Пошук


Вы ведаеце, што Бог нас любіць? Чулі, што Ён добры і хоча, каб усе былі шчаслівымі? Часта ўзгадваю пра гэта ў розных сітуацыях. Вось, напрыклад, як вы думаеце, чаго Бог больш хоча – каб я не еў сёння каўбаскі ці каб я быў шчаслівы? Напэўна, каб быў шчаслівы. Таму з'ем каўбаску. А яшчэ нядаўна прыснілася мне, што я хачу развесціся са сваёю жонкаю і ажаніцца з іншай. Чаго Бог больш хоча – каб я тупа выконваў літару закону ці каб я быў шчаслівы? Канешне, каб быў шчаслівы. А паколькі шчасце маё я бачу з іншай жанчынай... Што такое, дарагая? Чаму ў цябе ў руках патэльня? Супакойся, гэта быў толькі сон!

Карацей, Бог нас благаслаўляе, затое Касцёл кійкі ў колы ставіць. Увесь час нешта забараняе. Але гэта паўбяды. Ад нас яшчэ нечага патрабуюць. Езус кажа, што вы Мне не слугі, а сябры. Ксёндз жа кажа – вы павінны тое, вы павінны сёе. Колькі разоў з амбоны гучала фраза: маўляў, Бог нас любіць (ну так, і жадае нам шчасця), а мы што даем Яму ўзамен?

А ў нас, дарэчы, з гэтым усё ОК. Мы таксама Яго любім. Якім чынам? Па-рознаму, ёсць варыянты. Можна любіць як сябра. Езус жа такі класны, «свой у дошку». З Ім добра бавіць час, Ён усё разумее і заўсёды з намі. Можна любіць як айца, як мілага татачку. Ён жа сапраўды наш Айцец, а мы Яго дзеці. Гэта, напэўна, самы выгадны варыянт.

Уявіце сабе карціну: вяртаецца суровы мужчына дадому з працы, а насустрач яму выбягае трохгадовая дачушка: «Татка прыйшоў!» І кідаецца яму на шыю. Тата нясе яе ў залу, сядае ў крэсла, садзіць сваю ненаглядную на калені. Ягоная ўсмешка з хітрынкай, ён прытворна хмурыць бровы і заглядае ёй у вочы. Яна пяшчотна гладзіць яму валасы. «Татка, ты такі вялікі, такі дужы, такі разумны. Дзе ты быў? Што ты прынёс?» О, так, ён нешта прынёс! Тата дастае з партфеля прыгожую ляльку. «Татка! Ты такі добры! Я так цябе люблю!» — кажа малеча. Дзяўчынка прытуляецца да яго і абдымае. Бацькоўскае сэрца зараз разарвецца ад шчасця...

Нехта казаў, што любоў павінна быць дзейснай, што любоў праяўляецца ў клопаце пра таго, каго любіш. Нехта казаў, што любоў – гэта ахвяра. Але якой ахвяры можна чакаць ад малога дзіцяці? Яго любоў цалкам натуральная, несвядомая, выказваецца ў радасці, усмешцы, словах, позірках, абдымках. Падобнае сустракаецца і ў нашых адносінах да Бога – усемагутнага Айца. Мы Ім захапляемся, славім Яго, хочам быць разам, радуемся, што мы Яго дзеці. А ахвяра – гэта сумна. Гэта занадта сур'ёзна. Занадта «па-даросламу».

Слова «ахвяра» ніхто не любіць. Яно выклікае непрыемныя асацыяцыі. Ніхто не хоча быць ахвярай, ніхто не хоча губляць тое, што дарагое. Можна падумаць, што ахвярнасць, самаадрачэнне цалкам супярэчаць нашаму натуральнаму імкненню да шчасця.

З іншага боку, калі ў нашага сябра здарыцца бяда — ці ж мы не прыйдзем яму на дапамогу? Ці будзем у гэты момант вылічваць, наколькі губляем свой камфорт, час, наколькі псуюцца нашыя планы? Калі, напрыклад, у яго згарыць хата — хіба мы будзем разважаць, ці пусціць яго і ягоную сям'ю да нас у дом, пакуль ён не вырашыць праблему з дахам над галавой? Ці не аддамо яму свае, можа, самім вельмі патрэбныя рэчы, бо ў яго не засталося нічога? Мы зробім для яго ўсё магчымае, і гэта будзе з нашага боку абсалютна натуральна. Так робяць нармальныя дарослыя людзі. Бо як жа інакш? Гэта ж наш сябра!

А мы з Езусам ці сябры? Такія сябры, каб не толькі разам з пары збегчы, але і падзяліць цяжар крыжа.

«Калі я быў дзіцём, то па-дзіцячаму гаварыў, па-дзіцячаму думаў, па-дзіцячаму разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае» (1 Кар 13, 11).


Віталій Палінеўскі

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.