Пошук

28.11.2024 15:11   Catholic.by
Касцёл у Мікашэвічах. Фота: Уладзімір Цішкевіч / kurjer.info

Перад пачаткам Адвэнту і новага літургічнага года біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка кіруе вернікам Пінскай дыяцэзіі Паведамленне з нагоды пасвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікашэвічах (Пінская дыяцэзія, Пінскі дэканат).

ПАВЕДАМЛЕННЕ
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды пасвячэння касцёла
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікашэвічах

Вернікам Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Уваходзячы ў перажыванне Адвэнту і новага літургічнага года, хачу падзяліцца з вамі радасцю ад таго, што 7 снежня а 12-й гадзіне ў горадзе Мікашэвічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці адбудзецца ўрачыстае пасвячэнне парафіяльнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, на якое сардэчна ўсіх вас запрашаю.

Гісторыя Каталіцкага Касцёла на мікашэвіцкай зямлі налічвае шмат стагоддзяў. Асобная і самастойная каталіцкая парафія, незалежная ад старадаўняй цэнтральнай парафіі ў Лунінцы, арганізавалася тут напрыканцы XIX стагоддзя ў сувязі з развіццём гэтага мястэчка і ростам колькасці насельніцтва. На пачатку XX стагоддзя замест драўлянай капліцы стараннямі мясцовых вернікаў у Мікашэвічах быў пабудаваны парафіяльны касцёл, які пасля ваенных ліхалеццяў і ночы атэізму быў страчаны.

Пасля працяглага перыяду нявызначанасці, дзякуючы руплівасці парафіянаў і душпастыраў, а таксама дзякуючы прыхільнасці мясцовых уладаў, якія са зразуменнем аднесліся да патрэбаў мікашэвіцкіх католікаў, замест ранейшай святыні ў 2005 годзе гэтай парафіі быў перададзены будынак у цэнтры старой часткі горада з мэтай яго адаптацыі пад касцёл. Пасля некалькіх этапаў рамонтных прац, будынак новай парафіяльнай святыні стаў яшчэ адным упрыгажэннем горада Мікашэвічы, а мясцовыя вернікі цешацца пладамі сваёй і мясцовых душпастыраў руплівай працы, атрымаўшы годнае месца для супольнай малітвы, набажэнстваў, цэлебрацыі святых сакрамэнтаў.

Запрашаю святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла ў Мікашэвічах.

У асаблівы час, калі Паўсюдны Касцёл рыхтуецца да Юбілею Святога 2025 года, а Пінская дыяцэзія адзначае сто гадоў з даты яе заснавання, няхай нашая супольная малітва 7 снежня стане знакам салідарнай духоўнай падтрымкі для мясцовай парафіі, разам з якою хочам падзяліць радасць гістарычнага акту пасвячэння — аддання мікашэвіцкага касцёла ў выключнае служэнне на Божую хвалу і дзеля збаўлення людзей.

З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 27 лістапада 2024 г.

 

 

Святарам належыць абвясціць гэтае паведамленне вернікам у нядзелю 1 снежня падчас кожнай святой Імшы і размясціць на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў да 7 снежня 2024 г.

 

Абноўлена 28.11.2024 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.