Сёлета праграме «Хрысціянства і літаратура» на Ватыканскім радыё спаўняецца 10 гадоў. З гэтай нагоды вядучы перадачы грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот падзяліўся сваім жыццём і творчасцю з чытачамі Catholic.by.
Кніга, якая вядзе да Бога, уласны шлях да веры, «закуліссе» працы над праграмай і літаратурныя рэкамендацыі — усё гэта ёсць ў інтэрв’ю з вядучым перадачы «Хрысціянства і літаратура» на Ватыканскім радыё, грэка-каталіцкім святаром Андрэем Кратом. Поўны тэкст інтэрв’ю, якое святар даў журналістцы Catholic.by Аляксандры Шпілеўскай, будзе апублікаваны ў адным з бліжэйшых нумароў часопіса «Наша вера».
Жыццё і вера
— Распавядзіце, калі ласка, адкуль вы паходзіце і як праходзіла ваша дзяцінства.
— Я паходжу з горада Івацэвічы, Брэсцкай вобласці. Сям’я мая, можна сказаць, была зусім нерэлігійная. Тата лічыўся праваслаўным, яго калісьці ў дзяцінстве пахрысцілі, а мама была неахрышчаная нават да таго часу, пакуль я не пачаў хадзіць у Грэка-Каталіцкую Царкву і не пазнаёміў яе са святаром, які яе потым ахрысціў.
Я атрымаў хрост у праваслаўнай царкве, але потым, ужо ў студэнцкім ўзросце, даведаўся, што ў маёй вёсцы з 1926 па 1940 год была грэка-каталіцкая парафія.
У тыя часы было адраджэнне Уніяцкай Царквы ў Заходняй Беларусі.
— І вашы продкі былі вернікамі той парафіі?
— Там усе былі парафіянамі, таму што адна была царква ў вёсцы, а вёска была далёка ад дарог. Хоць мясцовыя старажылы потым казалі так, што быў у іх Пачопка (айцец Баляслаў Пачопка — рэд.), і быў ён уніятам, але пра сябе яны не казалі, што яны ўніяты. Але ўсе хадзілі ў гэтую царкву, таінствы там прымалі. Думаю, што і мае продкі таксама.
— Значыць адбылося такое вяртанне да каранёў?
— Так, думаю, што гэта дзякуючы малітвам айца Баляслава Пачопкі я і стаў грэка-каталіцкім святаром. Можа, дзесьці на Небе ён маліўся за нашчадкаў сваіх парафіянаў і вымаліў мяне.
— Як вы прыйшлі да веры?
— Я чытаў усялякую рэлігійную літаратуру розных канфесій, якая мне траплялася. Але найбольшы ўплыў на мяне аказалі, канечне, Біблія, а потым — часопіс «Унія», № 2, які я купіў у кіёску «Белсаюздруку» у родных Івацэвічах.
— Ці былі ў вас якія-небудзь яскравыя моманты, якія прывялі да навяртання?
— Гэта было неяк натуральна. Я не скажу, што быў нейкі такі пераломны для мяне момант. Не было такога, каб я лічыў сябе неверуючым, а потым паверыў.
Канечне, нашмат пазней, калі я ўжо лічыў сябе хрысціянінам, шмат ведаў, адбыўся такі момант, які называюць навяртанне.
Гэта было ў 1994 годзе, калі была першая грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебска ў Полацк ў гонар полацкіх мучанікаў. Там я пабачыў такіх «жывых» хрысціянаў, моладзь, жывую атмасферу, тады і адбыўся пералом.
Да гэтага мая вера была інтэлектуальнай, а пасля пілігрымкі яна стала жывой. Потым былі розныя моманты крызісаў і адыходаў, але я заўсёды памятаў пра гэты момант і да яго вяртаўся.
— Вы памятаеце, як упершыню звярнуліся да Бога ў думках?
— Не, не памятаю. Бо я маліўся да гэтага часу. Маліўся шмат. Я вывучыў малітвы на царкоўна-славянскай мове. Я маліўся і сваімі словамі. Але не адчуваў такой «жывасці». Малітва ў гэты момант майго ўнутраннага навяртання была чымсьці нармальным, я падтрымліваў кантакт з Богам, Ружанец ведаў. На той момант у мяне ўжо прайшла асабістая «трэцяя літургічная рэформа» — я перайшоў з царкоўна-славянскай на беларускую мову, знайшоў пераклады і вывучыў малітвы.
— Дзе вы цяпер служыце?
— Я служу ў Гродне і даязджаю ў Ліду.
Праграма на Ватыканскім радыё
— Перадача «Хрысціянства і літаратура» выходзіць ужо дзесяць гадоў. Можаце распавесці пра яе як аўтар?
— Калі я пачаў рабіць гэтую праграму, мне проста было цікава чытаць беларускую літаратуру. Я не думаў, што ўсё так зацягнецца. Паколькі Ватыканскае радыё — каталіцкае, то мне хацелася паказаць хрысціянскія моманты ў нашай літаратуры. Я заўважыў, што, калі не хрысціянскіх, то рэлігійных момантаў у нашых кнігах шмат.
Я бы падзяліў беларускую літаратуру на дзве часткі: рэлігійная і антырэлігійная. Другая частка для мяне таксама вельмі цікавая, бо я магу як тэолаг гэта пракаментаваць.
Хачу падкрэсліць, што я не літаратуразнаўца, не філолаг. Для мяне галоўнае прачытаць тэкст, заўважыць рэлігійныя моманты і іх пракаментаваць для маіх слухачоў.
— Якую адукацыю вы атрымалі?
— Я скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны, потым скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Драгічыне, а таксама вучыўся на Папскім тэалагічным факультэце ў Варшаве.
— І вы не стаміліся?
— Не. Я неяк ужо так уцягнуўся. У мяне ўжо пэўная тэхналогія распрацаваная. І мне хочацца прачытаць усю беларускую літаратуру, але да смерці я не паспею.
— Ці быў у вас дзесяць гадоў таму які-небудзь план?
— Так, быў план. Я распачынаў ад Кірылы Тураўскага. Я думаў, што хутка прайду тых старажытных пісьменнікаў і дайду да Купалы, Коласа і далей, далей. Але дзесьці на Змітраку Бядуле ў мяне ўсё зацягнулася. Цяпер я не спяшаюся. Першыя гады я імкнуўся аператыўна раскрыць творчасць пісьменніка за 5–10 перадач. Цяпер мне хочацца больш дакладна прачытаць творчасць, больш глыбока зазірнуць у хрысціянскія ці нехрысціянскія моманты. Таму цяпер у мяне да чатырох пісьменнікаў на год максімум.
— А як вы рыхтуеце матэрыял для праграмы?
— Спачатку я чытаю твор альбо некалькі твораў. На спецыяльнай закладцы пазначаю, на якіх старонках закраналіся рэлігійныя моманты: дзе было пра Бога, малітву, храмы і г.д. Потым я праглядаю свае нататкі, умоўна групую іх па тэмах і пішу тэкст. Прачытваю некалькі разоў. Пакідаю пазнакі, потым нешта не падабаецца — раблю праўкі. Потым усё начытваю і наразаю праз спецыяльную праграму. Выдаляю лішнія гукі. Перазапісваю, калі ёсць памылкі. Потым гэты больш-менш апрацаваны матэрыял адпраўляю на Ватыканскае радыё, а яны там з выкарыстаннем сваіх праграм працуюць далей.
Літаратура і духоўнае развіццё
— Ці былі ў вашым жыцці якія-небудзь кнігі, якія вы запомнілі надоўга?
— Так, у юнацкія гады прачынаў «Таямнічы востраў» Жуля Верна. Магчыма, гэта быў трэці клас школы, мне было дзесьці гадоў дзесяць. Гэта кніга заразіла мяне чытаннем. Да гэтага я нешта чытаў, але не было такой звычкі. Пасля гэтага ў мяне заўсёды была якая-небудзь кніга, якая б ляжала на стале або на канапе, і я яе чытаў.
— Вы ўжо добра азнаёміліся з беларускай літаратурай. Якія прыметнікі падыходзяць для яе апісання? Якая яна: сумная, вясёлая?
— Яна жыццёвая. Ты чытаеш пра камуністаў 20-х, і думаеш, што сто гадоў таму былі іншыя людзі. Не-а. Ты я ж самыя. Ты я ж самые перажыванні, пачуцці, праблемы.
Ёсць частка літаратуры, асабліва савецкага перыяду, якая пісалася на замову. Для мяне Міхась Зарэцкі стаў яскравым прыкладам. Тыя, хто ў 20-я гады будавалі камунізм, сацыялізм, усё роўна жылі тымі ж самымі пачуццямі і з тымі ж праблемамі, што і мы сёння.
Таму для мяне «жыццёвая» — гэта галоўны прыметнік для беларуская літаратуры.
— Якія тры кнігі з беларускай літаратуры вы рэкамендуеце?
— Прачытаць беларусу трэба ўсё, альбо, прынамсі, тое, што ў школьнай праграме. Але ёсць кнігі, якія я адкрыў альбо пераадкрыў для сябе, рыхтуючыся да перадач.
Канечне, гэта паэма «Новая зямля» Якуба Коласа. Потым аповесць «Хлапец» айца Язэпа Германовіча пад псеўданімам Вінцук Адважны. У трэцюю-чацвёртую чаргу, Якуб Колас «Казкі жыцця» і Ядвігін Ш. «Апавяданні». Паводле мяне, яны сугучныя: кароткія філасофскія прыпавесці, часта вельмі блізкія да хрысціянства.
— Якія кнігі, напрыклад, могуць дапамагчы знайсці шлях да Бога?
— Магу падказаць кнігу айца Віктара Данілава «Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы». Айцец Віктар — мой папярэднік. Першы парах (пробашч — рэд.) адроджанай грэка-каталіцкай парафіі ў Гродне. Ён працаваў тут з 1990-х гадоў да 2005 года. Быў вязнем сталінскіх лагераў, там прыйшоў да веры, да Бога, у Савецкім Саюзе падпольна служыў святаром. Ён у кнізе гэта апісвае.
— Можа, вы штосьці зможаце таксама парэкамендаваць на Вялікі пост?
— Трэба чытаць сур’ёзную літаратуру. Я па сабе гляджу, што калі б не было такого стымула, як перадача на радыё, то я, напэўна, чытаў бы мала.
Больш глядзіш навіны ў інтэрнэце, гэта забірае шмат часу, не патрабуе шмат высілкаў, а часу на чытанне літаратуры ўжо не застаецца.
Таму будзе добрай пастановай узяць сабе на Вялікі пост якую-небудзь добрую кніжку, духоўную ці свецкую, але не бульварны раман. Гэта будзе добра для развіцця.