Пошук

19.11.2016 00:00  

«Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля» (Ян 13, 7). Гэтыя словы Хрыста былі скіраваны да Сымона Пятра, якому Ён абмыў ногі. Словы Збаўцы былі заўсёды справядлівыя і не страцілі сваёй актуальнасці і ў наш час. Каб зразумець іх сэнс, нам патрэбны цвёрдая вера і цярплівае чаканне.

Часам нам здаецца, што ўсё наша жыццё складаецца толькі з выпрабаванняў і розных праблем. Прыгадаем тады, што ў Бога свае мэты і свае намеры адносна кожнага з нас. Ён кіруе падзеямі згодна з уласнай воляй, пры гэтым ніколі не перастае клапаціцца пра нас. Для Бога ва ўсім толькі адзіная гармонія, нават там, дзе мы бачым замяшанне і разлад.

Галоўнае — не паддавацца роспачы. Вера падобная да світання; калі пачынае ўзнімацца зара, то ўжо хутка настае дзень. Здараюцца такія выпадкі, што і заўтрашні дзень ад нас схаваны, калі мы стаім на краі бездані, дна якой не бачым. Але Божы шлях заўсёды ясны і цвёрды, Ён сам прайшоў праз ваду, і рука Хрыстова заўсёды гатова дапамагчы таму, хто пачынае тануць.

Мы не павінны ўцякаць ад крыжа. Подзвіг, які здзейсніўся на ім, абвяшчае нам перамогу. Нават калі мы ўжо не зможам маліцца, будзем сэрцам уздыхаць да Бога. Калі ж і ўздыханні нашыя змоўкнуць, то будзем чакаць у цярплівасці. Добра таму, хто цярпліва чакае ад Бога збаўлення. Увесь свет прабывае ў роспачы, як і нашы душы. Але, абапіраючыся на веру, мы пераможам свет.

Езус хоча нас абмыць, як і Пятра, які не зразумеў Ягонага намеру. Даверым жа ўсе нашыя справы, думкі, прагненні, намеры нашых сэрцаў Божаму Провіду, таму што, калі Збаўца не абмые нас, мы не будзем мець супольнай часткі з Ім. Шляхі Божыя нязведаныя, Яго меркаванні непранікальныя, але, калі мы дойдзем да мэты, нам усё стане зразумелым, ва ўсім мы ўбачым адзіную любоў і адзінае дабро.  Бо не ў бачным праўда, а ў нябачным! Святло Хрыстова, якое асвятляе нябачны свет, таксама асвятляе і суцяшае нас тым, што на крыжы Езус адкрыў нам шлях да Божага Валадарства.

Таму і мы сёння павінны праслаўляць нашага Збаўцу, як некалі праслаўляла Яго сястра Фаўстына: «Ты ўсіх паклікаў да вытокаў любові, да крыніцы Божага злітавання. Тут – святыня Тваёй міласэрнасці, тут – лекі ад нашых немачаў. Да Цябе, жывая крыніца міласэрнасці, цягнуцца ўсе душы: адны – быццам алені, якія прагнуць Тваёй любові; другія – каб абмыць грахоўную рану; трэція, змучаныя жыццём, – каб зачэрпнуць сілы. У той момант, калі Ты паміраў на крыжы, Ты адарыў нас вечным жыццём. Дазволіўшы прабіць свой найсвяцейшы бок, Ты адкрыў нам невычэрпную крыніцу сваёй міласэрнасці; Ты даў нам самае дарагое, а менавіта кроў і ваду са свайго Сэрца. Вось усемагутнасць Тваёй міласэрнасці, з яе выплывае для нас усялякая ласка» (Дз. 1747).

«Будзь праслаўлены, Божа,
                                    у справе Тваёй міласэрнасці,
Будзь благаслаўлёны ўсімі вернымі сэрцамі,
Якія Твой позірк спазнаюць,
У якіх ёсць Тваё жыццё несмяротнае.

О мой міласэрны Езу, пакутным было  
                                     Тваё жыццё на зямлі,
І закончыў Ты справу сваю ў страшным
                                                      цярпенні,
На дрэве крыжа распяты,
І ўсё гэта з любові да нашых душаў.

З неспасцігальнай любові Ты дазволіў
                                           прабіць свой бок святы,
І выплылі з Твайго Сэрца струмені крыві і вады.
У іх – жывая крыніца Тваёй міласэрнасці,
У іх душы спазнаюць суцяшэнне й палёгку.
У Найсвяцейшым Сакрамэнце Ты пакінуў
                                         нам сваю міласэрнасць,
Так любоў Твая пажадала,
Каб, ідучы па жыцці, праз цярпенні і цяжкасці,
Я ніколі не сумнявалася ў Тваёй дабрыні й
                                                           міласэрнасці.

Бо хоць бы на душу маю нястачы
                                            цэлага свету зваліліся,
Ні на хвіліну ўсумніцца нельга,
А толькі давяраць усемагутнасці
                                         Божай міласэрнасці,
Бо душу пакаянную Бог прыхільна прымае.

О невыказная міласэрнасць нашага Пана,
Крыніца літасці й асалоды ўсялякай,
Давярай, давярай, душа, хоць ты грахом
                                                 апаганена,
Бо калі да Бога наблізішся, горычы
                                                  не спазнаеш.

Бо Ён – жывы агонь вялікай любові.
Калі мы шчыра да Яго набліжаемся,
Знікаюць нашыя беды, грахі і ўсё злое.
Ён сплочвае нашы даўгі, калі мы з Ім яднаемся» (Дз. 1748).

Толькі ў святле Хрыстовага крыжа адкрыюцца вочы нашы да разумення праўды; мы ўбачым Божае святло на месцы нашай роспачы, цаною гэтай роспачы спасцігнем Божую міласэрнасць Збаўцы, праслаўляючы сэрцам Хрыста: «Хвала Табе, Езу, які паказаў нам святло любові Сваёй!»
                                            
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.