Пошук

28.11.2024 16:46   Тэкст: Дамінік Запаснік / Фота: Марына Рамук / Catholic.by

З 22 па 24 лістапада ў рэкалекцыйным доме пры касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшлі рэкалекцыі Альфа-курса «Выходныя з Духам Святым», у якіх узялі ўдзел каля 90 чалавек.

Духоўныя практыкаванні для вернікаў з Навагрудка і з Мінска праводзіў ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала. У і'х браў дзел таксама вядучы Альфа-курса ў Мінску ксёндз канонік Юрый Санько.

У першы дзень духоўных практыкаванняў удзельнікі сустрэліся на вечары знаёмстваў і супольнай усяночнай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Суботні дзень быў вельмі насычаным: сабраныя праслухалі канферэнцыі, прысвечаныя Божай Асобе Духа Святога, узялі ўдзел у святой Імшы, супольна маліліся на ружанцы і падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Апошні дзень рэкалекцый завяршылі сведчанні з перажытых рэкалекцый і супольная Эўхарыстыя.

Альфа-курс — гэта серыя катэхез, прысвечаных вывучэнню асноваў хрысціянскай веры: керыгме. На кожнай сустрэчы разглядаюцца розныя пытанні, звязаныя з верай, і ўсё прызначана для таго, каб людзі маглі ажывіць і паглыбіць сваю веру.

Альфа-курс з’яўляецца адным з дзейсных метадаў прапаведвання Уваскрослага Хрыста, што пачаў развівацца ў Каталіцкім Касцёле ў нашай краіне і з’яўляецца адказам мясцовага Касцёла на заклік Другога Ватыканскага Сабору і Папы Францішка да актыўнага ўключэння ў працэс новай евангелізацыі.

Сёння Альфа-курс праходзіць у многіх мясцінах Беларусі: у Гродне, Віцебску, Глыбокім, Крупках, Мінску, Навагрудку і Оршы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа