Сёння вельмі актуальныя словы Хрыста-Збаўцы: «Жніво сапраўды вялікае, ды
работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на
жніво сваё» (Мц 9, 37-38).
У сучасным свеце тыя, хто чуе ў сваім сэрцы заклік Хрыста: «Ідзі за Мною», на жаль, не заўжды адкрываюць свае сэрцы, не робяць адважны крок насустрач уваскросламу Хрысту і не ідуць за голасам Божага паклікання. А менавіта таму, што ціхі голас Хрыста заглушаецца гоманам гэтага свету, поўнага часовых задавальненняў, раскошаў і забаў.
Вельмі часта выбар маладога чалавека — паступіць вучыцца ў вышэйшую духоўную семінарыю — не прымаюць бацькі і сябры, лічачы яго нейкім дзіваком і нават вар’ятам. Дзіўна, але, на жаль, так ёсць: не заўсёды родныя і блізкія разумеюць пакліканне да святарскага альбо кансэкраванага жыцця. Яны пачынаюць крытыкаваць, здзіўляцца і нават асуджаць чалавека, які адчувае, што Хрыстус кліча яго для служэння на Божай ніве. Пакліканне — гэта Божы дар і вялікая таямніца! Таму замест негатыўнай крытыкі і асуджэння з нашых сэрцаў павінна ўзносіцца малітва праслаўлення і падзякі Богу-Айцу Усемагутнаму, які дакрануўся да сэрца маладога чалавека і кліча яго пайсці за голасам сумлення.
Тым больш вельмі важна маліцца за тых, хто ўжо станоўча адказаў Богу: «Так. Вось я. Пашлі, Хрысце, мяне на жніво сваё!»
На старонках духоўнага Дзённіка святой сястры Фаўстыны Кавальскай ёсць цудоўная малітва за святароў (Дз. 1052). Таму варта зараз з вялікім даверам да Божай міласэрнасці маліцца не толькі вуснамі, але і сэрцам і душой:
«О мой Езу, я прашу Цябе за ўвесь Касцёл, дай яму любоў і святло свайго Духу, дай сілу святарскім словам, каб зацвярдзелыя сэрцы пакаяліся і вярнуліся да Цябе, Пане. Пане, дай нам святых святароў. Ты сам захавай іх у святасці. О Боскі і Найвышэйшы Святар, няхай моц Тваёй міласэрнасці спадарожнічае ім усюды і бароніць іх ад д’ябальскіх пастак і нератаў, якія пастаянна расстаўляюцца на святарскія душы. О Пане, няхай моц Тваёй міласэрнасці крушыць і ператварае ў пыл усё, што магло б азмрочыць святасць святара, бо Ты ўсё можаш».
І яшчэ ёсць малітва-просьба, якую сястра Фаўстына ўзносіла да Божага Сэрца ў дзень сваіх вечных манаскіх абяцанняў: «Езу, узлюблены мой Абраннік, прашу Цябе аб трыумфе Касцёла…, аб благаслаўленні для Святога Айца… і ўсяго духавенства, аб ласцы навяртання закаранелых грэшнікаў. Прашу Цябе, Езу, аб асаблівым благаслаўленні і прасвятленні для святароў, у якіх у сваім жыцці я буду спавядацца» (Дз. 240).
Як кажа святы апостал Якуб: «…шмат можа малітва справядлівага» (Як 5, 16), таму варта нам, вернікам святога Каталіцкага Касцёла, з’яднацца ў малітве за ўсё духавенства і духоўна падтрымаць святароў, каб Езус Хрыстус у сваёй бязмежнай міласэрнасці, «які паклікаў апосталаў, каб зрабіць іх лаўцамі душаў», учыніў усіх святароў сваімі руплівымі паслядоўнікамі і слугамі, каб яны ўбачылі ўвесь свет, які прагне святла праўды і любові, каб сталі соллю зямлі і святлом свету. Асабліва патрэбна малітва, каб усемагутны Бог дарам мужнасці ўзмацняў сэрцы тых, хто прагне, але не адважваецца ступіць на вузкую цярністую сцежку святарскага служэння дзеля пашырэння Божага Валадарства і плённа працаваць дзеля Яго хвалы.
Быць святаром — вялікая адказнасць:
Супольна з Богам крочыць па жыцці.
І часам пасвіць Божы статак цяжка,
Але святар павінен з годнасцю ісці…
Ісці наперад цяжкасцям, турботам,
Ісці, калі пануе ў сэрцы неспакой,
Заўжды наперад крочыць разам з Богам,
Надзею запаліць у велічы святой
І ажывіць надзеяй тыя сэрцы,
Што так шукаюць Бога кожны дзень —
Тады любоў бязмежная пральецца
І кожны атрымае, што хацеў.
Святарскае служэнне — недарэмна:
Яно прыносіць душам супакой,
І сэрца прамяніцца Божаю любоўю,
Калі жывы Хрыстос знішчае цень грахоў!
Каму грахі адпусціце, сам Бог таму прабачыць;
Калі ж вы затрымаеце грахі на кім,
Той чалавек, не атрымаўшы прабачэння, плача,
І часам пачынае скардзіцца на лёс цяжкі.
Святарства — гэта Божы дар вялікі,
І ўстаноўлена яно самім Хрыстом.
Хрыстос сам першы чалавека клікаў,
Пятру прапанаваў: «Ідзі за Мной!»
Сказаў яму Хрыстос: «Скалою будзеш,
І пабудую Я на ёй Касцёл,
Маіх авечак годна пасвіць будзеш
І несці душам грэшным супакой.
Служэнне тваё будзе вельмі плённым:
Ты будзеш сэрцы людскія лавіць,
Каб скіраваць з грахоў іх на шлях Божы,
Любоўю раны душаў ацаліць».
Таму святарскае служэнне — шлях адказны,
І мае мэту важную яно:
Хрысту дапамагаць у збаўленні душаў,
Малітваю і постам нішчыць зло,
Бо мэтаю галоўнай ёсць збаўленне —
У асвячальнай Божай ласцы жыць,
Таму эўхарыстычную ахвяру
Сам Езус даручае святару служыць!
I кожная Імша святая —
Вялікі скарб для ацалення душ.
Таму служы, святар, бо Езус заклікае:
— Сумленне грэшнікаў хутчэй узруш!
Бо менавіта сёння — час збаўлення,
Час міласэрнасці, паўстання з усіх грахоў!
Няхай жа Дух Святы напоўніць сэрца,
Душу асветляць радасць і любоў!
Анастасія-Алена Блусянкова