху паразважаць над словамі з Евангелля паводле Лукі: «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды» (Лк 1, 39), і звярнуць увагу на паспешлівасць на дарогах.

Можа, аматары хуткасці скажуць, што гаворка зусім не пра паспешлівасць: проста сучасны стан дарог і тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіляў даюць новыя магчымасці. Сапраўды, міжволі ўзнікае пытанне, навошта аўтаканструктары і інжынеры спакушаюць нас, дазваляючы машыне развіваць хуткасць больш за 200 км на гадзіну?..

Напэўна, на гэтае пытанне мы не знойдзем адказу, аднак пры нагодзе ўспаміну святога Крыштафа можам крыху паразважаць пра паспешлівасць на дарогах.

Народная прымаўка «цішэй едзеш — далей будзеш» датычыцца не новых дасягненняў у галіне аўтапраму, а разважлівасці кіроўцаў і ўсіх, хто карыстаецца сродкамі транспарту.

Пры гэтым статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў вельмі сумная, і ў іх, на жаль, трапляюць таксама аўтамабілісты з ружанцам на люстэрку або з выяваю святога Крыштафа на ключах. Нездарма з 2005 года па рашэнні ААН у трэцюю нядзелю лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Дзень памяці ахвяраў ДТЗ, калі мы молімся за тых, хто загінуў на дарогах.

Ілюстрацыйнае фота: Shutterstock

Дарагія вернікі, усе мы павінны правільна аднесціся да абраду благаслаўлення транспартных сродкаў і тых, хто імі кіруе, у дзень святога Крыштафа. Не сама выява святога і не асвячоная вада абараняе ад паспешлівасці і дапамагае быць больш уважлівымі і разважлівымі на дарозе.

Кожны, хто просіць аб благаслаўленні машыны і для сябе, павінен памятаць, што гэты абрад нагадвае пра адказнасць за бяспечнае кіраванне транспартным сродкам і пра неабходнасць няўхільна выконваць правілы дарожнага руху.

Ілюстрацыйнае фота: Аleteia.org

Не абмежавальныя знакі і радары «перашкаджаюць» нам кудысьці своечасова паспець, а наша няўменне распараджацца часам. Калі хачу не спазніцца — пастараюся выехаць загадзя, каб не рызыкаваць на дарозе жыццём сваім і іншых людзей, перавышаючы дазволеную хуткасць.

Як жа дзейнічае благаслаўленне ў дзень святога Крыштафа?

Прымаючы яго, распачынаючы падарожжа малітвай ці, прынамсі, знакам крыжа, мы перадусім павінны ўсвядоміць, што з ласкай Божай трэба супрацоўнічаць.

Бог адорвае нас сваёю ласкаю і дабрадзействамі, дае нам сілы, аднак пры гэтым чакае ў адказ супрацоўніцтва з нашага боку. Мы супрацоўнічаем з Божай ласкай, калі захоўваем вернасць Божаму закону і чалавечым законам — правілам дарожнага руху.

Ілюстрацыйнае фота: Bill Alkofer, Orange County Register / SCNG

Мае дарагія маладыя сябры, якія так спяшаецеся хутчэй сесці за руль аўтамабіля ці матыцыкла, прашу вас: не спяшайцеся! Перад тым, як «асядлаць» хуткі матацыкл з магутным рухавіком, парайцеся з разважлівым кіроўцам са стажам: паверце — усе былі маладымі.

Не лётайце навыперадкі з ветрам, не дадавайце сівых валасоў сваім бацькам!

Давайце іншым добры прыклад разважлівасці, бо, хоць людзі кажуць, што «маладосць мае свае правы», але толькі не за рулём! Калі «хочацца адрэналіну» — не варта рызыкаваць сваім і чужым жыццём: сучасная аўдыётэхніка і кап’ютарныя гульні даюць гэта адчуць без асаблівай рызыкі. Цаніце сваё жыццё і жыццё іншых, бо гэта — найкаштоўнейшы Божы дар. І прашу: памятайце пра малітву кіроўцы, нават калі за рулём гэтым разам хтосьці іншы.

З благаслаўленнем на дарозе,

біскуп Юзаф

Малітва кіроўцы

Святы Крыштаф. Фрагмент. Мастак Геранім Босх

Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе.

Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва тых, каму Ты даў жыццё.

Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною.

Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці.

Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі.

Амэн.

Ілюстрацыйная выява: Сonsignmenter.co.uk

Абноўлена 24.07.2021 14:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа