Пошук

07.01.2022 17:59   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

Увечары 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся вернікі катэдральнай парафіі на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Янам Кучынскім.

У гаміліі, кажучы пра сэнс урачыстасці Аб’яўлення Пана, якая мае таксама назву «Тры Каралі», арцыбіскуп падкрэсліў, што падчас сустрэчы з трыма каралямі з Усходу Езус аб’явіў сябе язычнікам, і гэта сведчыць пра паўсюднасць Яго збаўчай місіі.

Іерарх дадаў, што, як распавядае Евангелле, Бог вёў трох мудрацоў да Немаўляці Езуса з дапамогай зоркі.

«Нам у жыцці таксама неабходна прытрымлівацца такой духоўнай зоркі, і гэтымі зоркамі з’яўляюцца святыя. Зоркай можа быць добры прыклад, які нас прыцягвае. Зоркай можа стаць добрая ідэя, кніга, думка.

Часам зоркай можа стаць хвароба ці нейкая праблема, якая заклікае нас задумацца над нашым жыццём», — заўважыў заслужаны іерарх.

Найважнейшай жа зоркай, паводле яго, з’яўляецца Біблія — «выдатны даведнік для людзей, якія шукаюць Езуса як нашай сапраўднай праводнай зоркі».

На жаль, дадаў арцыбіскуп, зоркамі сучаснага свету становяцца знакамітыя артысты, спартоўцы, палітыкі і іншыя, з якіх людзі, асабліва моладзь, робяць куміраў. «Напэўна, сярод іх ёсць шмат добрых людзей. Аднак, на вялікі жаль, яны вельмі часта прапагандуюць свецкі, а часам нават і амаральны стыль жыцця.

Таму трэба памятаць аб тым, што сярод розных зорак ёсць і фальшывыя», — адзначыў арцыпастыр.

Ён таксама патлумачыў, чаму трох каралёў, якія прыйшлі да нованароджанага Езуса, называюць мудрацамі: па-першае, таму, што яны шукалі праўду; па-другое, не сядзелі на месцы, а ішлі, гатовыя ахвяраваць свой час, таленты і скарбы; па-трэцяе, яны, як кажа Евангелле, «іншым шляхам адышлі ў сваю краіну»: гэта значыць, што тыя, хто сустрэў Бога, змяняюцца і ідуць па жыцці іншым шляхам — Божым.

Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў падумаць, ці змяніла нас сустрэча з Хрыстом падчас святаў Божага Нараджэння, ці ідзём мы шляхам Евангелля і ці практыкуем хрысціянскія каштоўнасці.

Пасля Імшы іерарх благаславіў крэйду, якой вернікі па традыцыі пазначаюць, вяртаючыся дадому, свае дзверы, тым самым паказваючы iншым, што жыхары гэтага дома — сведкі Хрыста і не саромеюцца гэтага.

Потым малодшыя вернікі гродзенскай катэдральнай парафіі выказалі віншаванні арцыбіскупу Кандрусевічу, які нядаўна адзначаў дзень нараджэння.

Дзеці і моладзь пажадалі яму шмат патрэбных сіл і добрага здароўя для далейшага служэння ў Касцёле на Беларусі.

У той жа дзень іерарх наведаў сваю малую радзіму, дзе ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску ўзначаліў цэлебрацыю Імшы, агарнуўшы асаблівай малітвай сваіх землякоў і просячы для іх Божага благаслаўлення на новы год Пана.

Абноўлена 07.01.2022 18:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа