Пошук


6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў гродзенскую катэдру святога Францішка Ксавэрыя, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

На пачатку Імшы іерарх падзякаваў вернікам за іх малітвы ў інтэнцыі яго вяртання на радзіму. Па яго словах, іх пастаянная малітва была вялікай духоўнай падтрымкай і знакам салідарнасці ў складаны перыяд выгнання. Арцыбіскуп адзначыў, што «гэты крыж мы неслі разам», і дадаў, што «ў крыжы надзея, якая, як паказвае жыццё, здзяйсняецца».

У гаміліі, зыходзячы з Евангелля на ўрачыстасць Аб'яўлення Пана, іерарх засяродзіўся на некаторых момантах аб'яўлення Хрыста людзям. Ён нагадаў, што найперш Езус аб'явіўся бэтлеемскім пастухам, потым Тром мудрацам з Усходу, далей падчас Яго ахвяравання ў ерузалемскай святыні, падчас хросту ў Ярдане, у сінагозе ў Назарэце, на вяселлі ў Кане Галілейскай.

Аднак Аб'яўленне Тром каралям, па словах арцыбіскупа, мае асаблівае значэнне.

Іерарх падкрэсліў, што так званыя каралі на самой справе былі астраномамі і не належалі да Выбранага народу, былі язычнікамі, але ў той жа час шукалі праўду, спалучаючы веды з верай, і гэта дапамагло ім у зорцы на небасхіле ўбачыць знак нараджэння Збаўцы.

Па словах іерарха, сваім аб'яўленнем Тром мудрацам Езус паказаў, што з'яўляецца Збаўцам усяго чалавецтва, не толькі габрэяў, але ўсіх людзей.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на сімвалізм дароў, якія ўзгадваюцца ў Евангеллі. Мудрацы падарылі Езусу золата як Валадару сусвету, кадзіла як Першасвятару, міра як знак будучых цярпенняў, сказаў ён.

Іерарх паразважаў таксама над тым, як тры розныя групы людзей успрымалі Нараджэнне Езуса.

Адны «не хацелі нават чуць пра Нараджэнне Караля сусвету», другія былі «індыферэнтнымі», трэція «прызналі ў бэтлеемскім Немаўляці Збаўцу і пакланіліся Яму».

«Гісторыя паўтараецца. Пасля дваццаці стагоддзяў абвяшчэння Евангелля яшчэ шмат людзей не ўспрымае Яго, нават змагаецца з Божым словам. Наколькі іншай была б наша краіна, калі б мы жылі паводле духу Евангелля? — дадаў арцыбіскуп. — У наш час таксама шмат індыферэнтных адносна рэлігіі. Яны жывуць паводле прынцыпу: абы дзень пражыць, а потым хоць патоп. Дзякуй Богу, ёсць і тыя, хто праслаўляе Яго. Яны хочуць будаваць сваё жыццё на евангельскіх каштоўнасцях і прыходзяць да Бога са сваімі дарамі добрых спраў, малітвы, міласэрнасці, справядлівасці, прабачэння».

Арцыбіскуп дадаў, што Тры каралі, пакланіўшыся Езусу, сталі Яго апосталамі, «таксама і мы, спаткаўшы Езуса, павінны быць Яго апосталамі, каб свет Яго пазнаў і, жывучы Яго вучэннем, будаваў цывілізацыю жыцця, любові і так патрэбнага нам усім міру».

 

 

Абноўлена 07.01.2021 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.