Пошук

20.04.2015 13:08  

Калегія кардыналаў мае свае пачаткі ў біскупах суседніх з Рымскай дыяцэзій, а таксама ў святарах і дыяканах Вечнага горада, якія былі дарадчыкамі Папы.

Пачынаючы ад XII стагоддзя, да Калегіі кардыналаў пачалі далучацца члены, якія жылі па-за Рымам. У Кодэксе 1917 года кардыналы называліся Сенатам Рымскага Біскупа і галоўнымі супрацоўнікамі ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам. У цяперашнім кодэксе кардыналы маюць двайную функцыю – па-першае, выбар Папы, і па-другое, дапамога Папу ў выкананні яго функцыі паўсюднага Пастыра як калегіяльна падчас кансісторыя, так і індывідуальна падчас выканання розных функцый. Некаторыя кардыналы выконваюць функцыі прэфекта або старшыні аднаго з ведамстваў Рымскай Курыі, апрача гэтага, кожны кардынал, нават той, які не жыве ў Рыме, прызначаецца членам аднаго або некалькіх ведамстваў тэрмінам на 5 гадоў.

Калегія кардыналаў дзеліцца на тры ступені – кардыналы-біскупы, кардыналы-прэзбітэры і кардыналы-дыяканы. Папа Сікст V у 1586 годзе у Апостальскай канстытуцыі «Postquam» вызначыў, што можа быць 70 кардыналаў – 6 кардыналаў-біскупаў, 50 кардыналаў-прэзбітэраў і 14 кардыналаў-дыяканаў. Гэтая лічба была нязменнай на працягу некалькіх стагоддзяў і была зменена Папам Янам XXIII падчас кансісторыя 1960 года. Сёння Апостальская канстытуцыя «Universi Dominici gregis» акрэслівае толькі колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў (гэта значыць тых, якія яшчэ не дасягнулі васьмідзесяцігадовага ўзросту) – іх павінна быць 120.

Кардыналаў-біскупаў заўсёды шэсць. І кожны з іх мае тытулам адну з падрымскіх дыяцэзій – Осція, Альбана, Фраскаці, Палестрына, Порто і Санта Руфіна, Сабіна і Поджыо Міртэта, Веллетры. Гэтых дыяцэзій, як мы бачым, сем, але трэба памятаць, што адзін сярод кардыналаў-біскупаў з’яўляецца дэканам Калегіі кардыналаў і апрача свайго тытуту атрымоўвае тытул дыяцэзіі Осція. Таксама ступень кардыналаў-біскупаў заўсёды маюць Патрыярхі Усходніх Касцёлаў, якім была дадзена кардынальская годнасць. Але гэтыя Патрыярхі як тытул захоўюць сваю ўласную патрыярхальную сталіцу.

Дыяцэзіяльныя біскупы, якія атрымоўваюць кардынальскую годнасць, становяцца кардыналамі-прэзбітэрамі, але ў склад гэтай групы ўваходзяць таксама іншыя члены. Ступень кардынала-дыякана належыць тым кардыналам, якія не з’яўляюцца дыяцэзіяльнымі біскупамі. Першы з кардыналаў-дыяканаў, які называецца протадыяканам, аб’яўляе Божаму народу імя новаабранага Папы і накладае паліі мітрапалітам або перадае іх прадстаўнікам. Кожнаму кардыналу-прэзбітэру і кардыналу-дыякану Папа прызначае ў Рыме тытул або дыяканію. Існуе магчымасць пераходу з аднаго тытулу кардынала-прэбітэра на іншы, а таксама з адной дыяканіі на іншую, а таксама магчымасць перайсці са ступені кардынала-дыякана на ступень кардынала-прэзбітэра пасля дзесяці гадоў кардынальскага служэння. У гэтым выпадку той, хто пераходзіць на ступень кардынала-прэзбітэра, мае першынство перад тымі кардыналамі, якія былі вынесены да кардынальскай годнасці пазней за яго.

Хто ж сёння можа стаць кардыналам? 351-ы канон Кодэкса гаворыць, што кардыналаў прызначае свабодна Біскуп Рыма, выбіраючы іх сярод мужчын, якія маюць па меншай меры прэзбітэрскае пасвячэнне (з’яўляюцца святарамі), адзначаюцца добрымі норавамі, пабожнасцю, добрымі ведамі і разважлівасцю, а тыя, хто не мае біскупскага пасвячэння, павінны яго атрымаць. У ранейшым кодэксе былі выключэнні – кардыналам не маглі стаць тыя, у каго ёсць дзеці і ўнукі – гэта значыць тыя, хто прыняў святарскае пасвячэнне, будучы ўдаўцамі, а таксама тыя, хто з’яўляецца роднымі ў першай ці ў другой ступені іншага жывога кардынала.

Існуе таксама паняцце reservatio in pectore. Гэта адбываецца тады, калі Рымскі Біскуп аб’явіў аб выбары кардынала, але па нейкіх прычынах не назваў імя абранага. Прычыны гэтага могуць быць розныя, але часцей за ўсё так адбываецца тады, калі мае месца пераслед Касцёла ў пэўным месцы і кардынальская намінацыя можа прынесці яшчэ больш праблем. Такі кардынал да моманту яго абвяшчэння не мае ніякіх кардынальскіх правоў, абавязкаў і прывілеяў, ён можа пачаць імі карыстацца толькі ад моманту абвяшчэння, але дата надання кардынальскай годнасці лічыцца ад таго дня, калі Святы Айцец аб’явіў аб існаванні кардынала in pectore.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця