Пра жывую рэлігійнасць герояў і ролю веры ў сюжэце фільма, які поўны бітваў і змагання за ўладу, разважае дапаможны біскуп архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса Роберт Бэран.
«Як прапанавалі мне некаторыя больш маладыя калегі, я ахвяраў частку свайго апошняга адпачынку, каб паглядзець серыял "Вікінгі", які паказвае "History Channel". Сябры сказалі мне, што "Вікінгі" дзіўным чынам з'яўляюцца найбольш рэлігійным серыялам на сучасным тэлеэкране. І яны маюць рацыю», — піша іерарх.
У серыяле, які яўна разлічаны на дарослую аўдыторыю, дастаткова гвалту, рабаўніцтва, баёў на мячах і палітычных інтрыг, каб задаволіць самага адданага аматара баевікоў, аднак «Вікінгі» таксама поўныя рэлігійных пачуццяў, за што біскуп Роберт Бэран шчыра дзякуе рэжысёру і сцэнарысту Майклу Хірсту.
Сапраўды, зараз нават у гістарычных фільмах вельмі часта абмінаюць рэлігійныя перакананні і практыкі герояў ці свядома адмаўляюцца паказваць іх — нават калі гэта ідзе насуперак рэаліям часу. Напрыклад, у вядомым серыяле «Абацтва Даўнтан», якое паказвае Брытанію пачатку ХХ стагоддзя, хрысціянства фактычна было выкінута з кадра на той падставе, што гэта быццам бы можа пакрыўдзіць нехрысціян і атэістаў.
У той жа час у «Вікінгах» вераць у вышэйшыя сілы ўсе: самі варагі, англасаксы, франкі і жыхары самых далёкіх краёў.
«Канешне, іх рэлігіі вельмі розныя, аднак няма нікога, хто б вельмі сур'ёзна не ўлічваў існаванне больш высокага, духоўнага cвету. Больш за тое, духоўнасць персанажаў не абстрактная, яна рэгулярна ўвасабляецца ў рытуале, малітве, літургіі і містычным досведзе», — адзначае біскуп Бэран.
Гэта прыводзіць нас да асэнсавання факту, што на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва рэлігія, жаданне зразумець сэнс з'яўлення чалавека ў гэтым свеце, былі натуральнай з'явай. І толькі з ХХ стагоддзя з'явіліся заўважныя ваяўніча атэістычныя сілы, якія гвалтам ці прапагандай змаглі замацавацца, пашыраючы чыста матэрыялістычна-кансьюмерысцкую культуру. Той, хто патрапіў у палон да гэтай культуры, свядома ці ў страху абмяжоўвае сябе, закрывае вочы на тое, што будзе з чалавекам пасля смерці.
«Прызнаюся, наколькі па-новаму выглядае фільм, у якім кожны персанаж жыве і думае без матэрыялістычных шораў!» — піша біскуп Роберт Бэран.
Па-другое, «Вікінгі» даюць шмат урокаў адносна праблемы, якая вельмі актуальная для нашага часу — сутыкнення розных рэлігій. Калі нарманы першы раз трапляюць у Англію, яны рабуюць кляштар у Ліндысфарне, але акрамя таго сустракаюцца з незвычайнымі людзьмі — хрысціянскімі манахамі. Манахі не абараняюць сябе, аднак кідаюцца голымі рукамі абараніць рэліквіі і Евангелле.
«Бачачы акрываўленыя мячы і сякеры вікінгаў, Атэльстан (англійскі манах) прыціскае да грудзей кнігу — і цяжка ўявіць больш моцны і прыгожы вобраз важнасці Слова для хрысціян. Падчас іншага рэйду вікінг Флокі заходзіць у касцёл, дзе служаць Імшу. Ён падыходзіць да алтара, адпівае з келіха, а потым выплёўвае. Хрысціяне жахаюцца, бачачы блюзнерства, а здзіўленыя заваёўнікі, хоць не разумеюць спачатку, у чым справа, потым даведаюцца пра значэнне Эўхарыстыі для Касцёла», — заўважае амерыканскі іерарх.
Атэльстан, які трапляе да вікінгаў у палон, таксама паступова спрабуе зразумець іх язычніцкую рэлігію, нават часова прымае яе і адмаўляецца ад хрысціянскай веры.
Аднак ніякай псеўдаэкуменічнай ідыліі ў стылі «ўсе рэлігіі па-свойму аднолькава добрыя» не наступае. Людзі ў серыяле ўвесь час думаюць і імкнуцца да ісціны так, як яе бачаць. І часам ахвяруюць жыццём за вернасць сваёй веры.
«Больш за тое, брат галоўнага героя Рагнара, які прымае хрост з цынічных палітычных прычын, пачынае адчуваць дзіўныя перамены ў сабе пасля сакрамэнту. У выніку мы бачым сапраўднае сутыкненне рэлігій — праз выбухны гвалт і дыялог, праз непаразуменні і цікаўнасць да іншага духоўнага досведу», — піша біскуп.
Па-трэцяе, у фільме бачны вобраз нараджэння Еўропы як цывілізацыі — праз сінтэз хрысціянскага грэка-рымскага пачатку і вандроўніцкага, ваярскага духу вікінгаў.
Брат Рагнара вікінг Ролла — а гэта гістарычная асоба — стаў у рэальным жыцці перакананым хрысціянінам і валадаром у паўночна-ўсходняй Францыі. Зараз гэтая зямля называецца Нармандыяй — зямлёй, якую засялілі нарманы (вікінгі). Яго нашчадкі сталі каралямі і біскупамі, захапілі Англію, пайшлі ў крыжовыя паходы для вызвалення Святой Зямлі, заснавалі безліч касцёлаў і кляштараў.
Нешта падобнае адбылося і ў нашай Беларусі, дзе вікінг Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора», стаў заснавальнікам першай княскай дынастыі ў Полацку і прадзедам святой Еўфрасінні.
Потым гісторыя паўторыцца яшчэ раз, калі язычніцкія князі літоўскіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі паўночнай Беларусі і на поўдні сучаснай Летувы, заснавалі нашу агульную дзяржаву Вялікае княства Літоўскае і прынялі хрысціянства.
«Хрысціянства заўсёды мела здольнасць да асіміляцыі, да прыняцця ўсяго добрага, праўдзівага і прыгожага, што ёсць у іншых культурах. І гэта цудоўна паказваюць "Вікінгі".
Таму, калі вы трохі стаміліся ад нудлівага секулярызму, які пануе ў сучаснай палітыцы і забаўляльнай індустрыі, я запрашаю вас паглядзець серыял, які робіць рэлігію — і асабліва хрысціянства — сваёй цэнтральнай тэмай», — піша біскуп Роберт Бэран.
Аляксандр Гелагаеў паводле Wordonfire.org