Пошук

20.04.2015 13:15  

Сёння мы працягваем гаворку аб кардыналах Святога Рымскага Касцёла. Раней мы паразважалі аб розных ступенях кардынальскай годнасці, аб тым, хто можа стаць кардыналам.

Мы ўжо казалі, што сярод кардыналаў існуе кардынал-дэкан, які з’яўляецца старшынёй Калегіі кардыналаў. Існуе таксама продэкан, які ў выпадку перашкоды замяшчае дэкана. Дэкан і продэкан не маюць ніякай улады кіравання ў адносінах да іншых кардыналаў, але з’яўляюцца толькі першымі сярод роўных. Выбар дэкана і продэкана Калегіі кардыналаў ажыццяўляюць кардыналы-біскупы, але ў выбарах не ўдзельнічаюць кардыналы-біскупы, якія з’яўляюцца Патрыярхамі Усходніх Касцёлаў. Здзейснены выбар заўсёды павінен зацвердзіць Святы Айцец. Менавіта дэкан Калегіі кардыналаў удзяляе біскупскае пасвячэнне новаабранаму Пантыфіку, калі той яшчэ не з’яўляецца біскупам. Калі па нейкіх прычынах дэкан не можа гэтага зрабіць, гэтае права пераходзіць на продэкана, а калі і ён мае перашкоду, то на найстарэйшага кардынала-біскупа. Таксама ў выпадку смерці Папы кардынал-дэкан інфармуе аб гэтым іншых кардыналаў і дыпламатычны корпус пры Апостальскім Пасадзе.

Таксама мы гаварылі аб тым, што адным з заданняў кардыналаў з’яўляецца дапамога Рымскаму Біскупу ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам. Такую калегіяльную дапамогу яны ажыццяўляюць падчас кансісторыя – сустрэчы кардыналаў з Біскупам Рыма. 353-і канон Кодэкса гаворыць аб двух відах кансісторыя – звычайны, на які збіраюцца па меншай меры кардыналы, якія знаходзяцца ў Рыме, і надзвычайны, на які збіраюцца ўсе кардыналы і ў час трывання якога прымаюцца асабліва важныя рашэнні адносна жыцця Касцёла.

Але кардыналы дапамагаюць Рымскаму Пантыфіку ў кіраванні Касцёлам не толькі калегіяльна падчас кансісторыя, але таксама індывідуальна праз розныя служэнні. Таму 356-ы канон Кодэкса ўстанаўлівае норму, згодна з якой кардыналы, якія займаюць якую-небудзь пасаду ў Рымскай Курыі і не з’яўляюцца дыяцэзіяльнымі біскупамі, павінны жыць у Рыме, а кардыналы, якія кіруюць якой-небудзь дыяцэзіяй у якасці дыяцэзіяльнага біскупа, павінны прыбыць у Рым заўсёды, калі іх пакліча Біскуп Рыма.

Кардыналам, якія ўзначальваюць ведамствы і іншыя пастаянныя ўстановы Рымскай Курыі і Ватыкана, якім спаўняецца семдзесят пяць гадоў, прапаноўваецца падаць прашэнне аб адстаўцы Рымскаму Пантыфіку, які, разгледзеўшы ўсе абставіны, прымае сваё рашэнне.

Кардыналы, якія жывуць па-за Рымам і па-за сваёй дыяцэзіяй, у тым, што датычыць іх асобы, выключаюцца з улады кіравання біскупа той дыяцэзіі, у якой яны жывуць. Таксама кардыналы маюць шматлікія іншыя прывілеі, сярод якіх, напрыклад, тая, што яны могуць быць асуджаныя толькі Рымскім Біскупам ва ўсіх відах спраў.

Калі Апостальскі Пасад аказваецца вакантным, Калегія кардыналаў карыстаецца ў Касцёле толькі той уладай, якую ёй надае Апостальская канстытуцыя Universi Dominici gregis. У гэты час Калегія кардыналаў ажыццяўляе пэўную ўладу толькі з мэтай хуткага вырашэння звычайных спраў або спраў, якія не могуць быць адкладзены. Падчас вакантнасці Апостальскага Пасаду адбываюцца агульныя і партыкулярныя кангрэгацыі кардыналаў. У агульных кангрэгацыях павінны ўдзельнічаць усе кардыналы, а ў склад партыкулярнай кангрэгацыі ўваходзяць кардынал-камерлінг Святога Рымскага Касцёла і па аднаму з кардыналаў кожнай ступені, выбраных сярод прыбыўшых у Рым кардыналаў, кампетэнцыі гэтай тройкі кардыналаў заканчваюцца праз тры дні, пасля чаго выбіраюцца іншыя. Менавіта партыкулярная кангрэгацыя вырашае бягучыя справы Касцёла.

Таксама калі Апостальскі Пасад аказваецца вакантным, усе старшыні кангрэгацый і іншых устаноў Рымскай Курыі перастаюць выконваць свае абавязкі за выключэннем Кардынала Камерлінга, Пэнітэнцыярыя, генеральнага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі, кардынала-архідыякана ватыканскай базылікі і генеральнага вікарыя Дзяржавы Ватыкан. Наогул, усё, што павінна адбывацца падчас вакантнасці Апостальскага Пасаду, таксама правы і абавязкі кардыналаў у гэты асаблівы для Касцёла час, вельмі дакладна прапісаны ў апостальскай канстытуцыі «Universi Dominici gregis».

Кс. Дзмітрый Пухальскі


Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.