
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пастырскае cлова на ўрачыстасць Аб'яўлення Пана.
Пастырскае слова
арцыбіскупа Іосіфа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, або свята Трох каралёў
Тэкст Паслання для друку ТУТ>>>
Умілаваныя браты і сёстры, любыя вернікі!
Сёння Каталіцкі Касцёл святкуе ўрачыстасць Аб'яўлення Пана. У народзе яе часта называюць таксама святам Трох каралёў, якое ў літургіі непарыўна звязана з Божым Нараджэннем. Усходняя традыцыя гэтае свята называе Эпіфаніяй, што азначае аб'яўленне Бога чалавецтву ў Езусе Хрысце. Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы святкавалі ўцелаўленне Бога і прыйсце Яго на зямлю, а сёння мы ўспамінаем прыйсце спрадвечнага Слова Айца дзеля збаўлення ўсіх народаў.
У Евангеллі паводле святога Мацвея мы чытаем, што ў Ерузалем прыбылі мудрацы з усходу і спыталі: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму» (Мц 2, 2). Так яны прынеслі жыхарам Ерузалема вестку пра нараджэнне Валадара. Мудрацы сведчаць пра тое, што яны адправіліся ў падарожжа, зрабілі паваротны момант у сваім жыцці, бо ўбачылі новае святло на небе, незвычайную зорку.
Падчас сённяшняй урачыстасці мы разважаем над мэтаю гэтай старажытнай падзеі. Перадусім, гэтая падзея заахвочвае нас звярнуць увагу на тое, што збаўленне з'яўляецца дарам для ўсяго чалавецтва, бо кожны чалавек без выключэння можа скарыстацца з гэтай прапановы, якую дае Пан Бог.
Хрыстус, як гаворыцца таксама ў сённяшніх чытаннях, прыйшоў для таго, каб зрабіць шчаслівым усё чалавецтва, а не толькі выбраны народ. Езус прыйшоў для ўсяго чалавецтва, а мудрацы сімвалізуюць усе народы, кожнага чалавека, бо кожны чалавек пакліканы быць збаўленым. Мудрацы, можна сказаць, абвясцілі пра таямніцу Божага нараджэння, бо таямніца ўцелаўлення Збаўцы была вядомая толькі Марыі, Юзафу, Альжбеце, Захарыі, а таксама пастушкам, якія ўжо наведалі стаенку з Дзіцяткам. Мудрацы не былі ізраільцянамі, выбраным народам, яны былі язычнікамі, некаторыя звесткі падаюць, што яны былі астролагамі. Яны не ведалі сапраўднага Бога, але іх сэрцы былі напоўненыя прагненнем шукання праўды. Іх шлях да Езуса быў нялёгкім, але мудрацы не паддаліся розным перашкодам і сталі людзьмі, якія імкнуліся да сапраўднага Святла. У іх была моцная вера і надзея, што іх вандроўка мае сэнс і вялікае значэнне.
Святы Грыгорый Назіянзскі пісаў, што ў той момант, калі тры каралі, якіх вяла зорка, пакланіліся новаму Валадару Хрысту, астралогія скончылася, бо з таго часу зоркі рухаюцца па арбітах, вызначаных Хрыстом. У сваёй энцыкліцы, прысвечанай надзеі, Бэнэдыкт XVI адзначыў, што «не стыхіі свету, законы матэрыі кіруюць светам і чалавекам, але Усемагутны Бог кіруе зоркамі, гэта значыць Сусветам» (Spe salvi, 5).
Аналізуючы евангельскую сімволіку Божага Нараджэння і Эпіфаніі ў сваёй знакамітай трылогіі «Езус з Назарэта», прысвечанай дзяцінству Хрыста, Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў, што ў Святым Пісанні выразна падаецца геаграфічны і гістарычны кантэкст для гэтых дзвюх падзей. Ён зазначае, што і Нараджэнне Хрыста, і Аб'яўленне Пана адбыліся ў канкрэтнай мясцовасці: у Юдэі, тагачаснай правінцыі Рымскай імперыі, недалёка ад Бэтлеема, у той час, калі цэзарам быў Аўгуст, а Ірад — каралём.
Натхнёныя ўнутраным прагненнем, мудрацы склалі ў дары золата, кадзіла і мірру, якія з'яўляюцца вельмі сімвалічнымі і вельмі важнымі для мудрацоў. Але яны атрымалі нашмат больш — атрымалі дар самога Бога — дар веры, надзеі на збаўленне і дар любові.
Дар золата азначае, што нованароджаны Езус з'яўляецца Валадаром. Дар кадзіла сімвалізуе малітву, духоўную сферу, бо калі мы звяртаемся да Пана Бога, то аддаем Яму пашану, а мірра прадказвае цярпенне Езуса, якое было цаною нашага адкуплення. Мудрацы прынеслі тое, што было для іх самае каштоўнае, а ўзамен атрымалі дар самога Бога. Такім быў вынік іх падарожжа і тое, што адбылося ў іх сэрцы, калі яны ў Езусе прызналі Пана, Валадара і Збаўцу, было для іх найважнейшым дарам і сэнсам. Евангеліст Мацвей зазначае, што мудрацы вярталіся ў сваю краіну іншаю дарогаю. І хіба не толькі таму, каб Ірад іх не змог знайсці, але таму, што іхнія сэрцы перамяніліся.
Вельмі важна таксама тое, што праўду, якую яны спазналі, перадавалі іншым, усім, каго сустрэлі на сваім шляху. Яны былі першымі місіянерамі, якія абвясцілі Добрую Навіну пра збаўленне, пра тое, што Месія прыйшоў на зямлю. Мудрацоў можна таксама назваць пілігрымамі надзеі, бо яны распаўсюджвалі вестку пра надзею, веру і любоў, якая іх атуліла, калі яны, упаўшы на калені, пакланіліся Езусу Хрысту.
Бэнэдыкт XVI зазначаў, што Эпіфанія — гэта ўрачыстасць, падчас якой мы можам зноў усвядоміць, што ўсё нашае жыццё не праходзіць толькі па гарызантальнай восі, якая злучае кропку А (нараджэнне) з кропкай Б (смерць), але мае і вертыкальны кірунак: яна вядзе нас уверх, да нябёсаў, і да новай, таямнічай рэальнасці па-за зямным часам. Гэты вялікі тэолаг ХХ стагоддзя, казаў, што Божае Аб'яўленне мы можам убачыць у кожным касцёле, дзе 25 снежня і 6 студзеня праводзіцца літургія, у якой падзеі з непрыкметнага грота ў Бэтлееме адкрываюць для нас перспектыву вечнасці. Ён вучыў, што Божае аб'яўленне працягваецца і адбываецца ў кожны момант нашага жыцця.
Безумоўна, галоўны сэнс святкавання Аб'яўлення Пана і Божага Нараджэння заключаецца ў тым, каб мы нястомна шукалі Божае святло ў нашым штодзённым жыцці і ў рэальнасці вакол нас, у якой Хрыстус хоча паказаць нам аблічча, поўнае любові і спакою, якое пераменіць нас і ўвесь створаны Богам свет.
Сапраўды, сёння, каб сустрэць Езуса Хрыста, нам не трэба пераадольваць такі складаны і небяспечны шлях па пустыні, як гэта зрабілі мудрацы. Нам дастаткова праехаць ці прайсці невялікую адлегласць да найбліжэйшага касцёла ці капліцы — таго месца, дзе цэлебруецца святая Імша. Бо менавіта падчас Эўхарыстыі здзяйсняецца Найсвяцейшая Ахвяра, і на алтар прыходзіць той самы Збаўца, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за дзве тысячы гадоў таму. Вельмі шкада, што многія яшчэ не пазналі Хрыста. Таму трэба быць чуйнымі, і калі мы бачым, што наша вера слабее, што Бог дзесьці знікае з нашага жыцця, мы павінны распачаць намаганні, каб зноў шукаць Яго. Тады варта звярнуцца да гэтых мудрацоў з усходу і вучыцца ў іх, як штодня знаходзіць Бога, як праслаўляць і адараваць Яго, як давяраць Яму.
Мае дарагія! Сёння 6 студзеня заканчваецца абвешчаны Папам Францішкам Юбілейны год хрысціянства, які заклікаў нас быць пілігрымамі і апосталамі надзеі. Год заканчваецца, заканчваецца перыяд пэўных прывілеяў, але памятаем, што Хрыстус ніколі нас не пакідае, Ён заўсёды з намі. Як сказаў Папа Леў XIV у сваім пасланні Urbi et Orbi, «Святыя Брамы зачыняцца, але Хрыстус, наша надзея, заўсёды застаецца з намі! Ён — дзверы, якія ніколі не зачыняюцца. Ён прыйшоў не асуджаць, але збаўляць. Ён прыйшоў, каб застацца і ахвяраваць сябе. У Ім гоіцца кожная рана і знаходзіць спакой кожнае сэрца. У нараджэнні Езуса ўжо відаць асноўны выбар, які будзе накіроўваць усё жыццё Сына Божага да самай смерці на крыжы: выбар не перакладваць цяжар граху на нас, а ўзяць яго на сябе. Гэта мог зрабіць толькі Ён. Але Езус паказаў і тое, што залежыць ад нас: кожны павінен узяць на сябе сваю долю адказнасці. Таму што Бог, які стварыў нас без нас, не можа нас збавіць без нас, без нашай свабоднай волі любіць.
Той, хто не любіць, — не збаўляецца, ён страчаны. І хто не любіць брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць»,
— сказаў Папа.
«Дзіця, народжанае ад Панны Марыі, — гэта Хрыстус Пан, пасланы Айцом, каб збаўляць нас ад граху і смерці. Ён — наш спакой, Той, хто перамог нянавісць і варожасць міласэрнай любоўю Бога. Таму “Божае Нараджэнне ёсць Божае Нараджэнне спакою”».
У гэты перыяд Божага Нараджэння не забывайма адараваць Дзіцятка Езуса і адкрыць свае сэрцы Яму. Няхай Ён перамяняе нашыя сэрцы сваёю любоўю, напаўняе нас спакоем, радасцю і надзеяй. Няхай Ён дасць нам сілу ў слабасці і адвагу ў выпрабаваннях. Святая Маці Тэрэза з Калькуты, калі яе спыталі, што трэба рабіць, каб выратаваць свет ад знішчэння, адказала: «Неабходная малітва. Трэба, каб у кожнай парафіі вернікі трывалі каля падножжа Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і адаравалі Яго».
Мы ведаем, што працягваецца Агульнабеларуская Навэнна да Найдаражэйшай Крыві Хрыста. Нагадваю і заахвочваю тыя парафіі і вернікаў, у якіх яшчэ не праводзіцца гэтае набажэнства, далучыцца да гэтай важнай малітоўнай акцыі, што адбываецца ў кожную першую суботу месяца ў Духоўным цэнтры беларускіх католікаў — Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.
Браты і сёстры! Сёння па традыцыі мы асвячаем крэйду, кадзіла, ваду і золата. Асвячанай крэйдай мы пішам на дзвярах C + M + B. Гэта першыя літары фразы на лацінскай мове Christus mansionem benedicat, якая азначае «Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом». Такім чынам, гэтыя літары азначаюць, што жыхары гэтага дома вераць у Бога і з'яўляюцца хрысціянамі.
Мае дарагія! Праз некалькі хвілін мы ўбачым Бога, які прыйдзе да нас у постаці хлеба і віна падчас Эўхарыстыі. Пакуль святар прамаўляе словы кансэкрацыі, станем у пакоры перад Богам. Схілім галовы і паклонімся Яму. Убачце тут свайго Бога!
Няхай жа тры мудрацы, якія, нягледзячы на цяжкасці, змаглі знайсці Езуса, дапамогуць усім нам з даверам прымаць Божае слова і быць сапраўднымі місіянерамі Хрыстовай праўды ў 2026 годзе.
На выкананне гэтай місіі шчырым сэрцам благаслаўляю + у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 3 студзеня 2026 года
Ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Езуса







