Пошук

04.11.2024 08:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У пятніцу 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбылося ўрачыстае пасвячэнне абраза ў цэнтральным алтары святыні.

З нагоды 160-годдзя з часу пабудовы касцёла на даўніх Залатагорскіх могілках, найстарэйшую каталіцкую парафію ў беларускай сталіцы, гісторыя якой бярэ пачатак з канца XIV стагоддзя, наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Увечары пры ўваходзе ў святыню арцыпастыра хлебам-соллю сустрэлі прадстаўнікі парафіі на чале з пробашчам, ксяндзом канонікам Юрыем Санько. Святар годна працягвае тое, што распачалі яго папярэднікі: першы пробашч адроджанай на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Залатагорскай парафіі святой памяці ксёндз Міхал Сапель і яго наступнік, сённяшні Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Аднаўленне святыні, цудам уратаванай ад знішчэння, але ператворанай у часы ваяўнічага атэізму ў залу камернай музыкі, распачалося яшчэ пры ксяндзу Міхале.

Гэта была даволі няпростая справа, бо яшчэ доўгі час будынак касцёла, у якім з 1991 года рэгулярна адбываліся набажэнствы, працягваў выкарыстоўвацца філармоніяй для правядзення канцэртаў, і таму вяртанне святыні сакральнага выгляду адбывалася паступова.

План новага касцёльнага інтэр’еру выканаў адзін з першых вернікаў адроджанай парафіі, вядомы скульптар Валяр’ян Янушкевіч. Менавіта ён зрабіў стацыі Крыжовага шляху, паклонны крыж з крапільніцай на ўваходзе, фігуры Маці Божай і святога Роха ў бочных алтарах, вялікі крыж з Укрыжаваным Хрыстом над цэнтральным алтаром, канфесіянал унікальнай канструкцыі з барэльефам Святой Тройцы, барэльефы Стварэння свету і Апошняга суду, а таксама дзве шыльды — з тытулам касцёла і гісторыяй парафіі, — якія размешчаны на фасадзе паабапал ад уваходу ў святыню. Акрамя таго, ён выканаў памятную пліту на сцяне святыні на месцы пахавання Магдалены Радзівіл, круглую памятную шыльду, якая нагадвае пра тое, што касцёл размешчаны на тэрыторыі даўніх Залатагорскіх могілак, і фігуру Хрыста, які благаслаўляе ўсіх, хто ідзе да святыні.

Панэль цэнтральнага алтара стала адным з найбольш складаных элементаў, які з’явіўся адным з апошніх. У ёй знаходзіцца табэрнакулюм з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, і пры гэтым яна гарманічна спалучана з арганам, які ў Залатагорскім касцёле, у адрозненне ад большасці іншых святынь, знаходзіцца не на хорах, а ў прэзбітэрыі. Унікальны інструмент, пабудаваны ў 1980-х гадах чэшскай арганабудаўнічай майстэрняй Rieger-Kloss, які належаў філармоніі, быў перададзены парафіі дзяржавай, калі ў 2006 годзе адбылося доўгачаканае канчатковае вяртанне святыні мінскім католікам.

Арган, пабудаваны менавіта для гэтага касцёла, немагчыма было без стратаў для гучання перанесці ў іншае месца, і таму ўзнікла неабходнасць у алтарнай панэлі, якая б надала прэзбітэрыю завершаны выгляд. Яе таксама спраектаваў Валяр’ян Янушкевіч.

Калі ўсе іншыя яго творы ў касцёле і на прыкасцёльным цвінтары выкананы з бронзы, каменя і дрэва, то для алтарнай панэлі ён стварыў яшчэ і жывапісны абраз, праца над якім працягвалася не адзін год.

Увесь гэты час на яго месцы над табэрнакулюмам знаходзіўся аўтарскі манахромны эскіз.

На абразе — выява Маці Божай Унебаўзятай са Святой Тройцай, і гэта невыпадкова. Калісьці Залатагорская парафія мела патройны тытул: Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Роха, і ў гістарычным цэнтральным алтары таксама знаходзіўся абраз Маці Божай. На жаль, усё, што раней знаходзілася ў касцёле, у тым ліку і той абраз, і цудадзейная фігура святога Роха, бясследна знікла ў савецкія часы.

На новым алтарным абразе ля падножжа Багародзіцы змешчана панарама старога Менска і ваколіц са святынямі розных часоў.

Гэта не дакладная гістарычная рэканструкцыя, а пэўнае дзівоснае бачанне, што адкрываецца духоўнаму позірку мастака. Тут адначасова можна ўбачыць і першую святыню на Траецкай гары, і касцёл на Залатой Горцы, а ўдалечыні відаць стромкія вежы касцёла ў старадаўнім мястэчку Ракаў, адкуль паходзіць Валяр’ян Янушкевіч.

Перад тым, як узначаліць цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, арцыбіскуп Станеўскі здзейсніў абрад пасвячэння новага алтарнага абраза.

У прамоўленай ва ўрачыстасць Усіх Святых гаміліі іерарх засяродзіўся на ўсеагульным пакліканні хрысціянаў усіх часоў да святасці, незалежна ад разнастайнасці іх заняткаў і прафесій. Ён заахвоціў прысутных у гэтай пілігрымцы да святасці падтрымліваць адносіны з Хрыстом як з найлепшым Сябрам, ведучы з Ім няспынны дыялог і ўмацоўваючы свае духоўныя сілы ў сакрамэнтах, перадусім у святой Камуніі.

Арцыбіскуп нагадаў словы Евангелля, што тых, хто, насуперак усім жыццёвым цяжкасцям, імнецца выконваць Божую волю і без нараканняў нясе свой Крыж, Езус называе благаслаўлёнымі, або шчаслівымі.

«Мы ідзем да шчасця, мы прагнем шчасця, але тое шчасце, якое не прамінае, магчымае толькі з Езусам Хрыстом», — падкрэсліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

 

Абноўлена 04.11.2024 08:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа