Апошняя праца Дарэна Аранофскі “Ной: абраны Богам” не з’яўляецца дакладнай адаптацыяй гісторыі, вядомай нам з Бібліі. Але насуперак крытычным меркаванням гэта і не пусты камерцыйны фільм класа “В”. Фільм схіляе да разважання аб тым, што азначае, што Бог даў чалавеку ў валоданне зямлю, і на чым грунтуецца нашая адказнасць за cтварэнне.
Прызнаюся, ішоў на прагляд крыху прадузятым, між іншым дзякуючы міні-рэцэнзіі, размешчанай у сацыяльнай сетцы адным маім калегай-фельетаністам з deon.pl, які сцвярджаў, што фільм слабы і надуманы. Напэўна, фабула накіраванай на касавы поспех прадукцыі адыходзіць ад простага аповеду са Старога Запавету. Месцамі яна бліжэй да фільмаў фэнтэзі, чым да класічнай экранізацыі біблійных гісторый. Аднак з іншага боку Аранофскі стварае сваю ўласную кінаказку, не пазбаўляючы яе важных пытанняў адносна чалавека ў справах Творцы і таго, чым насамрэч з’яўляецца чалавечы ўдзел у стварэнні. Бяскарнаю эксплуатацыяй свету? Ці, можа, поўнай клопату апекаю над дарам, якім з’яўляецца зямля?
Як ужо казаў, гісторыя Ноя (Расэл Кроў), расказаная Аранофскі, не грунтуецца выключна на кананічным для хрысціянаў біблійным апісанні. Рэжысёр звяртаецца таксама да іншых крыніц. Мы знаходзім тут матывы, якія паходзяць з гетэрадаксальнай габрэйскай міфалогіі, а таксама гнастычныя элементы (прадстаўленні духоўных істот, сапраўдная прырода якіх была закрыта і скавана ў матэрыі). Таму гіганты, якія з’яўляюцца ў фільме – гэта вольныя спасылкі на старажытныя міфы Ізраіля, карані якіх, верагодна, бяруць пачатак яшчэ ад міфалогіі Месапатаміі, у адпаведнасці з якою зямля ў пачатку свету была населена гігантамі, народжанымі дачкамі Евы ад анёлаў. Зрэшты, на думку навукоўцаў, біблійны вобраз патопу гістарычна закаранёны ў досведзе народаў Месапатаміі, якія пражывалі ў дэльце Еўфрата і Тыгра.
Аранофскі стварае вобраз на выразным супрацьстаўленні: сапсаваная чалавечая цывілізацыя vs прырода, дар Божы. Ахоплены пыхаю, чалавек робіць зямлю бясплоднай, стварае цывілізацыю на падмурку прагнасці і бязлітаснага выкарыстання дароў зямлі. Панарамы выпаленай, сухой, бясплоднай зямлі вельмі вымоўныя. Жыццё, вада, расліны і жывёлы з’яўляюцца дарамі Бога і сведчаннем Яго шчодрасці і ўсемагутнасці. Гэта з Ягонай ласкі чорная, спаленая людзьмі зямля зноў ажывае, каб Ной мог пачаць будаваць свой каўчэг. Гэта дзякуючы Ягонай ласцы, удзеленай праз благаслаўленне Мафусаліма (Энтані Хопкінс – што тут скажаш!), ізноў становіцца плоднаю знявечаная людзьмі Іла (Эма Уотсан), абранніца Сіма (Дуглас Бут). Ной будуе каўчэг, але адначасова з’яўляецца кімсьці накшталт садоўніка, адным з апошніх, хто клапоціцца пра Божае стварэнне, абараняючы яго ад чалавечай прагнасці.
Я ведаю, што шмат каго раздражняе нават хрысціянская экалогія. Аранофскі не стварае бачання “радыкальнай экалогіі”, “Зямлі без чалавека”. Ён паказвае нам Ноя, які доўгі час быў перакананы, што ўсё чалавецтва павінна вымерці, разам з яго ўласным родам, каб Зямля зноў стала шчаслівым месцам. Зрэшты, аднак, у ім перамагае любоў да дзяцей, якія нарадзіліся ў каўчэгу. Ён прымае новае жыццё як Божы дар, а не як праклён для ўсяго свету. І фінальная сцэна – якую, вядома, не адкрыю, – пацвярджае менавіта гэтую інтэрпрэтацыю.
Я вялікі прыхільнік двух фільмаў Аранофскі: яго дэбюту – чорна-белага фільма “Пі” – і кранальна-сумнага “Рэквіем па мары”. “Пі” – гэта фільм-метафара з моцна зазначанай кабалістычнай тэмай, уплеценай у свет вышэйшай матэматыкі і камп’ютараў. Ён паказаў, што большым шчасцем, чым абсалютнае веданне Сусвету, ёсць любоў іншага чалавека. “Рэквіем па мары” расказвае аб чалавечай адзіноце, якая даводзіць да вар’яцтва і залежнасцяў. Гэта фільм аб свеце гіперспажывецтва, які дае нам так шмат уражанняў, аднак не здольных наталіць чалавека. Затое вядзе штораз далей – у пустэчу.
У параўнанні з гэтымі творамі “Ной” – проста касавы прадукт, арыентаваны на масавую аўдыторыю. І ўсё ж... У “Пасланні пана Кагіта” Герберт выкарыстаў фразу “паўтарай старыя закляцці чалавецтва, байкі і легенды”. Сёння мы нярэдка забываем, што людзі спрадвеку распавядалі незвычайныя гісторыі, якія наш пост-асветніцкі розум часта адхіляе з-за іх казачнасці, іх напоўненасці дзіўнымі стварэннямі, неймавернасцямі, якіх не існуе.
Гэтыя гісторыі, “старыя закляцці чалавецтва, байкі і легенды” не былі навуковымі трактатамі, не былі лагічнымі лекцыямі па этыцы або тэалогіі. Але праз іх простыя людзі з пакалення ў пакаленне пераказвалі простыя маральныя інтуіцыі, культурныя коды, расказвалі праз іх пасрэдніцтва пра свае надзеі, страхі, асцярогі. “Ной” Аранофскі з’яўляецца менавіта такой казкай. Вядома, калі хтосьці вырашыць выбрацца на яе з дзецьмі, то можа скарыстацца гэтай нагодай, каб паразмаўляць з імі пра біблійнага Ноя, падыскутаваць аб падабенствах і адрозненнях. Думаю, гэты час не будзе змарнаваным.
Кшыштаф Валадзько, Deon.pl
Пераклад Віталія Палінеўскага