Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.
Сучаснік звычайна не вельмі ахвотна слухае словы сённяшняга Евангелля, не любіць разважаць і думаць пра вечнасць, пра суд, пекла ці пра агонь нязгасны і пакуты. Хрысціянства было б больш прывабным, было б «модным» ці «ў трэндзе», кажучы сучаснымі паняццямі, калі б яно абвяшчала прыемныя вуху праўды, не патрабавала б самаразвіцця і ўдасканалення, самакантролю і прысвячэння сябе да рэшты Богу і Яго наказам.
Хрысціянства было б прывабным, калі б рэлігія Хрыста не грунтавалася на маральных патрабаваннях.
Аднак сённяшняе Евангелле вучыць нас, што праўда пра суд Божы такая ж відавочная і выразная, як і рэчаіснасць цяперашняга моманту. Сённяшняе Евангелле — базавая катэхеза для першых хрысціянаў. Галоўнае ў ім — «тронная прамова» Хрыста-Суддзі, які абвесціць яе ўсяму свету ў апошнія дні.
Хрыстус, які памёр за грахі свету, заплаціў за нас найвялікшую цану Нябеснаму Айцу. Ён здабыў нас для сябе сваёй ахвярай. Ён стане і нашым Суддзёй.
У чытанні з Кнігі Левіта нагадваецца нам, якім павінен быць сапраўдны суд:
«Не чыніце несправядлівасці на судзе. Будзь бесстароннім як да беднага, так і перад абліччам заможнага. Справядліва судзі бліжняга свайго». (Лев 19, 15)
Хрыстус на сваім судзе паўстане перад намі не толькі як Суддзя справядлівы, але і як Добры Пастыр. Гэта дае нам надзею на тое, што на Божым судзе мы спазнаем як справядлівасць, так і Божую міласэрнасць.
Паводле чаго нас будзе судзіць Хрыстус? Калі спрасціць сённяшняе Евангелле, можна сказаць: «паводле добрых учынкаў». Развіваючы гэтую думку, дадам: будзе судзіць па нашым стаўленні да нашых бліжніх.
На гэтым судзе найважнейшымі будуць не механічна і рэфлекторна здзейсненыя добрыя ўчынкі, а шчырасць і любоў, з якімі мы ўбачылі Хрыста ў галодных, прагнучых, падарожных, голых, хворых і зняволеных.
«Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі».(Мц 25, 40)
Падчас Вялікага посту мы, хрысціяне, асабліва павінны наблізіцца да нашых бліжніх у любові і клопаце, зрабіць свае сэрцы чулымі і дбайнымі да іх патрэбаў, пільнымі і спагадлівымі да іх клопатаў, уважлівымі і ўніклівымі да іх просьбаў.
Кіруючыся заклікам з сённяшняга першага чытання — «любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Лев 19, 18), — мы павінны дацягнуцца да кожнага нямоглага і патрабуючага, асабліва да тых, хто па розных прычынах не прыйдзе, не звернецца, не наблізіцца да нас сам.
Мы — аўчарня Хрыста, і, служачы ў ёй кожнаму бліжняму, мы служым Хрысту са спадзяваннем на справядлівы і міласэрны суд паводле нашых учынкаў.