Пошук

03.01.2025 22:55   Catholic.by
Абраз пакланення Трох Каралёў Езусу з касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах. Фрагмент / Wikipedia

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе вернікам сваё Слова на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якое адзначаецца 6 студзеня.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Слова на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
6 студзеня 2025 года

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану, людзі добрай волі!

Урачыстасць Аб’яўлення Пана, якая традыцыйна называецца святам Трох Каралёў, — гэта адно з самых старажытных хрысціянскіх святаў. Яно моцна звязана са святкаваннем Божага Нараджэння і мае вельмі багаты духоўны змест.

У сённяшняй літургіі слова гаворыцца пра незвычайных вандроўнікаў: натхнёныя Богам, яны адправіліся ў далёкую дарогу, каб сустрэцца з Нованароджаным Валадаром і пакланіцца Яму. Кім былі гэтыя мудрацы — астраномамі, магамі ці каралямі, — мы дакладна не ведаем. Традыцыйна лічыцца, што іх было трое.

Ім давялося здзейсніць доўгае нялёгкае падарожжа, каб дабрацца да Бэтлеема. Няпроста ім было пераадолець дыстанцыю і ў рэлігійным вымярэнні: у той час, калі габрэі мелі яснае аб’яўленне Бога ў словах Святога Пісання, мудрацы мелі толькі невыразнае касмічнае аб’яўленне — зорку на Усходзе.

Аднак яны былі поўныя надзеі і не пашкадавалі сілаў, каб знайсці Нованароджанае Дзіця.

Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй гаміліі падчас урачыстасці Аб’яўлення Пана аднойчы звярнуў увагу на тое, што мудрацы як пілігрымы веры самі сталі зоркамі, што ззяюць на небасхіле гісторыі і паказваюць нам праведны шлях. Сапраўднымі Божымі «сузор’ямі», якія асвятляюць ночы гэтага свету і вядуць нас у цемры, з’яўляюцца святыя. Таксама і апостал Павел у Пасланні да Філіпянаў сказаў, што мы, хрысціяне, павінны ззяць у свеце, як светачы.

«Для Касцёла, які верыць і моліцца, шлях мудрацоў з Усходу з’яўляецца толькі пачаткам вялікага пілігрымавання, якое ідзе праз гісторыю. Таму падчас літургіі чытаецца Евангелле пра шлях мудрацоў, фрагмент з Кнігі Ісаі пра цудоўныя прарочыя візіі, а таксама спяваецца 72-гі псальм, дзе апавядаецца пра пілігрымаванне народаў у Ерузалем», — пісаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Мудрацы, якіх вяла зорка, становяцца пацвярджэннем той праўды, што ў чалавечым сэрцы схавана жаданне пазнаць Бога. Заўважым, што вандроўнікі з Усходу на сваім шляху ў Бэтлеем сустрэлі Ірада — гэта папярэджанне, што на шляху веры ёсць шмат небяспечных перашкодаў. Сваім адважным намерам знайсці Дзіцятка Езуса мудрацы нібы падбадзёрваюць нас, кажучы: «Не трэба баяцца, галоўнае, не спыняцца, ісці адважна за святлом…»

У гэтым сэнсе яны з’яўляюцца пілігрымамі надзеі, іх можна назваць своеасаблівымі апекунамі Юбілею 2025 года.

Мудрацы прынеслі Дзіцятку Езусу тры дары, якія выяўляюць патройную ідэнтычнасць Хрыста: золата яны падаравалі Яму як Каралю і Сыну Божаму; кадзіла — як святару Новага Запавету, які прынясе сябе Айцу ў ахвяру за нашыя грахі; міра — як Прароку любові, які праз уцелаўленне, смерць і ўваскрасенне адкрыў нам Бога і Яго бязмежную любоў. Гэтыя дары айцы Касцёла тлумачылі як сімвалы каралеўскай улады (золата), боскай улады (кадзіла) і цярпення за чалавецтва (міра).

Любыя браты і сёстры! Гісторыя трох мудрацоў звяртае нашую ўвагу прынамсі на чатыры фундаментальныя праўды чалавечага жыцця: яна адкрывае праўду пра Бога, пра чалавека, пра пошукі правільнага шляху ў нашай зямной пілігрымцы і пра вернасць Богу на гэтым шляху. Дапытлівасць і ўважлівасць мудрацоў сімвалічна паказвае нам, што пазнанне прыгожага створанага свету, гэтага Божага шэдэўру, можа прывесці нас не толькі да глыбокіх ведаў, але і да самога Стварыцеля. Калі мы захапляемся таленавітым творам мастацтва, то адразу заўважаем стыль аўтара, бо ў кожным шэдэўры ўкладзена пэўная аўтарская ідэя, у кожным сваім творы мастак пакідае часцінку сваёй душы і таленту. Біблія ў розных месцах таксама сведчыць пра гэта. У Пасланні да Рымлянаў святы Павел сцвярджае, што з моманту стварэння свету нябачныя «атрыбуты» Бога — Яго вечная моц і Боскасць — сталі бачнымі для нашага розуму праз справы Божыя.

Аднак мы часта не маем часу, каб заўважыць, якія цудоўныя рэчы стварыў для нас Бог. На жаль, мы жывем у пастаянным «марафоне». Таму часта здараецца, што замест таго, каб захапляцца Богам у Яго стварэннях і справах, мы захапляемся… сабою. І ў гэтым выпадку ад мудрацоў мы можам шмат чаму навучыцца. Нягледзячы на ўсю сваю мудрасць і глыбокія веды, яны паспяшаліся аддаць пашану Таму, хто большы за іх саміх.

Ад мудрацоў мы можам таксама вучыцца выбіраць правільны кірунак у жыцці.

У старажытнасці зоркі дапамагалі людзям арыентавацца ў прасторы. На працягу многіх стагоддзяў маракі выкарыстоўвалі толькі строга вызначаныя зоркі, бо ведалі, што толькі ім можна даверыць свой шлях. Так, паколькі Палярная зорка амаль не змяняе свайго месцазнаходжання, менавіта яе лічылі правільным арыенцірам; іншыя ж зоркі мяняюць сваё месцазнаходжанне на небе, бо зямля круціцца. Мудрасць евангельскіх вандроўнікаў, што імкнуліся знайсці Езуса, заключалася ў тым, што яны няўхільна ішлі за «правільнай» Зоркай.

Хоць мудрацы дасягнулі мэты свайго падарожжа, у духоўным сэнсе яно не скончылася. З гэтага моманту для іх пачаўся новы шлях, унутраная пілігрымка, якая змяніла ўсё іх жыццё. Кожны год, нараджаючыся ў сімвалічнай стаенцы, Бог запрашае нас адправіцца ў шлях веры. Заахвочваю задумацца над гэтым, асабліва ў Юбілейны год хрысціянства, калі кожны дзень мы можам атрымаць так шмат ласкаў. Што азначае гэты шлях веры? Гэта перадусім праца над сабою, імкненне да асабістага кантакту і еднасці з Езусам праз удзел у Эўхарыстыі, праз падзяку Богу падчас адарацыі. Гэта штодзённыя змаганні са сваімі слабасцямі, ахвяраванне нашага часу, нашых сілаў, нашага здароўя дзеля пакорнага служэння іншым. Гэта штодзённае змаганне са спакусамі і выпрабаваннямі, гарачае імкненне зрабіць усё, каб быць годнымі дзецьмі Божымі, каб быць пілігрымамі надзеі для іншых не толькі ў гэтым юбілейным годзе, але заўсёды.

На працягу стагоддзяў вернікі стваралі і падтрымлівалі разнастайныя цікавыя традыцыі на свята Трох Каралёў.

У касцёлах у гэты дзень благаслаўляюцца крэйда, кадзіла і вада.

Крэйдаю мы пішам на дзвярах сваіх дамоў сімвалічны надпіс: «C+M+B+дата бягучага года», што азначае Christus mansionem benedicat — «Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом». Вадою мы акрапляем дом на знак таго, што прынялі ў сваё жыццё ўцелаўлёнае Божае Слова, а прыемны водар кадзіла ўзносіцца з нашымі малітвамі да Бога.

У некаторых еўрапейскіх краінах на свята Трох Каралёў праводзяцца працэсіі, наладжваюцца карагоды і гульні, спяваюцца калядкі. І ў нашай краіне ў некаторых рэгіёнах захавалася цікавая традыцыя адзначаць гэтае свята адмысловым абрадам. Сёлета ў спіс аб’ектаў спадчыны, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, увайшоў традыцыйны абрад «Тры каралі», які католікі праводзяць у Лідскім раёне на Гродзеншчыне. Рэканструкцыю гэтага абраду калядавання здзейснілі супрацоўнікі Дома культуры ў вёсцы Ваверка на падставе этнаграфічных звестак. Мясцовыя жыхары пачалі штогод праводзіць адноўлены абрад — з гармонікам і каляднымі песнямі хадзіць па вёсцы ў вобразе трох вестуноў, якія прынеслі свае дары нованароджанаму Дзіцятку Езусу. Падобны абрад пачалі праводзіць таксама ў іншых мясцовасцях нашай краіны. Гэта таксама радуе, бо дзякуючы народным традыцыям адраджаецца зацікаўленасць вытокамі нашай хрысціянскай веры.

«Усе народы свету будуць служыць Пану» (Пс 72 (71), 11), — спяваецца ў псальме з сённяшняй літургіі.

Гэтак жа, як тры мудрацы, язычнікі, пакланіліся Езусу і прызналі ў Ім праўдзівага Бога і свайго Пана, так і ўвесь свет павінен адмовіцца ад сваіх ілжывых вераванняў і працягнуць пілігрымаванне чалавецтва за адзінаю Зоркаю — Валадаром Езусам Хрыстом, які кіруе сусветам.

Давайце ісці з Ім па жыцці, бо гэта дзеля нас Ён прыйшоў на зямлю, каб напоўніць надзеяй на шчаслівую вечнасць! Не змарнуйма гэтага дару і шанцу!

На святкаванне ўрачыстасці Аб’яўлення Пана, а таксама на глыбокае духоўнае аднаўленне ў Юбілейным 2025 годзе ўсіх вас ад шчырага сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскіўскі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця