Пошук

13.08.2020 16:01   Паводле: TUT.BY / Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by
Павел Лашчанка. Фота: прэс-служба EY

13 жніўня кіраўнік беларускага аддзялення міжнароднай аўдытарскай кампаніі EY «Эрнст энд Янг» Павел Лашчанка выказаў сваю ўдзячнасць Праваслаўнай Царкве і Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі, а таксама звярнуўся з духоўнай просьбай да іерархаў.

Тэкст звароту беларускага бізнэсмена быў апублікавны на партале TUT.BY. Падаем словы Паўла Лашчанкі ў перакладзе на беларускую мову.

Падзяка і духоўнай просьба да Цэркваў

«Шаноўны Свяцейшы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел і каталіцкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, да вас звяртаецца студэнт 4-га курса Мінскай духоўнай семінарыі і пакорны праваслаўны вернік прыходу храма Раства Прасвятой Багародзіцы.

Паважаныя іерархі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, нам усім добра вядомыя словы Збаўцы нашага Езуса Хрыста са Святога Пісання (гл. Ян 8, 44), дзе тлумачыцца, хто бацька хлусні. Словы гэтыя, адрасаваныя фарысеям юдэям амаль 2000 гадоў таму, як ніколі актуальныя цяпер у Беларусі, калі навокал столькі інфармацыйнай хлусні, паклёпу і няпраўды.

Бацька хлусні — д’ябал. І хрысціянін — гэта чалавек, які не хлусіць.

Гэта прапісная хрысціянская ісціна. І хрысціянін не павінен спрыяць хлусні, станавіцца на шлях хлусні і пакрываць хлусню. Любую, нават «маленькую» і «для дабра», не кажучы ўжо пра «пачварную». Інакш знікае Праўда і Справядлівасць, без якіх Мір і Спакой немагчымыя ў беларускім грамадстве.

Шчыра дзякую Вам і брату ў Хрысце каталіцкаму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за звароты ад 12 жніўня і пакорна прашу Вашага благаслаўлення і малітваў для людзей, якія выбралі шлях Праўды і адмовіліся ад фальсіфікацыі і насілля, якія стаяць духам і адстойваюць Справядлівую справу.

Я буду рады, калі голас нашай Маці Царквы і братоў нашых католікаў у асобе пастыраў праваслаўных прыходаў і каталіцкіх парафій з розных населеных пунктаў Беларусі будзе ў гэтыя складаныя дні з народам і будзе штодзённа гучаць на беларускім тэлебачанні.

Неабходна спыніць насілле. Гэтаму нас вучыць прыклад святога Яна Хрысціцеля, Папярэдніка Хрыста, і подзвіг Мітрапаліта мучаніка свяціцеля Філіпа.

Таму, чытаючы словы першавярхоўных Апосталаў пра тое, што ўсялякая ўлада ад Бога і заклікаючы паству да пакоры, канечне ж, кожнаму хрысціяніну варта ведаць і памятаць словы мітрапаліта Антонія (Храпавіцкага): «Мая вернасць цару вызначаецца ягонай вернасцю Хрысту».

Дзякуй Богу, што праваслаўным і католікам не забаронена ўдзельнічаць у грамадзянскіх выбарах і такім чынам, з Божага дазволу, выказваць сваё свабоднае волевыяўленне законным і мірным шляхам без Майдана.

9 жніўня мы адкрыта прыйшлі на выбары і сумленна прагаласавалі. Мы ахрышчаныя ў Хрыста і мы свабодныя; мы ўпэўненыя, што нельга маніпуляваць людзьмі і што лідарства можа быць толькі маральным і цнатлівым. Хіба не Веру, Надзею і Любоў мы жадаем здабыць шляхам мірных і добрых пераменаў, праз афіцыйныя выбары, якія праходзяць адзін раз за 1826 дзён? Хіба не Веру, Надзею і Любоў цяпер хочуць забраць у беларусаў, якую мы на ўласныя вочы бачылі і чулі, і прагаласавалі сваім сэрцам?

Мы беларусы, і мы ведаем, што нам немагчыма развіць у сабе высокае маральнае пачуццё, калі мы не слухаемся свайго сумлення і не падпарадкоўваемся яму.

Слухаць для таго, каб слухацца, бо, калі мы не жывем так, як думаем, то будзем думаць так, як жывем, і знойдзем нагоды для апраўдання самых подлых учынкаў. Прашу вашых малітваў».

Абноўлена 24.09.2020 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця