Пошук

07.01.2021 16:28   Паводле: Vatican News

Бог варты глыбокай пашаны, бо толькі Ён задавальняе патаемнае жаданне вечнасці і жыцця, адзначыў Папа падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у гаміліі Святы Айцец разважаў над евангельскім фрагментам, у якім мудрацы, дасягнуўшы Бэтлеема, пакланіліся Дзіцяці. Па словах Папы, пакланяцца Пану нялёгка, бо для гэтага патрабуецца не спантаннасць, а духоўная сталасць. Калі чалавек не пакланяецца Богу, ён пачне пакланяцца ідалам, дадаў пастыр паўсюднага Касцёла. Сёння, адзначыў ён, хрысціяне павінны больш часу прысвячаць адарацыі і сузіранню Пана, і ў гэтым могуць дапамагчы літургічныя чытанні, а менавіта словы «ўзняць вочы», «адправіцца ў шлях» і «ўбачыць».

Першы выраз, адзначыў Пантыфік, нам прапануе прарок Ісая. Да супольнасці Ерузалема, якая нядаўна вярнулася з палону, прарок звяртаецца з моцным заклікам: «Узнімі вочы свае і паглядзі навокал» (Іс 60, 4). Гэта запрашэнне адкінуць стомленасць і скаргі, вызваліцца ад унутранай дыктатуры, патлумачыў Папа.

Па яго словах, каб пакланяцца Пану, трэба перш за ўсё звярнуць на Яго свой позірк: не рабіць з праблем і цяжкасцяў цэнтр жыцця, бо гэта нараджае ў нас страх, гнеў, смутак і дэпрэсію.

Гаворка не пра адмаўленне рэальнасці, а пра неабходнасць смелага акту даверу да Бога, які клапоціцца пра ўсіх. Хрыстус верны сваім абяцанням і ніколі нас не пакідае: Слова сталася целам, і яно знаходзіцца з намі заўсёды, кожнае імгненне, дадаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што, калі мы ўздымаем позірк да Бога, жыццёвыя праблемы нікуды не знікаюць, але Ён дорыць нам сілы супрацьстаяць ім. Такім чынам, «узняць вочы» — першы крок да ўдзячнага і радаснага праслаўлення Бога, падкрэсліў Святы Айцец.

Другім урокам, які можа нам дапамагчы, Папа назваў падарожжа. Ён нагадаў, што, перш чым пакланіцца Дзіцятку ў Бэтлееме, мудрацам прыйшлося прайсці доўгі і нялёгкі шлях. Падарожжа заўсёды пераўтварае, змяняе, узбагачае ведамі і духоўным досведам, умацоўвае волю ў пераадоленні нягод; мы не можам праслаўляць Пана, не прайшоўшы спачатку праз унутранае сталенне, якому спрыяе падарожжа, адзначыў Папа.

Чалавек у пяцьдзясят гадоў пакланяецца Богу інакш, чым у трыццаць, дадаў Папа; прымаючы Божую ласку, наш унутраны чалавек абнаўляецца дзень за днём, сэрца ачышчаецца і становіцца больш пакорным. З гэтага пункту гледжання няўдачы, крызісы, памылкі могуць стаць павучальным вопытам: нярэдка яны дапамагаюць усвядоміць, што толькі адзін Бог варты глыбокай пашаны, бо толькі Ён задавальняе патаемнае жаданне вечнасці і жыцця.

Беручы прыклад з мудрацоў, па словах Пантыфіка, мы таксама не павінны дазваляць стоме, падзенням і няўдачам збіць нас з шляху.

Жыццё — гэта не дэманстрацыя ўменняў, а шлях да Таго, хто бясконца любіць нас, падкрэсліў ён.

Трэці ўрок святочнай літургіі — гэта, паводле Папы Францішка, «убачыць». Евангеліст піша, што мудрацы, «увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму» (Мц 2, 10-11). Як адзначыў Пантыфік, яны паўтарылі жэст, прызначаны для вялікіх князёў, хоць перад іх вачыма была толькі бедная сям’я; здолелі «зазірнуць» за межы бачнага: выказалі сваё ўнутранае пакланенне, ахвяру сваіх сэрцаў, вонкава пазначыўшы яе прынесенымі дарамі. Каб пакланяцца Пану, трэба «бачыць» за заслонай бачнага, якое нярэдка аказваецца зманлівым, дадаў Папа.

Па яго словах, мудрацы валодалі «тэалагічным рэалізмам»: успрымалі рэальнасць аб'ектыўна, разумеючы, што Бог пазбягае любой параднасці.

Такі погляд, які выходзіць за межы бачнага, на думку Папы, дапамагае сузіраць Пана, часта схаванага ў простых жыццёвых сітуацыях, у пакорлівых і адкінутых людзях.

У канцы гаміліі пастыр паўсюднага Касцёла ўзнёс малітву, каб Бог зрабіў нас Яго сапраўднымі вызнаўцамі, здольнымі жыццём дэманстраваць Яго план любові, які ахоплівае ўсё чалавецтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.