У чарговы раз ціхая і нетаропкая зазвычай Росіца «ажыла» 12 мая, калі сюды, на ўскраіну краіны, сабраліся шматлікія пілігрымы, каб памаліцца за сем’і Беларусі, просячы для іх патрэбныя ласкі праз заступніцтва благаслаўлёных росіцкіх мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.
Многія пілігрымы прыехалі сюды цэлымі сем’ямі, каб разам з дзецьмі правесці гэты сонечны дзень, а некаторыя сужэнцы вырашылі прысвяціць гэты час выключна адно аднаму.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Сваю гамілію іерарх прысвяціў сям’і. Адзначыўшы, што Росіца прываблівае сваёй прыгажосцю, біскуп нагадаў пра важнасць прыгажосці ў сям’і: не толькі прыгажосці дамоў, побыту, але перадусім прыгажосці адносінаў.
«Сям’я — гэта духоўная сувязь людзей», — падкрэсліў ён.
Росіца стала месцам ахвярнай любові — любові ажно да канца. А любоў — гэта той трывалы падмурак, на якім, паводле Евангелля, будуецца і грунтуецца сям’я. З жалем канстатуючы слабасць сённяшніх сем’яў, іерарх звярнуў увагу на тое, што гэта перадусім вынік эгаістычнага імкнення паставіць свае інтарэсы на першае месца, вышэй за інтарэсы іншых членаў сям’і. Таму, гаворачы пра неабходнасць самаахвярнасці, біскуп адзначыў, што сям’ю трэба пачынаць «ад алтара» — месца здзяйснення збаўчай ахвяры Хрыста.
Адным з важных элементаў сямейнага шчасця з’яўляецца таксама ўменне прабачаць. Як падкрэсліў у павучэнні для сем’яў кс. Вячаслаў Пялінак, менавіта прабачэнне з’яўляецца мераю любові.
Напрыканцы адбылася малітва за сем’і, пасля чаго біскуп Віцебскі ўдзяліў благаслаўленне кожнай сям’і.
Сям’я Андрэя і Юліі Якаўлевых з Наваполацка, якія гадуюць траіх дзяцей, ужо не ўпершыню прыязджае ў Росіцу.
«Гэтым разам мы прыехалі менавіта для таго, каб памаліцца ў інтэнцыі нашай сям’і», — кажа Андрэй.
Эмілія і Вацлаў Пашкевічы з Бігосава (Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць) разам у шлюбе ўжо 62 гады, выгадавалі траіх дзяцей, цешацца ўнукамі. У Росіцу на свята сужэнцы прыехалі памаліцца аб умацаванні і святасці для іх сям’і.
На пытанне, у чым жа сакрэт доўгага і шчаслівага сужэнства, спадарыня Эмілія называе тры элементы: павагу, разуменне і прабачэнне.
Скончылася свята сем’яў пачастункам у летняй кавярні «У бусла», як жартаўліва называе гэтае месца на адкрытым паветры пробашч росіцкай парафіі а. Чэслаў Курэчка МІС.
Сем’і з дзецьмі з радасцю бавілі час на паветры, любуючыся веснавым хараством наваколля. У гэты дзень Росіца літаральна патанала ў бела-ружовай квецені яблыняў, а навокал чырванелі шматлікія цюльпаны. Да гэтага дня пачалі расцвітаць і магноліі, рупліва гадаваныя клапатлівымі рукамі айца Чэслава.
Падчас свята Росіца была названа «святой зямлёй». Святой жа яна стала дзякуючы любові і прабачэнню, пра важнасць чаго зноў і зноў нагадвае самаахвярнае сведчанне любові ажно да канца, якое па прыкладу Езуса Хрыста далі тут благаслаўлёныя мучанікі Антоній і Юрый.