Пошук

21.02.2017 09:53  

Герб з выявай крыжа? Якой жа была гісторыя горада? У новай рубрыцы Catholic.by знаёміць з хрысціянскай сімволікай беларускіх гарадоў. Праект рыхтуецца сумесна з сайтам geraldika.by.

З гісторыі горада

Гарадскі пасёлак Ружаны вядомы з 1552 года. У гэты час ён знаходзіўся ва ўладанні Тышкевічаў. У 1598 годзе Ружаны набыў канцлер ВКЛ Леў Сапега, які ўладкаваў у гэтым месцы адну з галоўных рэзідэнцый рода Сапегаў. На той момант Ружаны ўваходзілі ў склад Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства.

20 чэрвеня 1637 года пры каралі Польскім і князю Вялікага княства Літоўскага Уладыславе IV горад атрымаў магдэбургскае права і герб з выявай св. Казіміра ў вянку з пунсовых ружаў.

Гэты святы, як адзначаецца, з’яўляўся заступнікам Вялікага княства Літоўскага і горада Вільна.

Казімір быў унукам Ягайлы і другім сынам караля Польскага і ВКЛ Казіміра IV і Альжбеты Ракушанкі. Пры жыцці ён славіўся сваёй пабожнасцю і дабрачыннасцю. Яго кананізавалі ў 1522 годзе, аднак, кананізацыйная була дзесьці знікла. У пачатку XVII ст. па просьбе Папы Клімента VIII шанаванне святога было адноўлена.

Гледзячы на герб, можна заўважыць, што святы трымае ў руках крыж і кветку. Згодна з кананічнымі атрыбутамі, у руках св. Казіміра — крыж з золата, а кветка хутчэй за ўсё — лілія, якая з’яўляецца сімвалам нявіннасці і чысціні. У геральдыцы лілія з’яўляецца каралеўскай кветкай, бо яе форма падобна да скіпетра — атрыбута вярхоўнай улады.

Герб Ружанаў адзін з нямногіх, які лічыцца «гаворачым» разам з гербам Ваўкавыска (з выявай ваўка) і Рагачова (чорны рог).

Цікава ведаць: Казімір — адзіны святы з такім імем. Яго ўзгадваюць 4 сакавіка (у дзець яго смерці). Па традыцыі ў дзень памяці св. Казіміра у Вільнюсе праходзіць штогадовы кірмаш у гонар святога — т.зв. «Казюкас».

Да ўвагі чытачоў: свае водгукі і пажаданні, а таксама просьбы расказаць пра той ці іншы беларускі герб з хрысціянскай сімволікай накіроўвайце на info@catholic.by (тэма ліста — геральдыка)

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця