Пошук

10.12.2024 15:01   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Кс. Чэслаў Ладыка / Catholic.by

7 снежня, напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у горадзе Мікашэвічы Лунінецкага раёна (Пінская дыяцэзія, Пінскі дэканат) адбылася ўрачыстасць пасвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Цэлебрацыю святой Імшы з абрадам пасвячэння святыні ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічаў біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец ОР з Гомеля, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, кансэкраваныя асобы, вернікі з мікашэвіцкай і з суседніх парафій.

Літургія распачалася сімвалічным адкрыццём дзвярэй касцёла. На парозе святыні біскупа Пінскага прывітаў мясцовы пробашч ксёндз Дзмітрый Кернога і прадстаўнікі парафіі з хлебам-соллю.

Звяртаючыся да сабраных, біскуп Дзям’янка адзначыў, што новая каталіцкая святыня ў Мікашэвічах — гэта годнае месца культу для вернікаў і ўпрыгажэнне для горада.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка.

Святар узгадаў драматычны шлях, які прайшла да гэтага ўрачыстага дня мясцовая парафія. Пасля ліхалеццяў вайны і ночы атэізму ў мінулым стагоддзі, яна страціла былую парафіяльную святыню.

Але дзякуючы настойлівай руплівасці вернікаў, самаадданаму служэнню мясцовых святароў, разуменню патрэбаў Касцёла з боку мясцовых уладаў удалося атрымаць іншы адпаведны будынак замест ранейшага касцёла, правесці некалькі этапаў яго грунтоўных рамонтаў, каб цешыцца новай парафіяльнай святыняй, годнай яе сакральнага прызначэння.

На заканчэнне святой Імшы да вернікаў прамовіў біскуп Велікаселец, які стаяў ля вытокаў адраджэння дзейнасці парафіі ў 1990-я гады.

Заслужаны палескі іерарх заахвоціў сабраных цаніць дар касцёла, тыя магчымасці ўзрастання ў святасці, якія адкрывае ўдзел у штодзённай святой Імшы ў гэтай святыні і рэгулярнае ўмацаванне святымі сакрамэнтамі.

Са словамі віншавання да парафіянаў і іх пастыраў звярнуўся таксама старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Аляксандр Дзядовіч.

Кіраўнік гарадской адміністрацыі адзначыў значны ўнёсак мясцовай каталіцкай парафіі ў развіццё духоўнага і культурнага жыцця Мікашэвічаў, спрыянню міжканфесійнаму і грамадскаму міру і ўзаемаразуменню.

На заканчэнне літургіі біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец ўдзялілі ўсім сабраным пастырскае благаслаўленне.

Іерархі пажадалі шчодрых духоўных плёнаў мікашэвіцкім вернікам, якія адгэтуль будуць збірацца на супольную малітву ў пасвячанай парафіяльнай святыняй.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.