Пошук

24.05.2016 00:00  

«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 16–17).

Езус Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб выканаць місію збаўлення, даручаную Яму Айцом Спрадвечным. Пасля свайго хвалебнага ўваскрасення, унебаўшэсця і спаслання Духа Святога Езус Хрыстус і цяпер застаецца з намі, але прабывае сярод нас у сваім перамененым хвалебным Целе. Збаўца наш укрыты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Жывы Езус прыходзіць на алтар у постацях хлеба і віна, якія перамяняюцца ў праўдзівае Цела і праўдзівую Кроў Хрыста-Збаўцы, калі святар моліцца над дарамі ў час святой Імшы.

«Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё – праўдзівы спажытак, а Кроў Мая – праўдзівы напой», — кажа Хрыстус (Ян 6, 54-55).

«У Эўхарыстыі аб’яўляецца любоў Хрыста, якая ідзе ажно да канца; любоў, якая не ведае межаў (пар. 1 Кар 13, 1).

Эўхарыстыя ў такім разуменні была прадметам асаблівага ўшанавання з самага пачатку яе існавання. Так сцвярджае вялікі настаўнік веры святы Тамаш Аквінскі, які ў сваіх працах напісаў, што здзяйсненне Найсвяцейшай Ахвяры мае такую ж вартасць, як і смерць Пана Езуса на крыжы. Святы Ян Віянэй таксама вучыў, што мучаніцтва чалавека за веру мае меншую вартасць, чым Ахвяра святой Імшы. Мучаніцтва за веру — гэта ахвяра чалавека для Бога, а святая Імша — гэта Ахвяра Бога для чалавека» (Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі).



Святая сястра Фаўстына Кавальская кажа: «Толькі ў вечнасці мы спасцігнем, якую вялікую таямніцу здзяйсняе ў нас святая Камунія» (Дз 840).

Сястра Фаўстына разумее, што яна сама па сабе без Божай падтрымкі – вельмі слабая, таму толькі ў  святой Эўхарыстыі яна чэрпае пэўную моц. «Я адчуваю сябе такою слабою, што калі б не святая Камунія, я пастаянна падала б; толькі адно мяне падтрымлівае – гэта святая Камунія, з яе я чэрпаю сілы, у ёй мая моц. Я баюся жыцця, [калі] ў які дзень не прымаю святой Камуніі. Я баюся самой сябе. Езус, утоены ў Гостыі, — гэта ўсё для мяне. З табернакулюма я чэрпаю сілу, моц, адвагу, святло; тут у хвіліны мучэнняў шукаю суцяшэння. Я не змагла б аддаваць хвалы Богу, калі б у мяне ў сэрцы не было Эўхарыстыі» (Дз. 1037).

О Гостыя святая, крыніца асалоды Божай,
Даеш Ты душы маёй моц,
О, Ты ўсемагутны, уцелаўлёны з Дзевы,
Прыходзіш утоены ў маё сэрца,
І не спасцігне Цябе пачуццяў моц (Дз. 1233).


Святая сястра Фаўстына прыгадвае той момант, калі Божая любоў упершыню дакранулася яе сэрца: «З самых ранніх гадоў Езус прыцягнуў мяне да сябе ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Калі мне было сем гадоў і я была на нешпарах, падчас якіх Пан Езус быў выстаўлены ў манстранцыі, я ўпершыню адчула Божую любоў, якая напоўніла маё маленькае сэрца, і Пан даў мне разуменне Божых справаў; з таго дня ажно да сёння мая любоў да ўтоенага Бога ўзрастае, дасягаючы даверлівай блізкасці. Уся сіла маёй душы сыходзіць з Найсвяцейшага Сакрамэнту. Увесь вольны час я праводжу ў размове з Ім, Ён – мой Настаўнік» (Дз. 1404).

Вось прыклад праўдзівай любові, якая грунтуецца на вернасці; любові, якая не спіць, не дрэмле, не згасае, а развіваецца, узрастае, паглыбляецца; любові, якая не перастае, якая вечна трывае.

Бог першым бязмежна ўзлюбіў чалавека, а ўжо менавіта ад чалавека залежаць яго асабістыя адносіны з Богам: альбо ён адкрые сваё сэрца на Божую любоў, альбо, наадварот, будзе жыць так, нібыта Бога няма, і спадзявацца толькі на свае ўласныя чалавечыя сілы.



Фаўстына Кавальская адкрыла сваё сэрца на Божую любоў яшчэ ў дзяцінстве. Яна звяртаецца да Езуса і прызнаецца ў любові: «О Езу мой, Ты ведаеш, што я прагну любіць Цябе такою любоўю, якою дасюль ніякая душа Цябе не любіла. Я хацела б, каб увесь свет перамяніўся ў любоў да Цябе. Абраннік мой, Ты сілкуеш мяне малаком і мёдам свайго Сэрца; з самых ранніх гадоў Ты сам выхоўваў мяне для сябе, каб цяпер я ўмела Цябе любіць. Ты ведаеш, што я люблю Цябе, бо толькі Ты адзін ведаеш глыбіню ахвяры, якую я штодзённа Табе складаю» (Дз. 1771).

Толькі Эўхарыстыя перамяняе чалавечае сэрца, і святая Фаўстына разумее гэта: «Усё, што ўва мне ёсць добрага, здзейснена святою Камуніяй, усім я абавязана ёй. Я адчуваю, што гэты святы агонь цалкам перамяніў мяне. О, як я радуюся, што з’яўляюся жытлом для Цябе, Пане; маё сэрца – гэта святыня, у якой Ты пастаянна прабываеш…» (Дз. 1392).

«Самая ўрачыстая хвіліна ў маім жыцці  –  гэта хвіліна, калі я прымаю святую Камунію. Я сумую па кожнай святой Камуніі і за кожную святую Камунію дзякую Найсвяцейшай Тройцы», - кажа сястра Фаўстына.

«Калі б анёлы маглі зайздросціць, яны зайздросцілі б нам у дзвюх рэчах: па-першае, у прыняцці святой Камуніі; па-другое, у цярпенні» (Дз. 1804).

Аднойчы пасля святой Камуніі Езус сказаў сястры Фаўстыне, як моцна Ён прагне прыходзіць  да людскіх сэрцаў. «Я прагну яднацца з людскімі душамі; яднацца з душамі для Мяне – асалода. Ведай пра гэта, дачка Мая: калі ў святой Камуніі Я прыходжу да людскога сэрца, Мае рукі поўныя ўсялякіх ласкаў, якія Я прагну аддаць душы, але душы нават не звяртаюць на Мяне ўвагі, пакідаюць Мяне аднаго і займаюцца чымсьці іншым. О, як Мне сумна, што душы не спазналі Любові. Яны абыходзяцца са Мною як з чымсьці мёртвым» (Дз. 1385).

«Ах, як Мне балюча, што душы так мала яднаюцца са Мною ў святой Камуніі. Я чакаю іх, а яны да Мяне абыякавыя. Я так чула і шчыра іх люблю, а яны Мне не давяраюць. Я  хачу абсыпаць іх ласкамі, а яны не хочуць іх прыняць. (…) Маё ж сэрца поўнае любові і міласэрнасці. Каб хоць трохі зразумець Мой боль, уяві сабе самую чулую маці, якая вельмі любіць сваіх дзяцей, але дзеці пагарджаюць любоўю маці – падумай пра яе боль, яе ніхто не суцешыць. Гэта толькі бляклы вобраз і падабенства Маёй любові» (Дз. 1447).

Эўхарыстыя – самы каштоўны дар Бога для чалавека, таму што Езус  Хрыстус ахвяруе самога сябе ў святым сакрамэнце.



Сёння многія людзі прыходзяць у святыню памаліцца, прымаюць удзел у святой Імшы, але, на жаль, не даацэньваюць усю веліч Божага дару святой Эўхарыстыі. Некаторыя  нават сядзяць і размаўляюць паміж сабою ў той момант, калі святар удзяляе вернікам святую Камунію.

Альбо вельмі часта можна назіраць такую сітуацыю: у каго-небудзь у касцёле падчас эўхарыстычнай малітвы зазвоніць мабільны тэлефон, і чалавек пачынае яго шукаць у сумцы ці ў кішэнях, каб выключыць гук, альбо, яшчэ горш, пачынае размаўляць, перашкаджаючы маліцца іншым. Тым самым ён абражае Бога і зневажае бліжніх.

Сам не можа супакоіцца, суцішыць сваё сэрца нават у час целебрацыі святой Імшы. Замест таго, каб схіліцца перад Богам, устаць на калені і маліцца ў цішыні, чалавек так і не можа адарвацца ад сваіх штодзённых клопатаў і мітусні, ён пастаянна чымсьці занепакоены. А ўсё гэта яшчэ і таму, што не ўсе людзі цалкам давяраюць Богу, не кожны чалавек падчас малітвы давярае Езусу ўсе свае турботы, усе смуткі і радасці.

На жаль, многія не разумеюць, што ў Эўхарыстыі прысутны сам Хрыстус – жывы Бог. І не ўсе прысутныя на святой Імшы сэрцам, душою і розумам праслаўляюць Бога за Яго бязмежную любоў і шчодрую міласэрнасць.

Часта таксама даводзіцца назіраць, як некаторыя вернікі пасля святой Імшы выходзяць са святыні. Некаторыя пачынаюць гучна ўголас размаўляць ці нават сварыцца, вырашаючы нейкія праблемы. Хтосьці, не паспеўшы пераступіць парог касцёла, пачынае тэлефанаваць сябрам ці знаёмым. І шмат іншых непрыемных момантаў штодзённа можа напаткаць нас. Але гэта не павінна з’яўляцца для нас нагодаю, каб асуджаць такіх людзей. За іх патрэбна маліцца! Маліцца асабліва за навяртанне тых, хто сваімі паводзінамі ў святыні абражае і зневажае Бога, хто не разумее велічы Бога, укрытага ў святой Гостыі.

Аднойчы, калі сястра Фаўстына разважала пра святую Эўхарыстыю, яна занатавала ў сваім духоўным Дзённіку:

«Святая Гостыя, у якой знаходзіцца тэстамэнт Божай міласэрнасці да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой – Цела і Кроў Пана Езуса як доказ бясконцай міласэрнасці да нас і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой – вечнае жыццё, што з бясконцай міласэрнасці шчодра даецца нам, і асабліва бедным грэшнікам.

Святая Гостыя, у якой – міласэрнасць Айца, Сына і Духа Святога да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой – бязмежная цана міласэрнасці, якая аплаціць усе нашыя даўгі, і асабліва бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой знаходзіцца крыніца жывой вады, што струменіць з бясконцай міласэрнасці да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой – агонь найчысцейшай любові, што палымнее з лона Спрадвечнага Айца як з бездані бясконцай міласэрнасці да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой знаходзіцца лякарства ад усіх нашых недамаганняў, [лякарства], што ліецца з бясконцай міласэрнасці, як з крыніцы, для нас, і асабліва для бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой – лучнасць паміж Богам і намі праз бясконцую міласэрнасць да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, у якой – усе пачуцці наймілейшага Сэрца Езуса да нас, і асабліва да бедных грэшнікаў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ва ўсіх цярпеннях і жыццёвых цяжкасцях.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў цемры і бурах – унутраных і знешніх.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў жыцці і ў гадзіну смерці.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў няўдачах і ў бездані сумненняў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея сярод маны і здрадаў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея сярод цемры і бязбожнасці, якая залівае зямлю.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў жальбе і болю, у якім нас ніхто не разумее.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў цяжкай працы і шэраці штодзённага жыцця.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея ў крушэнні нашых спадзяванняў і памкненняў.

Святая Гостыя, адзіная наша надзея сярод варожых стрэлаў і высілкаў пекла.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі цяжкасці будуць пераўзыходзіць мае сілы, калі ўбачу бясплённасць сваіх намаганняў.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі віхуры будуць ірваць маё сэрца і ўстрывожаны дух будзе схіляцца да сумненняў.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі маё сэрца будзе дрыжаць і смяротны пот зросіць маё чало.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі ўсё паўстане супраць мяне і чорная роспач будзе закрадвацца ў душу.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, позірк мой пачне згасаць для ўсяго, што часовае, а дух мой упершыню ўбачыць невядомы свет.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі мая праца будзе пераўзыходзіць мае сілы і няўдачы будуць пастаянна мне спадарожнічаць.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі захаванне цноты здасца мне цяжкім і мая натура ўзбунтуецца.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі ўдары ворагаў будуць скіраваныя супраць мяне.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі мая праца і намаганні будуць асуджаныя людзьмі.

Святая Гостыя, я буду давяраць Табе, калі прагучыць Твой суд нада мною, — тады я буду давяраць акіяну Тваёй міласэрнасці» (Дз. 356).

Вялікія ласкі Бог удзяляе тым, хто ў пакоры схіляецца перад Ім, не толькі просіць аб нечым, але і не забываецца падзякаваць за атрыманыя дары і ласкі; тым, хто Яму давярае і адкрывае сваё сэрца, каб прыняць любоў, якая струменіць са святой Эўхарыстыі, і дзяліцца Божай любоўю з бліжнімі, каму яна найбольш неабходна.

Калі сэрца адкрытае на міласэрную спрадвечную любоў, душа спявае:

О Езу ў Гостыі, песню хвалы прымі

І будзь праслаўлены цяпер і на вякі.

О Езу, Пане мой, прагну я жыць Табой

Езу! – я Твой заўжды, цяпер і на вякі.

О Езу, Божа мой, Збаўца душы маёй,

У сэрцы маім жыві цяпер і на вякі.

Таму варта няспынна праслаўляць Бога Усемагутнага, Адзінага ў Святой Тройцы, праслаўляць Яго сэрцам і душою словамі вядомай малітвы:

Няхай будзе праслаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт,
Праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага, Езуса Хрыста!

Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.