Пошук

01.08.2013 13:45   Юрый Ваврынюк, CREDO / Пераклад: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Балюча, таму што, думаючы, ты падымаешся над штодзённасцю, шэрасцю, абыякавасцю, вырываешся са статку, што атупела накіроўваецца ў кімсьці вызначаным напрамку. Балюча, бо тады ты становішся белай варонай. А статак не любіць тых, хто адрозніваецца. Ён гатовы іх прагнаць чым далей ад сябе, задзяўбці, загнаць, знішчыць.

Думаць балюча. Бо гэта — бачыць крывадушнасць, подласць, здраду, хлусню, ліслівасць, несправядлівасць — і не знайсці сілы мірыцца з імі, не прыстасоўвацца да абставін. Гэта значыць пратэставаць, а такім чынам, перашкаджаць крывадушнасці, подласці, здрадзе, хлусні, падхалімству, несправядлівасці — а яны гэтага не даруюць.

Думаць балюча. Таму што, бачачы несправядлівасць, ты патрабуеш справядлівасці. Ты ўказваеш на зло і гнойныя раны грамадства. А зло не любіць, калі яго выкрываюць. Думаць — выклік. А выклік азначае барацьбу. Часта да крыві. Нярэдка да смерці.

Думаць балюча. Таму што гэта — ахвяра. Гэта значыць — ахвяраваць сабой, здароўем, свабодай, пасадай, спакойным жыццём і нават — самім жыццём. Гэта ахвяраваць усім, акрамя ўласнага сумлення і права думаць.

Думаць балюча. Таму што гэта — плаціць цану. Вялікую. Часта — непамерную. Спытаеце пра яе ў Тараса Шаўчэнкі, Васіля Стуса, Ляўко Лук’яненка, Ліны Кастэнка. Спытаеце ў Марціна Лютэра, Дзітрыха Банхёфера, Марціна Німёлера, Рычарда Вурмбрандта, Нэльсана Мандэлы, Марціна Лютэра Кінга, Аляксандра Салжаніцына. Спытаеце ў тых, чые імёны згубіліся ў засценках інквізіцыі, НКУС, КДБ, гестапа і іншых спецслужбаў. Яны ведаюць цану думкі. Зрэшты, спытаеце Езуса Хрыста, які таксама вучыў людзей думаць, а не слепа прытрымлівацца ўказанняў «сляпых павадыроў».

Думаць балюча. Таму што рана ці позна гэта прывядзе цябе да веры ў Бога. Бога, якога не заўсёды разумееш, якога нельга змясціць у рамкі традыцыі ці канфесіі, але які, тым не менш, рэальны і блізкі. А верыць у Бога — значыць супрацьстаяць злу і хлусні. Гэта значыць — штодня змагацца са злом, спакусамі і грахом. Гэта — змагацца з сабой, уласным эгаізмам і абыякавасцю. Гэта — браць адказнасць за сваё жыццё, паводзіны і словы перад людзьмі і Богам.

Думаць балюча. Бо тады балюча за лёс свайго краю і далёкай Эфіопіі. За суседа-наркамана і невядомага індуса з Калькуты. За сваю вёску ці горад і за краіну, у якой будуць жыць твае ўнукі. Балюча за кветку з Чырвонай кнігі і галоднае афрыканскае дзіця. Балюча за маральны стан грамадства і за ўласныя памылкі.

Балюча...

Але не думаць — страшна. Бо тады за цябе думаюць тыя, што думаюць толькі пра сябе. Цябе, як марыянетку, проста тузаюць за патрэбныя ніткі — і ты робіш тое, што выгадна злу і хлусні. Тады ты сам становішся саўдзельнікам зла і хлусні.

Не думаць страшна. Бо тады ты не бачыш нічога, акрамя цёплага хлява і карыта з таннай каўбасой і грэчкай. Тады ты ацэньваеш сваё меркаванне ў некалькі кілаграмаў крупы або ў бутэльку гарэлкі. Тады кагосьці цікавіць не тваё меркаванне, а тваё маўчанне. Рабы маўчаць. І не думаюць.

Не думаць страшна. Бо тады ты не асоба, а статыстычная адзінка. Адзін з тысячы. З мільёна. Маленькая частка пакорлівага статка, які дазваляе сябе даіць, стрыгчы і, пры неабходнасці, — рэзаць.

Не думаць страшна. Бо тады ў цябе няма ўласнай думкі, за цябе думаюць «правадыры». Таму сёння ты крычыш: «Гасанна!», а заўтра: «Укрыжуй!» Палітычныя і рэлігійныя злачынцы заўсёды апраўдвалі свае злачынствы «воляй народа». «Ворагаў народа», якія адважваліся думаць, заўсёды распіналі рукамі тых, за якіх думалі іншыя.

Не думаць страшна. Бо гэта азначае пагадзіцца: «Як усім, так і мне будзе, закапаюць як сабаку, на тым і канец!» Гэта значыць плыць па плыні бруднага ручая бязвер’я і духоўнага нігілізму. Гэта значыць плюнуць сабе ў душу і Богу ў твар. Гэта — зняць з сябе ўсякую адказнасць за ўласнае бязвер’е, абыякавасць, грэшнасць і духоўную анархію. Бо «калі Бога няма, то можна ўсё».

Страшна, калі думаць — самае страшнае злачынства.

Страшна, калі не балюча. Не баліць толькі мёртваму. Баліць — жывому.

Таму я выбіраю — думаць.

Юрый Ваврынюк, часопіс CREDO
Пераклад з украінскай Віталія Палінеўскага

Абноўлена 12.06.2017 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця