Пошук


Постаці Францішка Скарыны і яго духоўнай спадчыне была прысвечана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Францішак Скарына і яго духоўная спадчына ўчора і сёння», якая прайшла 23 чэрвеня ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. 

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Біблійнае таварыства ў Беларусі.

Канферэнцыя мела інтэрдысцыплінарны і міжканфесійны характар. У яе працы прынялі ўдзел прадстаўнікі розных канфесій, а таксама даследчыкі свецкіх адукацыйных устаноў з Італіі, Польшчы і Беларусі.

«Чытаць і разумець Божае слова на роднай мове — гэта той глыток крынічнай вады для душы нашага народа, сасмяглай за доўгія гады атэістычнай ідэалогіі мінулага стагоддзя, які сёння павінен даць нам натхненне для духоўнага адраджэння», — адзначыў у прамове на адкрыццё канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Іерарх нагадаў, што сёння, як і 500 гадоў таму, пытанне перакладу Бібліі на беларускую мову застаецца актуальным, падкрэсліўшы, што гэта «ўмова не толькі ўнутрыкасцёльнага жыцця, але таксама духоўнага і культурнага развіцця нашага народа».

У сваю чаргу Анатоль Дулаў, загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава, адзначыў, што постаць Скарыны роўная тытанам Адраджэння, а многія яго дзеянні апярэджвалі свой час.

Ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, прадстаўнік грамадзянскага Камітэта вывучэння спадчыны Францішка Скарыны, распавёў прысутным пра існаванне праграмы пад назвай «Бог, Біблія, Бацькаўшчына Францішка Скарыны» з мэтай ушанавання памяці і папулярызацыі дзейнасці нашага славутага земляка. Гэта пошук магілы Францішка Скарыны, усталяванне юбілейнага знаку на сцяне Чырвонага касцёла, а таксама зварот да беларускіх біскупаў аб распачацці інфармацыйнага працэсу беатыфікацыі Францішка Скарыны.  

Вялікую цікавасць прысутных выклікаў даклад Сяргея Верамеева, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, які разгледзеў пытанне канфесійнай прыналежнасці Францішка Скарыны ў беларускай гістарыяграфіі ХХ — пачатку ХХІ стст. Даследчык звярнуў увагу, што ў савецкі час увага акцэнтавалася на гуманістычнай скіраванасці першадрукара, а вось пытанне яго канфесійнай прыналежнасці замоўчвалася. На сёння існуе мноства розных меркаванняў — кожны даследчык прыпісвае Скарыну тую канфесійную прыналежнасць, якой ён прытрымліваецца сам,  прыводзячы на карысць сваёй гіпотэзы шэраг аргументаў. Аднак на сёння не ўяўляецца магчымым дакладна выявіць канфесійную прыналежнасць Скарыны.

Біяграфіі Францішка Скарыны прысвяціў свой даклад даследчык Алесь Жлутка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Гэтую тэму працягнуў у сваім дакладзе і Анатоль Дулаў.

Трансфармацыі вобразу ў гістарычнай навуцы быў прысвечаны даклад Антонія Бокуна, пастара Царквы Хрысціянаў Веры Евангельскай з Мінска. Антоні Бокун распавёў, якім чынам разглядалася постаць Скарыны, і на якіх аспектах яго дзейнасці акцэнтавалася ўвага ў той ці іншы час. Так, у савецкія часы акцэнт рабілі на вобразе Скарыны як першадрукара, а не перакладчыка Бібліі. Мянялася і меркаванне адносна мовы перакладаў Бібліі Скарыны.

Пытанням еўрапейскай біблеістыкі ў часы Францішка Скарыны, а таксама разгляду дзейнасці Скарыны як біблеіста былі прысвечаны даклады протаіерэя Аляксея Васіна, дацэнта Мінскай Духоўнай Акадэміі, і Аляксандра Наумава, прафесара Універсітэта Ca’ Foscari ў Венецыі. Даследчыкі не змаглі прысутнічаць на канферэнцыі, але іх даклады былі прачытаны.  

Разгляду  гісторыі, зместу і аўтарскага ўнёску Малой падарожнай кніжкі Францішка Скарыны прысвяціў свой даклад а. Андрэй Крот, дактарант Экуменічнага інстытута Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта. Святар нагадаў, што айцец Аляксандр Надсан назваў гэтую кнігу «першым акафістнікам». Разглядаючы змест акафістаў, даследчык звярнуў увагу на спалучэнне ў іх усходніх традыцый з рыма-каталіцкай эклезіялогіяй.

Гісторыю беларускіх перакладаў Бібліі разгледзеў кс. Сяргей Сурыновіч, дактарант Біблеістыкі Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве. Даследчык звярнуў увагу на той факт, што першую кнігу Скарына надрукаваў 6 жніўня — у свята Перамянення Пана. Разглядаючы пытанне перакладаў Бібліі, святар звярнуў увагу на маладаследаваны рукапісны Codex Vilnensis, датаваны канцом ХV стагоддзя, які паходзіць з Супрасля. Зараз рукапіс захоўваецца ў Вільні. Менавіта ён з’яўляецца першым перакладам кніг Старога Запавету на старабеларускую мову. Скарына ж з’яўляецца не толькі перакладчыкам, але і друкаром сваіх перакладаў. Кажучы аб перакладах кніг Святога Пісання, ксёндз Сурыновіч звярнуў увагу на імя Аўгусты Разэнберг, жанчыны, якая ў ХХ стагоддзі першай пераклала Псалтыр на беларускую мову.

Напрыканцы быў зачытаны даклад Вальдэмара Карпука, архіварыуса Archivum Generale Marianorum у Рыме, «Італьянскае сведчанне біскупа Чэслава Сіповіча пра Францішка Скарыну».

Праблемы абвяшчэння Божага слова кожнаму чалавеку і папулярызацыі Бібліі былі абмеркаваны падчас круглага стала «Ісці шляхам Францішка Скарыны сёння». Ігар Міхайлаў, прадстаўнік Біблійнага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, распавёў аб асноўных накірунках дзейнасці гэтага таварыства. Аб праграме папулярызацыі Бібліі сярод моладзі распавёў а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС — гэта прылажэнне для смартфоанў «Малітоўнік», дзе на працягу гэтага  года друкуюцца разважанні да біблійных чытанняў на кожны дзень. На сёння — гэта плён разважанняў святароў з шасці краін, але пакрысе да іх далучаюцца і іншыя. Пра аб’яднаўчую місію постаці Францішка Скарыны  для беларусаў Прагі распавёў а. Андрэй Абламейка, які некалькі гадоў узначальваў Беларускае грэка-каталіцкае душпастырства ў гэтым горадзе. Кацярына Лаўрыненка, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П.М. Машэрава, распавяла пра духоўны подзвіг простага верніка Рамуальда Ліпчыка, які, жадаючы мець і чытаць Біблію, у савецкі час на працягу паўгода перапісваў ад рукі Кнігі Новага Запавету.

Падчас канферэнцыі дзейнічала мабільная выстаўка прадукцыі Біблійнага Таварыства. Прысутныя на канферэнцыі адзначылі высокі ўзровень дакладаў, што прагучалі ў часе канферэнцыі. Адзін з арганізатараў канферэнцыі, пробашч грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску, протапрэсвітэр Зміцер Грышан падкрэсліў, што падчас падрыхтоўкі і правядзення канферэнцыі «постаць Скарыны аб’яднала прадстаўнікоў многіх канфесій, што дало магчымасць не толькі для папулярызацыі дзейнасці».

Па матэрыялах канферэнцыі плануецца выданне зборніка дакладаў.

(cath/kl)
Фота Кацярыны Лаўрыненка

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 06.03.2018 11:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця