Вучымся ў вялікага святога смела і карэктна абараняць сваё веру, ідэалы, меркаванне.
Шмат у якіх колах зараз расце занепакоенасць празмернай палітычнай карэктнасцю, якая захапіла дыскусійныя пляцоўкі ў еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтах і іншыя публічныя форумы.
Нават вялікія творы літаратуры і філасофіі — ад дзіцячай класікі «Гекльберы Фіна» і да «Крытыкі чыстага розуму» Канта — цяпер рэгулярна суправаджаецца папярэджаннямі адносна расізму, сексізму, гамафобіі ці класавых перадузятасцяў у гэтых кнігах.
Усё больш і больш у нашых каледжах узнікае «бяспечных прастораў», дзе асабліва адчувальныя студэнты могуць схавацца ад сутыкнення з меркаваннямі, якія ім не падабаюцца.
Мой любімы прыклад гэтага адбыўся ва ўніверсітэце Brown University, дзе кіраўніцтва стварыла такія месцы, дзе можна было пагуляць з дзіцячымі цацкамі, каляровымі алоўкамі і паглядзець відэа з вясёлымі шчанюкамі. Усё гэта было для супакойвання нерваў студэнтаў нават да пачатку дэбатаў!
Відавочна, нават перспектыва публічнай дыскусіі выклікала ў гэтых маладых людзей патрэбу адправіцца ў трохі мадэрнізаваны варыянт дзіцячага садку.
І, канешне, парадаксальным спадарожнікам такой празмернай адчувальнасці да магчымай абразы з'яўляецца агрэсіўнасць і вербальны гвалт. Бо калі сапраўдная дыскусія выключаная, адзіным выхадам для двух нязгодных групаў з'яўляюцца тая ці іншая форма цэнзуры і запалохвання.
Несумненна, з многіх такіх з'яў можна і трэба смяяцца, але я не пайду па гэтым шляху. Замест гэтага я хацеў бы згадаць час, калі людзі ведалі, як весці публічныя дэбаты на тэмы, якія выклікаюць самыя гарачыя спрэчкі.
Хоць гэта можа многіх здзівіць, я кажу пра Высокае Сярэднявечча, калі нарадзілася ўніверсітэцкая сістэма. А каб праілюстраваць сярэднявечны метад упарадкаванай дыскусіі, няма лепшага кандыдата, чым святы Тамаш Аквінскі.
Галоўным метадам адукацыі ў сярэднявечным універсітэце было не чытанне лекцый, якое стала дамінаваць толькі ў ХІХ стагоддзі з распаўсюджваннем германскай сістэмы адукацыі, а quaestio disputata (пытанне для дыспуту). І гэтыя дэбаты былі вельмі гарачымі, часам да хрыпаты, публічнымі інтэлектуальнымі дыскусіямі. Хоць тэксты Аквіната могуць нам зараз падавацца занадта доўгімі, варта памятаць, што яны заснаваныя на гэтых упарадкаваных, але адназначна поўных энергетыкі спрэчках.
Звяртаючыся да шэдэўру Аквіната, Summa theologiae, мы бачым, што ён ставіць літаральна тысячы пытанняў, і не адмаўляецца абмяркоўваць нават самыя святыя для католіка тэмы. Найлепшае сведчанне гэтаму — пытанне: «utrum Deus sit?» («Ці існуе Бог?»)
Калі дамініканскаму святару дазволена задаваць нават гэтае пытанне, то можна любыя, то няма ніякіх занадта небяспечных для абмеркавання тэмаў. Святы Тамаш ставіць праблему, а потым фармулюе доказы супраць той пазіцыі, якую ён потым будзе займаць.
У шмат якіх выпадках гэтыя доказы супраць існавання Бога — сума сапраўдных аргументаў і пытанняў, якія чуў Аквінат на публічных дыскусіях ва ўніверсітэце.
Аднак нам важна падкрэсліць, што Тамаш агучвае гэтыя контрдоказы ў іх найбольш пераканаўчай форме, часам фармулюючы іх лепей і больш змястоўна, чым гэта маглі сапраўдныя апаненты. Пра гэта сведчыць той факте, што ў эпоху Асветніцтва філосафы-рацыяналісты часам выкарыстоўвалі аргументы Фамы ў сваіх антырэлігійных працах.
Прывядзем толькі адзін прыклад, каб паказаць выключна пераканальную фармулёўку «аргумента з боку зла» супраць існавання Бога, якую прыводзіць Аквінат: «Калі б адно з двух супрацьлегласцяў было бясконцым, іншае б не існавала... Аднак Бога называюць бясконцым дабром. Таму, калі Бог існуе, не было б зла».
Аквінат потым адказвае на гэты аргумент* (як ён гэта робіць, можна прачытаць у канцы артыкула!), аднак, як я казаў вышэй, гэта сапраўды якасны аргумент. Мяркую, карыснасць і ўзровень публічных дыскусій вельмі б выраслі ў нашай краіне, каб кожны бок хацеў фармуляваць пазіцыю сваіх апанентаў з такой жа павагай і гэтак жа пераканаўча.
Пасля таго, як Тамаш Аквінскі агучыў аргументы супраць існавання Бога, ён прапануе ўласнае вырашэнне праблемы: «Respondeo dicendum quod... («Адказваю, што трэба сказаць...»).
Адна з найбольш вартых жалю прыкметаў постмадэрнісцкага розуму — тэндэнцыя бясконца адцягваць адказ на пытанне. Паглядзіце на працы Жака Дэрыды, калі хочаце атрымаць майстар-клас у гэтым уменні. І, на жаль, сёння многія, хто так моцна хоча нікога не пакрыўдзіць, знаходзяць выхад у такой бясконцай нявырашанасці.
Святы Тамаш Аквінскі, святы Пій і святы Пётр Пакутнік. Магчыма, вядуць тэалагічны дыспут.
Але Тамаш ведаў тое, што ведаў і Г.К.Чэстэртан — што адкрыты розум, як і адрыты рот, створаны для таго, каб урэшце рэшт закрыцца, атрымаўшы нешта змястоўнае і карыснае. Таму, прапануючы свой варыянт адказу на пытанне «Ці існуе Бог?», Аквінат вяртаецца да контраргументаў і адказвае на іх. Пры гэтым варта адзначыць, што доктар Касцёла звычайна знаходзіць нешта правільнае ў пазіцыі апанента, а потым выкарыстоўвае гэта, каб выправіць тое, што ён лічыць памылковым у ёй.
Падчас гэтага працэсу, у контраргументах, Respondeo, адказах на контраргументы, Тамаш выкарыстоўвае шырокае кола крыніц: канешне, Біблію і Айцоў Касцёла, але таксама і творы антычных філосафаў Арыстоцеля, Платона, Цыцэрона, яўрэйскага філосафа і тэолага Машэ Майманіда, ісламскіх мысляроў Авероэса і Авіцэны.
Святы заўсёды згадвае іх з найвялікшай павагай, называючы Арыстоцеля, напрыклад, проста «Філосафам», а Майманіда — «Рабі Мошэ». Можна ўпэўнена казаць, што Тамаш Аквінскі ў шмат якіх важных пытаннях нязгодны з гэтымі людзьмі, аднак ён абсалютна гатовы прыслухацца да іх, дыскутаваць з імі і сур'ёзна прымаць іхныя аргументы.
Метад Тамаша стварае своеасаблівую «бяспечную прастору» для дыскусіі, аднак гэта бяспечная прастора для дарослых, а не для палахлівых дзяцей. Выкажу сваё сціплае меркаванне, што было б нядрэнна і зараз арыентавацца на прыклад святога Тамаша пры абмеркаванні важных пытанняў.
*Святы Тамаш Аквінскі адказвае на аргумент «калі б існаваў Бог, то ў свеце не было зла»:
«Сказана Аўгустынам: "Пан Бог, Які ў найвышэйшай ступені добры, ніколі б не дазволіў, каб у Ягоных справах было хоць колькі-небудзь зла, калі не быў бы такім усемагутным, каб і гэтае зло пераўтвараць у дабро". Гэткая адна з праяваў бясконцай дабрыні Пана Бога, што Ён дапускае існаваць і злу, каб і яго пераўтвараць у дабро.»
Неабходная заўвага ад перакладчыка: сам аргумент, які абвяргае святы Тамаш першапачаткова сыходзіць з таго, што абсалютнага зла ў свеце не існуе; нават сатана — толькі стварэнне Божае, якое паўстала супраць Бога, выкарыстоўваючы дадзеную Богам свабоду волі. Таму дыспут ідзе менавіта пра злыя ўчынкі людзей, хваробы, прыродныя катастрофы і таму падобнае.