Прапануем урыўкі з інтэрв’ю спецыяліста ў галіне касцёльнага і дзяржаўнага права Рэспублікі Беларусь ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, якое правазнаўца даў газеце Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця».
«Слова жыцця»:
— Для свецкіх вернікаў прадугледжана даволі шырокае поле дзейнасці ў кіраванні касцёльнымі справамі, напрыклад, у жыцці парафіі. Існуюць агульны сход, парафіяльная рада, старшыня парафіяльнай рады, рэвізійная камісія. Ці маглі б вы даць кароткую характарыстыку кожнаму з гэтых органаў?
Кс. Андрэй Зноска:
— Сваё выступленне на нядаўнім сімпозіуме ў Гродне на тэму апостальства свецкіх я прысвяціў удзелу свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла ў Беларусі, і адразу ж прапанаваў змяніць тэму на ўдзел свецкіх у кіраванні Касцёлам. Хутка высветлілася, што гэта зусім не тое самае, і калі жыццё Касцёла — гэта і ёсць жыццё свецкіх вернікаў, якія складаюць абсалютную большасць у Касцёле, то кіраванне Касцёлам — гэта функцыя, якую выконваюць тыя, хто мае на гэта адпаведнае права. Як вядома, дзейнасць Касцёла ў Беларусі рэгулюецца нормамі як уласнага, кананічнага, так і дзяржаўнага права.
Калі гаварыць пра кананічнае права, то свецкія вернікі маюць апасродкаваны ўдзел ў кіраванні Касцёлам.
У Кодэксе кананічнага права гаворыцца, што «вернікі павінны выконваць з хрысціянскай паслухмянасцю тое, што святыя пастыры, якія прадстаўляюць Хрыста, пастанаўляюць як тыя, хто кіруе Касцёлам». Наступныя параграфы змяшчаюць такую норму: «вернікі маюць поўнае права прадстаўляць пастырам Касцёла свае патрэбы і пажаданні, а таксама выказваць святым пастырам сваё меркаванне аб тым, што адносіцца да дабра Касцёла».
Такім чынам, вярхоўны заканадаўца прадугледжвае ў Касцёле ўнікальную сістэму адносін кіравання, у якой пастыры Касцёла і вернікі маюць камплементарны абавязак слухаць і чуць адны другіх.
Органы кіравання, пералічаныя ў пытанні, не маюць адпаведнікаў у касцёльным праве і прадугледжаны толькі ва ўласных статутах, якія мае кожная парафія ў Беларусі.
Гэтыя статуты былі распрацаваныя ў 2002–2003 годзе з мэтай дзяржаўнай рэгістрацыі парафій у якасці юрыдычных асоб. Абшар дзейнасці гэтых органаў выключна гаспадарчы: каб падпісаць рахунак за камунальныя выдаткі, патрэбны старшыня парафіяльнай рады, каб прыняць пэўныя гаспадарчыя рашэнні, існуе парафіяльная рада, кантроль ажыццяўляецца рэвізійнай камісіяй. З мэтай правядзення выбараў у гэтыя органы час ад часу павінны праводзіцца агульныя сходы парафіянаў. Агульны сход — гэта не ўсе ахрышчаныя вернікі, колькасць і склад якіх ведае толькі пробашч, а група каля 20 вернікаў, асабістыя дадзеныя якіх унесены ў адмысловы спіс.
<…>
— Згодна з Кодэксам кананічнага права, пастырам парафіі і яе кіраўніком з’яўляецца пробашч. Аднак статуты парафіі ўказваюць на старшыню парафіяльнай рады як на таго, хто кіруе парафіяй. Як быць, каб захаваць патрабаванні касцёльнага права і не парушаць свецкага?
Будзе вельмі недарэчна і ганебна, калі пробашч і старшыня парафіяльнай рады пачнуць супернічаць у ажыццяўленні ўлады.
Зразумела, што Касцёл кіруецца перадусім уласным кананічным правам, і ў адпаведнасці з ім менавіта пробашч з’яўляецца аднаасобным органам кіравання і «ўласным пастырам даручанай яму парафіі, які ажыццяўляе пастырскую апеку над даверанай яму супольнасцю, каб выконваць для гэтай супольнасці заданне навучання, асвячэння і кіравання». Мяркую, што нішто не перашкаджае, каб асоба, якая ў адпаведнасці са статутамі парафіі з’яўляецца старшынёй парафіяльнай рады, у касцёльным прававым полі уваходзіла ў склад Рады па эканамічных пытаннях і дзейнічала ў адзінстве і згодзе з пробашчам на карысць парафіі.
— Ці робіцца штосьці, каб ужо на этапе падрыхтоўкі будучых святароў у семінарыі парафіяльныя рады ўспрымаліся як штосьці неабходнае? Якім чынам у семінарыі даюць зразумець, што супрацоўніцтва са свецкімі — гэта тое, у што важна інвеставаць час і сілы?
— Семінарысты вывучаюць як кананічнае права, так і асновы беларускага заканадаўства. Таму як выкладчык гэтых дысцыплін спадзяюся, што яны будуць дакладна разумець тое, што Касцёл на зямлі — гэта супольнасць, якая мае таксама і людское вымярэнне.
Мяркую, што ў праграму падрыхтоўкі святароў варта было б уключыць курсы мэнаджмэнту, вучыць будучых кіраўнікоў парафій правільнаму размеркаванню паўнамоцтваў і выкарыстанню рэсурсаў. З іншага боку, многае прыходзіць толькі з досведам рэальнай працы, калі кожны дзень сутыкаешся з заданнямі, для выканання якіх не трэба абавязкова быць святаром, а проста мець жаданне і ўменне.
Ксёндз, які не навучыцца супрацоўнічаць і будзе лічыць, што ён «і жнец, і швец, і на дудзе ігрэц», вельмі хутка можа сутыкнуцца з унутраным выгараннем. І яшчэ важна вучыць будучых святароў таму, аб чым часта нагадвае Папа Францішак: адносіны паміж людзьмі будуюцца на простых словах: «калі ласка», «дзякуй», «прабачце».
— Ці варта, на вашу думку, вынесці на ўзровень Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пытанне прызначэння адказнага за развіццё парафіяльных радаў у Касцёле ў Беларусі?
— Сапраўды, нашы іерархі вельмі зацікаўленыя ў развіцці розных інстытутаў, якія маюць сваёй мэтай ажыўленне парафіяльнага жыцця. Гэта і розныя супольнасці і рухі, якія развіваюць акрэсленыя кірункі духоўнасці, і, безумоўна, кансультацыйныя органы, якія павінны быць абшарам узаемнага слухання і пазнавання духоўных і свецкіх асоб.
Хачу падзяліцца пэўным інсайдам, што напрыканцы лістапада гэтага года плануецца правядзенне першага Усебеларускага форуму касцёльнага права, на якім, між іншым, будзе наладжана супрацоўніцтва паміж беларускімі дыяцэзіямі ў прававых пытаннях.
Спадзяюся, што апрача супрацоўніцтва паміж касцёльнымі судамі і дыяцэзіяльнымі курыямі, гэта будзе выдатная магчымасць падзяліцца адно з адным таксама існуючымі напрацоўкамі ў кірунку арганізацыі супрацоўніцтва са свецкімі вернікамі ў форме акрэсленых інстытутаў.
Поўны тэкст інтэрв’ю з ксяндзом канонікам Андрэем Зноскам, у якім святар дае цікавыі і змястоўныя адказы на іншыя актуальныя пытанні, можна будзе прачытаць у адным з бліжэйшых нумароў газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця».