Пошук

26.04.2017 14:58  

Першая хваля рэпрэсій, арганізаваная чэкістамі і Антырэлігійнай камісіяй Палітбюро ЦК РКП(б), працягвалася з 1922 па 1929 год, другая, услед за ёй, — да 1937-га. Рэпрэсіі пачаліся ў цэнтры краіны, аднак пракаціліся па кожным горадзе і населеным пункце.

Парад 1 мая 1953 г. Злева будынак былога НКУС, цяпер у ім размешчаны Мемарыяльны музей

Бальшавіцкія «Варфаламееўскія ночы»

Першым ударам новай улады па Каталіцкім Касцёле і яе святарах у Расіі стаў арышт Мітрапаліта Эдварда фон Ропа. Аднак неўзабаве — ужо ў 1919 годзе — Ватыкан здолеў дамагчыся яго вызвалення і высылкі ў Польшчу. Новая — і ўжо бесперапынная — хваля рэпрэсій супраць Каталіцкага Касцёла разгортвалася сінхронна з рэпрэсіямі супраць Праваслаўнай Царквы.

Паралельна са «справай патрыярха Ціхана» ў Маскве карнымі органамі была сфабрыкавана справа супраць групы каталіцкіх святароў на чале з арцыбіскупам Янам Цеплякам і прэлатам Будкевічам. Абодва былі асуджаныя да расстрэлу.

Ha Захадзе гэты прысуд выклікаў шквал абурэння ў царкоўных і палітычных колах. Польскі ўрад на чале з прэм’ерам Сікорскім выказаў самы рашучы пратэст дзеянням савецкіх уладаў.

Прэзідыум Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта (ВЦИК — УЦВК) сваёй пастановай быў вымушаны прыпыніць выкананне прысуду. 29 сакавіка 1923 года з’явілася новая пастанова УЦВК за подпісам М. І. Калініна, паводле якой арцыбіскупу Яну Цепляку вышэйшая мера замянялася 10 гадамі зняволення. Прысуд у дачыненні да прэлата Будкевіча застаўся ранейшым. Яго забілі 31 сакавіка 1923 года, у Вялікую суботу па заходнім стылі, у сутарэннях Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) на Лубянцы стрэлам у патыліцу.

Бабрышчаў-Пушкін, адвакат на «працэсе Цепляка — Будкевіча», у сваім выступе ў абарону падсудных звярнуўся да суддзяў і сказаў: «Калі разглядаць Каталіцкі Касцёл як контррэвалюцыйную арганізацыю, цэнтр якой знаходзіцца па-за межамі Pасіі, то ў вас ёсць сродак на гэта — Варфаламееўская ноч...»

Гэтыя мужныя словы рускага чалавека ў абарону расійскіх католікаў былі прароцкімі. Кожны год упісваў усё новыя і новыя старонкі ў мартыралог вялікапакутнікаў.

Пачатковымі эканамічнымі мерамі рэпрэсіўнага характару супраць Царквы сталі секулярызацыя (адабранне) царкоўных земляў і каштоўнасцяў. Паводле сведчанняў гісторыкаў, усяго па Сібіры падчас кампаніі 1922 года па канфіскацыі царкоўных рэліквій партыя бальшавікоў атрымала 2 пуды 3 фунты золата, 622 пуды 25 фунтаў срэбра, залатых манет на суму 2 298 рублёў і срэбных манет на суму 16 714 рублёў.

Тых, хто спрабаваў схаваць царкоўныя рэліквіі, чакалі суды і расправы. Толькі ў 1922 годзе ў Сібіры ўлады арганізавалі больш за 250 паказальных судовых працэсаў у дачыненні да вернікаў і духавенства абедзвюх канфесій па фактах супраціву секулярызацыі каштоўнасцяў.

Першыя ахвяры

У перыяд грамадзянскай вайны многія сібірскія католікі і іх духоўныя пастыры адназначна не падтрымалі бальшавікоў, але па-рознаму паставіліся да ўлады белых генералаў. Частка прызнала ўладу адмірала Калчака ў Сібіры, іншыя — галоўным чынам патрыятычна настроеныя беларусы і палякі — не падтрымалі лідараў белага руху, не прынялі іх ідэю «адзінай і непадзельнай Расіі». У выніку яны трапілі пад рэпрэсіі з боку адміністрацыі Калчака.

Карта ГУЛАГу

Так, у 1918 годзе ў высылку ў пасёлак Малічэўка Томскага павета быў адпраўлены ксёндз Грабоўскі, бо ў пропаведзях і ў каталіцкай газеце выказваўся супраць удзелу ў змаганні польскіх легіёнаў на баку Белай арміі.

Аднак, нягледзячы на гэта, з прыходам у 1920 годзе да ўлады бальшавікоў становішча Грабоўскага, як і іншых каталіцкіх святароў, стала невымерна больш трагічным. Першы арышт скончыўся шчасліва — амністыяй. Адзін партыйны функцыянер з польскіх камуністаў, які наведаў парафію Грабоўскага ў глухім сібірскім мястэчку ў 1920 годзе, назваў ксяндза тыповым узорам каталіцкага святара — гэта прагучала як прысуд.

У гутарцы з функцыянерам Грабоўскі адкрыта заявіў, што не можа падтрымліваць камуністаў, бо тыя выступаюць супраць прыватнай уласнасці, якая для яго — «забраніраваная святасць». Неўзабаве неўтаймоўны ксёндз зноў быў арыштаваны ЧК і расстраляны.

Высветліць месца і дату яго расстрэлу, як і падрабязнасці біяграфіі, немагчыма: следчая справа Грабоўскага не захавалася. Дый ці была яна? Расстралялі без усякіх фармальнасцяў — і ўсё. Не захавалася архіўнай справы, як пераконваюць супрацоўнікі Томскага УФСБ, і на ксяндза Івана Аўдора з пасёлка Цімафееўскі Барабінскай акругі. Яго арыштавалі ў 1920 годзе і кінулі ў канцлагер «да заканчэння грамадзянскай вайны».

Верагодна, яны былі першымі каталіцкімі святарамі ў Томскай губерні, якія сталі ахвярамі бальшавіцкага самаўпраўства. Пасля з’явіліся і іншыя.

Вялікдзень без ксяндза

1 красавіка 1927 года пробашч новасібірскага касцёла айцец Мікалай атрымаў кароткую цыдулку ад паўнамоцнага прадстаўніцтва Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ОГПУ) па Заходняй Сібіры з просьбай «пану Міхасёнку Мікалаю» зайсці 2 красавіка да іх у кабінет №54 у 7 гадзін раніцы на размову.

Гэта не быў першакрасавіцкі жарт. Упаўнаважаны ОГПУ Бялецкі пры сустрэчы спагадліва цікавіўся, на якія сродкі жыве служка культу, ці атрымлівае грошы з-за мяжы і ад каго, каму накіроўвае свае справаздачы наконт працы і пра што ў іх гаворыцца. Ксёндз жа быў стрыманы і нешматслоўны. У свае 39 гадоў ён ужо меў пэўны досвед і добра ведаў, чым могуць скончыцца падобныя ветлівыя размовы.

Выхадзец з Віцебскай губерні, выпускнік пецярбургскай духоўнай семінарыі, каталіцкі святар Мікалай Міхасёнак прыехаў у Сібір напачатку 1913 года і да 1923-га служыў пробашчам каталіцкіх парафій у пасёлках Двурэчанскім, Малічэўска і Беласток Томскага павета.

З Беластока яму давялося з’ехаць у Томск, бо мясцовыя ўлады забралі жылы дом ксяндза. У 1925 годзе ён пераехаў у Новасібірск, але і там яго неўзабаве пазбавілі жылля.

Арыштавалі айца Мікалая праз дзень пасля той ветлівай размовы ў ОГПУ: прад’явілі абвінаваўчае заключэнне пад незвычайнай назвай — «Meмарандум матэрыялаў на Новасібірскага ксяндза Міхасёнак Мікалая».

Сэнс дакумента быў стандартны: пярэстая сумесь відавочнага паклёпу, чутак, агентурных данясенняў і прызнанняў ксяндза, зробленых на сустрэчы 2 красавіка.

Вестка пра арышт святара выклікала вялікае ўзрушэнне сярод католікаў горада. Многія звязвалі арышт айца Міхасёнка з выступам Паўла Грачыхі (вартаўніка мясцовай польскай школы і адначасова старшыні касцёльнай рады) у польскім клубе горада на вечарыне, дзе прысутнічаў знаны дзеяч польскага і рускага рэвалюцыйнага руху з Масквы, паплечнік Леніна Якаў Ганецкі.

На гэтым мерапрыемстве Грачыха выступіў са скаргай на прыгнёт католікаў у горадзе, забарону выкладаць каталіцтва ў польскай школе (у абвінаваўчым заключэнні гэта падаецца як відавочны ўплыў святара).

Іншыя звязвалі арышт айца Мікалая з імкненнем уладаў сарваць святкаванне надыходзячага Вялікадня.

Растрэл...

Касцёльная рада нават напісала заяву на імя начальніка Новасібірскага паўнамоцнага прадстаўніцтва ОГПУ з просьбай вызваліць ксяндза Міхасёнка з турмы для выканання рэлігійных абрадаў «з 14 па 18 красавіка бягучага года: у чацвер, пятніцу і суботу з 9 гадзін раніцы да 14.00 гадзін і ў нядзелю з 6 гадзін раніцы да 14.00 гадзін...»

На жаль, адзначаць Вялікдзень новасібірскім католікам давялося без свайго духоўніка, якога тым часам штодня вадзілі на допыты, дзе ён зацята адмаўляўся прызнаць сябе вінаватым у прад’яўленых супраць яго абвінавачваннях.

Следчы разам з начальнікам паўнамоцнага прадстаўніцтва ОГПУ па Захсібкраю Закоўскім двойчы прад’яўлялі следчыя матэрыялы на ксяндза Мікалая ў краявую пракуратуру для зацвярджэння. І абодва разы справа вярталася як відавочна непадрыхтаваная, у якой усе абвінавачванні грунтаваліся «толькі на чутках і ўражаннях».

Тады чэкісты накіравалі сфальсіфікаваную справу ў пазасудовыя органы. Рашэннем Адмысловай Нарады пры Калегіі ОГПУ ад 25 лістапада 1927 года Мікалай Міхасёнак быў асуджаны да зняволення ў лагерах тэрмінам на тры гады без ужывання да яго амністыі. Пакаранне адбываў у сумна вядомых Салавецкіх лагерах асобага прызначэння (СЛОН).

Да гэтага часу на Салаўкі было адпраўлена некалькі дзясяткаў каталіцкіх святароў з усёй тэрыторыі СССР. Нездарма 1927–1928 гады ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Расіі атрымалі назву «салавецкіх».

Ксёндз Міхасёнак яшчэ да канца тэрміну рашэннем усё той жа Адмысловай Нарады ОГПУ ад 28 красавіка 1930 года да ранейшага пакарання атрымаў дадаткова тры гады высылкі ў Паўночны край.

Дакладна невядомыя ні акалічнасці яго апошніх дзён жыцця і смерці, ні месца пахавання, ні дата смерці.

Справа «Гуртка Хрыста»

Канец 1920 — пачатак 1930-x гадоў у Расіі характарызуецца далейшым узмацненнем рэпрэсій супраць Касцёла. Гэта можна растлумачыць не толькі «абвастрэннем класавай барацьбы ў пачатку калектывізацыі ў краіне», але і рэакцыяй уладаў на абвешчаны Папам Піем ХІ «Крыжовы Паход Малітваў» за спыненне ганенняў на веру ў Расіі: «Выратавальнік сусвету, выратуй Расію».

Парафіяне-католікі храму станцыі Тайга. У цэнтры трэці злева — каталіцкі святар Юліян Гронскі, арыштаваны ў 1931 г. Фота з сайта nkvd.tomsk.ru

У Томску ўжо рыхтаваўся працэс над пробашчам гарадской рымска-каталіцкай абшчыны, а з 1926 года яшчэ і адміністратарам каталіцкіх храмаў усёй Сібіры Юліянам Гронскім. [...]

Чытаць працяг на novychas.by

Абноўлена 11.07.2017 15:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.