Пошук

30.07.2016 00:00  

Божая любоў не мае межаў, яна існуе спрадвеку. Бог першы палюбіў чалавека. Кожнага чалавека без выключэння Ён любіць невымоўнай любоўю, якая струменіць з самага Сэрца Хрыста.

Повязь духоўнай любові схавана ў Сэрцы Хрыста,
У ціхай малітве, у маўчанні імкнецца яна да Айца…

I, часам, у вячэрняй задуме да сэрца Хрыстос прамаўляе
Праз Слова святое жывое, якое спрадвеку трывае,

А часта, бывае, натхняе да шчырай малітвы за бліжніх,
Якая заўсёды з’яднае спрагнёныя сэрцы ў цішы.

Малітва трывае ў пакоры, у подыху Божай любові…
І сэрцам, душой адчуваеш, што Хрыстус побач з табою!


Вельмі часта ў сучасным свеце, які ахоплены духам спажывецтва і непатрэбнай штодзённай мітусні, чалавек настолькі заняны рознымі праблемамі, клопатамі, што не мае часу на тое, каб крыху спыніцца, суцішыцца і з’яднацца з Богам у малітве, адчуць дотык Божай любові і міласэрнасці, пачуць Божы голас у сваім сэрцы.

Здараецца, што, прыходзячы ў святыню на нядзельную святую Імшу, многія вернікі не могуць у паўнаце даверыцца Богу, адкрыць Яму свае сэрцы, даручыць усемагутнаму Пану ўсе свае справы, думкі і намеры. Нават малітва вельмі часта прамаўляецца толькі вуснамі, проста механічна, а думкі канцэнтруюцца на свецкай мітусні. Бывае, што чалавек нібыта і ўзносіць малітву да Бога, а сэрца перапаўняецца сумнівамі і недаверам. Чалавек сумняваецца ў тым, што для Бога няма нічога немагчымага.

Але ж заўсёды важна памятаць толькі адно: каб тое, аб чым просім у малітве, не супярэчыла Божай волі.

А каб штодзённа ўзрастаць у цнотах веры, надзеі і любові, напоўніцца даверам да міласэрнага Айца, цяпер варта ўважліва заглыбіцца ў духоўныя разважанні аб Божай міласэрнасці.

Як кажа святая сястра Фаўстына: «Няхай душа, якая сумняваецца, чытае гэтыя разважанні аб міласэрнасці і стане даверліваю» (Дз. 949).

Міласэрнасць Божая, якая выплывае з улоння Айца, — давяраю Табе.
Міласэрнасць Божая, найвялікшая ўласцівасць Бога, — давяраю Табе.
Міласэрнасць Божая, неспасцігальная таямніца, — давяраю Табе.
Міласэрнасць Божая, крыніца, што выплывае з таямніцы Найсвяцейшай Тройцы, — давяраю Табе.
Міласэрнасць Божая, неспасцігальная ніякім чалавечым ані анёльскім розумам, — давяраю Табе.
Міласэрнасць Божая, з якой струменіць усялякае жыццё і шчасце, — давяраю Табе.
Міласэрнасць Божая, вышэйшая за нябёсы.
Міласэрнасць Божая, крыніца цудаў і дзіваў.
Міласэрнасць Божая, якая ахоплівае ўвесь сусвет.
Міласэрнасць Божая, якая сыходзіць на свет у Асобе Слова Уцелаўлёнага.
Міласэрнасць Божая, якая выплыла з адкрытай раны Сэрца Езуса.
Міласэрнасць Божая, заключаная ў Сэрцы Езуса для нас, і асабліва для грэшнікаў.

Міласэрнасць Божая, неспасцігальная ва ўстанаўленні святой Гостыі.
Міласэрнасць Божая ва ўстанаўленні святога Касцёла.
Міласэрнасць Божая ў сакрамэнце святога хросту.
Міласэрнасць Божая ў апраўданні нас Езусам Хрыстом.
Міласэрнасць Божая, якая спадарожнічае нам праз усё жыццё.
Міласэрнасць Божая, якая атуляе нас асабліва ў хвіліну смерці.
Міласэрнасць Божая, якая адорвае нас несмяротным жыццём.
Міласэрнасць Божая, якая спадарожнічае нам у кожны момант жыцця.
Міласэрнасць Божая, якая захоўвае нас ад агню пякельнага.
Міласэрнасць Божая ў навяртанні закаранелых грэшнікаў.
Міласэрнасць Божая — здзіўленне для анёлаў, неспасцігальная для святых.

Міласэрнасць Божая, неспасцігальная ва ўсіх таямніцах Божых.
Міласэрнасць Божая, якая выводзіць нас з усялякай нястачы.
Міласэрнасць Божая, крыніца нашага шчасця і радасці.
Міласэрнасць Божая, якая кліча нас з небыцця да існавання.
Міласэрнасць Божая, якая ахоплівае ўсе справы рук Ягоных.
Міласэрнасць Божая — вянец усяго, што ёсць і што будзе.
Міласэрнасць Божая, у якую мы ўсе акунутыя.
Міласэрнасць Божая, прыемнае суцяшэнне для змучаных сэрцаў.
Міласэрнасць Божая, адзіная надзея душаў, што знаходзяцца ў роспачы.
Міласэрнасць Божая, адпачынак сэрцаў, супакой у трывозе.
Міласэрнасць Божая, асалода і захапленне святых душаў.
Міласэрнасць Божая, якая абуджае давер насуперак надзеі.

О спрадвечны Божа, Твая міласэрнасць бязмежная, а скарбы літасці — бясконцыя, глянь на нас ласкава і памнож у нас сваю міласэрнасць, каб мы ў цяжкія хвіліны не паддаваліся роспачы і не падалі духам, а з вялікім даверам згаджаліся з Тваёю святою воляю, якая — сама любоў і сама міласэрнасць (Дз. 950).

О неспасцігальная і бязмежная міласэрнасць Божая,
Хто Цябе годна ўшанаваць і праславіць можа,
Найвялікшая ўласцівасць Усемагутнага Бога,
Ты — надзея адзіная для грэшнага і слабога (Дз. 951).

На старонках духоўнага Дзённіка сястры Фаўстыны таксама можна знайсці цудоўную малітву даверу (Дз. 1730):

«Прыбягаю да Тваёй міласэрнасці, Божа ласкавы і адзіна добры. Хоць мая мізэрнасць вялікая і правіны шматлікія, аднак я давяраю Тваёй міласэрнасці, таму што Ты — Бог міласэрнасці, і спрадвеку нечувана, і ні зямля, ні неба не памятаюць, каб душа, якая давярае Тваёй міласэрнасці, была падманутая. О літасцівы Божа, толькі Ты адзін можаш мяне апраўдаць і ніколі не адкінеш мяне, калі я з пакаяннем звярнуся да Твайго міласэрнага Сэрца, якое нікому не адмовіць, нават найвялікшаму грэшніку».

Увогуле, пры разважанні над таямніцаю даверу да Божай міласэрнасці ў сэрцы нараджаюцца наступныя радкі:

Шчаслівы той, хто давярае...

Любоў Хрыста знішчае страх,
                 калі пакаяцца ў грахах!
Даверся цалкам Пану Богу —
                 пакажа Ён табе дарогу,
Шлях святасці і чысціні...
                 Ты ж толькі сэрца адчыні!
Цябе Ён любіць і чакае…
                 Шчаслівы той, хто давярае!!!


Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа