Яхім Бадэні OP
З малітвы робяць вялікае мастацтва, штосьці надзвычайнае. Пры такім падыходзе яна здаецца складанай, вельмі цяжкай, а па сутнасці малітва можа быць справай вельмі лёгкай.
rЯ пражыў у манастве ажно 64 гады і за сваё жыццё «залічыў» шмат малітвы. Напрыклад, малітвы ў хоры – сумеснага чытання псальмаў манахамі, Літургіі гадзінаў. У кляштары гэта займае каля дзвюх гадзінаў штодня – раніцай і ўвечары. Гэтыя малітвы вельмі прыгожыя, чытаюцца з брэвіярыя, але, на жаль, у дачыненні да іх маю пэўныя сумненні. Я баюся, што з цягам часу гэтае «адгаворванне» малітваў становіцца фармальнасцю, а ім нельга абмяжоўвацца.
На працягу доўгага часу мяне турбуе пэўная думка аб малітве. Асабліва пытанне Творцы ў Кнізе Быцця, калі чалавек з’еў забаронены плод. «Адам, дзе ты?» Вядома, Бог дакладна ведаў, дзе той, бо Ён яго стварыў. Але хацеў паказаць, што штосьці здарылася паміж Ім – Творцам і чалавекам, якога Ён стварыў на сваё падабенства. Адам не пабег адразу насустрач, не чакаў Яго сярод прыгожых райскіх дрэваў, якія, вядома, пасадзіў сам Пан Бог, а недзе схаваўся.
Да падзення чалавека паміж ім і Богам была простая размова, нічога болей. Калі чалавек зграшыў, Бог шукаў яго: «Я хачу пагаварыць з табой, а цябе няма». Чалавек засеў у кустах. «Чаго хаваешся?» – запытаўся Бог. «Я без парток», – адказаў Адам. «Чаму баішся? Можа з’еў плод з забароненага дрэва?» «Гэта жанчына сказала мне сарваць плод з дрэва, і дарэчы менавіта Ты даў мне гэтую кабету-спакушальніцу». А жанчына сказала: «Гэта змей мяне спакусіў». Нават тады людзі пераводзілі стрэлкі адзін на аднаго.
Што гэта азначае? Азначае тое, што пасля ўжывання плоду паміж Стварыцелем і стварэннем нешта сапсавалася, з’явілася свайго роду прорва. Таму сталі неабходнымі медытацыі, школы духоўнасці – аўгустынская, ігнацыянская, кармэліцкая. На працягу стагоддзяў выбудавалася цэлая штучная структура як спроба пераадолення той прорвы, што праз грэх аддзяліла чалавека ад Бога.
Перайсці прорву. Засыпаць яе. Напрыклад, медытацыяй. Я не прыхільнік такога падыходу, хоць ён здаўна прыняты і практыкуецца ў Касцёле. Мы, дамінікане, маем абавязак медытаваць штодня паўгадзіны, у іншых законах – яшчэ даўжэй. Больш за ўсіх медытуюць тыя, хто ў навіцыяце. Запісваюць сабе «пункты» да медытацыі. Ці гэта, аднак, азначае, што я – як хрысціянін – абавязкова павінен медытаваць?
Адгаворваю «Ойча наш» – малітву, якой нас навучыў Езус. Прыходжу да Айца Нябеснага. «Вітаю Цябе, Ойча, каханы Татачка, хацеў вось з табой паразмаўляць і запісаў усё па пунктах», – карацей пачынаю медытаваць. «Вось тут першы пункт, другі пункт, затым трэці». «У цябе бзік? Ты што, захварэў? Што з табой? — сказаў бы зямны бацька. — Са мной можна размаўляць нармальна. Прыходзіш і кажаш, у чым справа».
А тут Бог, які называе сябе Айцом. Але з гэтага не вынікае, што Ён гэтакі наіўны татачка. Ён – бясконцая Моц, бясконцая Мудрасць, бясконцыя Веды. І гэтыя веды хоча нам перадаць, але ў размове, звычайнай размове.
Мы не ведаем, як размаўлялі паміж сабой Бог і чалавек у раі, на якой мове. Можа, гаварылі па-габрэйску, можа, абменьваліся думкамі без слоў. У любым выпадку гэта была прамая размова Стварыцеля са стварэннем. Бог стварыў чалавека на сваё падабенства, каб гэты чалавек, падобны да Бога, мог з Ім свабодна размаўляць і не павінен быў хавацца за мурамі медытацый, метадаў, сістэм, пунктаў. Тады ўсе яны былі зусім не патрэбнымі.
Яны сталі неабходнымі ў выніку падзення – першага граху і грахоў наступных. З-за граху першароднага і грахоў асабістых. Першародны грэх – найбольшае падзенне – быў пераможаны Сынам Божым праз Адкупленне. Мне здаецца, справай Сына Божага – Другой Асобы Бога, які быў пасланы адкупіць нас, — было таксама выбаўленне нас ад неабходнасці не толькі медытацыі, але ад усяго штучнага, ад фармальнага падыходу да Бога як да Айца. Айцец – Бог – прагне, каб вярнулася – можа быць, не да поўнага першаснага стану, таму што існуюць незваротныя наступствы першароднага граху, – нешта падобнае да першаснага знаёмства, да простасці быць разам з Богам у раі. З тых часоў Бог шукае кожнага чалавека. «Адам, Казімір, Стэфан, дзе ты?» – кліча Ён.
Райскі сад. У павевы ветра на заходзе сонца Бог прыходзіў сустрэцца з чалавекам. Усё гэта знікла, на жаль, знікла па віне чалавека. Засталося тое, што не зусім, але ў некаторай меры, адноўлена праз Муку Пана.
У якой ступені можна адкрыць першасную простасць малітвы — пытанне спрэчнае. Наколькі я памятаю, святы Ян ад Крыжа піша ў сваіх працах, што вышэйшы ўзровень малітвы – у пэўным сэнсе, у няпоўнай меры – вяртае першапачатковую простасць быцця з Богам. Ужо доўгі час спрабую развіць думку святога Яна.
Простасць малітвы…
З малітвы робяць вялікае мастацтва, штосьці надзвычайнае. Пры такім падыходзе яна здаецца складанай, вельмі цяжкай. Думаю, аднак, што па сутнасці малітва можа быць справай вельмі лёгкай.
Я прачытаў шмат містыкаў, пэўны час пасля свайго навяртання зачытваўся творамі святога Яна ад Крыжа, святой Тэрэзы з Авілы. Яны падзялялі духоўнае жыццё на сем этапаў. Напрыклад, св. Тэрэза пісала аб сямі пакоях. У сёмым з іх прабывае Абраннік. Я пачаў паглыбляцца ў містыку. Я чытаў гэтыя кнігі і задаваў сабе пытанне: дзе я зараз знаходжуся – у першым пакоі, другім ці трэцім? Якое глупства. Чытаючы гэтыя трактаты, можна вырашыць, што малітва павінна быць вельмі складанай, што шлях да Бога вельмі цяжкі. Святы Ян пісаў аб шляху на гару Кармэль, а на палях маляваў вельмі крутыя горныя склоны...
Паколькі нашай мэтай з’яўляецца простасць знаходжання з Богам, вяртанне да стану, які мы страцілі, то ці гэта добра, што я прагаворваю малітвы, канкрэтны тэкст? Вядома, так, але адна вербальная дэкламацыя можа быць усяго толькі фармальнасцю. Абавязкам. Гэты абавязак маюць святары і законнікі, яны павінны гэта рабіць. Але што рабіць, каб брэвіярый, г.з. Літургія гадзінаў, малітвы падчас святой Імшы і г.д. не мелі жорсткі фармальны характар? Яны вельмі прыгожыя, паэтычныя, асабліва псальмы, але гэта ўсяго толькі тэкст. Тэкст, які знаходзіцца паміж мной і Богам. Паміж мной і Богам не павінна быць ніякіх тэкстаў. Толькі сыноўства. Толькі тое, што мы называем таямніцай Божага сыноўства. А адначасова з сыноўствам, спачатку страчаным, а потым часткова адноўленым, павінна вярнуцца і свабода непасрэднай размовы з Богам.
Што рабіць, каб не патрапіць у руціну, каб Ружанец, малітвы па брэвіярыі не сталіся бяздумна агучанымі словамі? Трэба ў гэтых тэкстах адкрыць жывога Бога. Тэкст малітвы звычайна натхнёны: Святое Пісанне, Імшал, у якім шмат фрагментаў з Бібліі, жыццярысы святых.
Як ажывіць тэкст малітвы? Асабістай малітвы, ці афіцыйнай малітвы Касцёла, ці Літургіі гадзін? Што рабіць, каб малітва не стала проста фармальнасцю?
А што такога, калі звяртацца да Айца выключна адпаведна правілам? Гэта не грэх, але як мінімум няветліва, калі я стаю перад Айцом і адказваю Яму фармальна. Бог назваў сябе Айцом, а мяне сынам. Тут няма ўстаноўленага этыкету, жорсткіх правіл паводзінаў, толькі жывая размова Айца з сынам, сынам, які паходзіць ад Айца. Гэтая сувязь яшчэ мацнейшая, чым тая, што лучыць зямнога сына са сваім татам, калі як сын Бога я нарадзіўся ў Духу Святым праз хрост і іншыя сакрамэнты.
З кнігі Joachim Badeni OP “Prosta modlitwa”
Пераклад Віталія Палінеўскага