Калі дзеці пакідаюць дом, часам хочацца іх затрымаць. Але прыходзіць
час, і выпраўляем іх канчаткова. Шлюб, вяселле бывае моцным акордам для
бацькоў у працэсе непазбежнага адыходу дзіцяці з дому. У доме робіцца
пуста. Чым запоўніць гэтую пустату? Як перажыць даспелую сужэнскую любоў
у сталым веку? Ці ўмешвацца і якім спосабам у жыццё сваіх дзяцей? Як
зрабіць, каб перажыванне гэтага часу не стала кашмарам? Калі патрэбна аб
гэтым паклапаціцца? Такія пытанні раней ці пазней паўстаюць перад
кожным сужэнствам, якое выхоўвае дзяцей.
Балаган у апусцелым гняздзе
Людзі па натуры актыўныя запаўняюць пустату новымі заняткамі або павялічваючы інтэнсіўнасць тых, што былі да гэтай пары: праца на дачы, рыбалка, адведванне дзяцей калі трэба і калі не трэба, рамонт памяшкання, будоўля новага дома. Часам гэта спакойна запланаваныя справы, часта трохі «нервовыя» і неабдуманыя.
Памятаю знаёмых, якія скардзіліся, што бацькі, збудаваўшы для іх дом, пачалі будаваць наступны, невядома каму і навошта, а да таго ж уцягнулі ў гэта і сваіх дзяцей. Часта бацькі дамагаюцца ад дзяцей сумеснага з імі жылля, каб і надалей «мець вока на дзяцей». А праўду кажучы, то патрэбна змягчыць уласную некампетэнтнасць парадаў сабе ў новай сітуацыі. Штораз болей адчуваеццца ўплыў часу, ажываюць няспоўненыя мары.
«Пачні, нарэшце, думаць аб сабе», – раяць прыяцельніцы. Большасць згаджаецца. Але «бабіна лета» для некаторых мужчын занадта восеньскае… Праблемы здароўя, звязаныя з менапаўзай жонкі, часта звяртаюць увагу мужа да маладзейшых жанчын. Памятаю размову з мужчынам, які пасля адыйсця дзяцей з дому заўважыў, што здабыванне грошай на розныя хатнія патрэбы прывяло да нерэалізаванасці яго ў жыцці. Не зрабіў кар’еру. Назваў сябе банкротам у жыцці. Каб пераадолець бяссілле, смутак і адстаўку, кінуўся ў новы саюз з іншай жанчынай. Аднак многа мужчын перажываюць у той час таксама рост актыўнасці на працы, у грамадстве. Добра, калі гэта свядомы выбар, горш – калі гэта ўцёкі з дому, ад жонкі.
Актыўнасць жанчын часта накіравана ў бок чакання ўнука. Дапамога ў выхаванні, аказаная бацькам ці ўласным дзецям, незаменная, але часта перараджаецца ў жаданне «валодаць» унукам. Такім спосабам рэалізуецца смутак аб мацярынстве, якое прайшло. З’яўляецца «займеннік» валодання дачкою ці сынам, магчымасць далей уплываць на жыццё дзяцей, дэкарацыю іх памяшкання, колер фіранак і пакрыццяў. Бо яны не маюць ніякага вопыту і самі сабе не дадуць рады. Гэта не такія рэдкія выпадкі, калі праяўленнем сіндрому апусцелага гнязда становіцца такое далёкае ўмяшальніцтва ў жыццё дзіцяці і гіперапека ўмоваў унука, што даходзіць да разрыву сужэнства.
Усё гэта праяўленні хаатычных дзеянняў, унутранага балагану, якія вынікаюць часта са знясіленасці перад уласнай адзінотай або з эгацэнтрычнага заспакаення ўласных псіхічных патрэбаў.
Каштоўнасці ці сурагат?
На семінары «Сужэнскіх сустрэч» адной з прыкмет фармавання сталай асобы былі названы псіхічныя патрэбы чалавека як матор развіцця асобы. Кожны чалавек перажывае патрэбы кахаць і быць каханым, прыналежнасці іншаму, але і аўтаноміі, патрэбы бяспечнасці, рэалізаванасці, прызнання і многія іншыя. Аднак першай патрэбай з’яўляецца патрэба сэнсу ўласнага існавання і дзеянняў. Калі гэтыя патрэбы не задаволены, чалавек імкнецца запоўніць іх тым, што «пад рукою», хутка, каб не цярпець ад недахопу, які ўзнік з-за іх. Знаходзіць тут і сваё рашэнне праблемы апусцелага гнязда.
Менавіта жаданне хутка запоўніць пустату становіцца нагодай да празмернага апякунства ўнукаў. Пошук новых сексуальных адчуванняў з трэцяй асобай, рознага роду актыўнасць будуць хутчэй уцёкам ад праблем, а не рашэннем іх. Такога роду імкненні ўздзейнічаюць, як таблетка ад болю галавы, як наркотык. Яны вызываюць часовае заспакаенне патрэбаў. Ангажэмент зацягвае, запаўняе пустату, аднак на кароткі час, бо ў глыбіні дрэмлюць патрэбы, якія дамагаюцца – спосабам болей ці меней свядомым – каштоўнасці, а не сурагату.
Таму патрэбна рэфлексія над спосабам свайго ангажэмента: ці гэта сурагат, ці вынікае з сістэмы каштоўнасцяў, такіх, як любоў, свабода, праўда, вернасць, сумленнасць, годнасць асобы, сэнс жыцця. Адыход дзяцей з дому – шанс, заклік да паглыблення сталасці ўласнай асабовасці.
Крытэрый развіцця гнязда
На аснове вышэй указаных вартасцяў патрэбны дыялог – найперш з самім сабою. Патрэбна ўслухоўвацца ў сябе, у свае псіхічныя патрэбы і ў рысы свайго тэмпераменту. Адны з нас больш эмацыйныя, іншыя – менш. Адны вельмі актыўныя, іншыя – пасіўныя, гаваркія або маўклівыя, ваяўнічыя або згодныя. У кожнай з тых рысаў ёсць шанс, але і пагроза развіццю асабовасці. У перыяд адыходу дзяцей з дому наша асабовасць фарміруецца быццам нанова. Варта тады прыглядацца да сваіх рэакцый, паводзінаў, таксама да псіхічных патрэбаў і спосабаў іх заспакаення.
Нараджаецца пытанне: што такое каштоўнасць і якімі крытэрыямі кіравацца ў сваім ангажэменце. Вельмі адмысловую ролю выконвае тут вызначэнне найглыбейшай патрэбы сэнсу. Праверка каштоўнасцяў у апусцелым гняздзе з’яўляецца асаблівай нагодай да распазнання свайго паклікання да жыцця з Богам, а ў штодзённых кантактах – да кіравання запаведдзю любіць Бога і бліжняга.
Запаведзь любові да бліжняга натхняе, заахвочвае да пошуку такіх паводзінаў, ажыццяўленне якіх з’яўляецца натуральнай каштоўнасцю, а не сурагатам. Такога роду праверка прыносіць паглыбленае ўсведамленне жыцця.
Бо пачынаем больш думаць, ці не задавальняем эгацэнтрычна выключна свае патрэбы пад прыкрыццём клопату аб дзецях, а дзецям толькі ўскладняем жыццё. Прымаўка аб тым, каб ашчаслівіць кагосьці «сілаю», мае тады пад сабою вельмі рэальную глебу… У апусцелым гняздзе ёсць час на асаблівую праверку любові як дзеяння для дабра іншых.
Асаблівую вартасць мае дыялог з дзецьмі, які дазваляе нанова адкрыць сувязі з імі. Дзякуючы гэтаму дыялогу становімся чулымі на сапраўдныя іх патрэбы. Спрабуем слухаць, зразумець, дзяліцца сабою і сваім сведчаннем, але нічога не навязваць. Запаведзь любові да Бога не павінна абавязкова рэалізоўвацца «перабольшанай» пабожнасцю, але можа перакладацца на сувязь з іншымі, з захаваннем іх аўтаноміі.
Нарэшце, гаворка тут і аб уласнай аўтаноміі. Асабістая свабода ад псіхічнай залежнасці ад сваіх уласных дзяцей і жыцця ў адчуванні свабоды дзіцяці Божага. Гэта таксама шанс на аднаўленне сувязі з дзецьмі, калі яна была парушана забаронамі, наказамі, прэтэнзіямі або нават агрэсіяй у перыяд падлеткавага бунту.
Успамінаю адну з нашых знаёмых, чые дачка з зяцем павінны былі жыць у адным памяшканні. У размове са мной яна звярнулася да слоў з Кнігі Быцця аб патрэбе дзіцяці пакінуць сваіх бацькоў і спалучыцца са сваім сужэнцам. Казала, што цяпер яна павінна пакінуць дзяцей і што гэта вельмі цяжка зрабіць, жывучы пад адным дахам. Каб знайсці сябе ў новай сітуацыі, трэба збудаваць новыя адносіны ў сям’і, а перадусім – ствараць нанова ўласную ідэнтычнасць, якая абумоўлівае і прымае гэтыя змены.
Час на больш спелую любоў
…Нарэшце, у сямейным гняздзе мы застаемся разам надалей – муж і жонка. Нарэшце, можам мець болей для сябе. У гэтым будаванні нанова сваёй ідэнтычнасці маем адмысловы шанс паглядзець нанова адзін на аднаго. Паглядзець на свае перамогі і паражэнні, на сумеснае мінулае, светлыя хвіліны з якога будуць прыгадвацца часцей, чым цяжкія. Бо час лечыць раны, бо чалавек мае дабро. Зараз прыходзіць адмысловы час заўважання гэтага дабра. Час больш поўнага дыялогу, узаемнай далікатнасці і ўдзячнасці за разам пражытыя гады. Гэта моцная кропка, каб на яе абаперціся і ісці далей. Ведаем, якія памылкі дапусцілі мы ў нашых кантактах, ведаем свае слабыя і моцныя бакі. Можам жыць у большай узаемнай чуласці.
– Амаль праз трыццаць гадоў адкрыла свайго мужа быццам зусім нанова, – напісала адна з удзельніц нашых рэкалекцый.
Калі дзяцей ужо няма дома, інакш арганізуем свой час. Зараз можам праводзіць яго так, як калісьці марылі: сумесныя падарожжы, тэатр, таксама і грамадская праца. Можна мець і іншыя: «Caritas», супольнасць, дзяленне сведчаннем з іншымі. Без мудрагельстваў, маралізатарства, але праз сведчанне таго, што нам удалося і што не. Гэта час падвядзення жыццёвых вынікаў і адважнае крочанне далей, трымаючыся моцна за рукі. Але з усведамленнем, што мы надалей уключаны ў справу любові Божай, што з’яўляемся і надалей тымі, якія павінны быць паміж сабою так блізка, каб ствараць адно цела. У гэтым кантэксце многае набірае новыя прыгожыя колеры.
А можа, няма сіндрому?
Мы не маем наогул часу, каб спыніцца над сіндромам апусцелага гнязда ў нашым жыцці. Мы павінны дбаць аб тым, каб кіравацца аўтэнтычнасцю любові, каб самому адкрывацца на любоў Бога і перадаваць яе іншым. Калі б мы страцілі любоў у адносінах з іншымі людзьмі, якім служым, а таксама з нашымі дзецьмі, тады праўдападобна з’явіўся б сіндром апусцелага гнязда. Тут мова аб любові-caritas, любові-агапе, а не любові ўласнай. Мы павінны кардынальна ачысціць нашыя адносіны з іншымі ад любові ўласнай.
Вярнуліся мы з сустрэчы, дзе адна з маладых жанчын расказала, якім мудрым спосабам яе бацькі дапамаглі ёй з мужам выйсці з сужэнскага крызісу. Яны слухалі, не давалі парады, расказвалі пра свой крызіс у адпаведны перыяд іх жыцця. Гэта прыгожы, хоць і рэдкі прыклад сталых адносінаў да дзяцей, якія ўжо выйшлі з бацькоўскага дому. Так і мы – клопату пра нашых дзяцей у сабе не маем, хоць абедзве дачкі ўжо не жывуць разам з намі. Яны і надалей патрабуюць нашай увагі, прысутнасці, любові.
Мы прынялі тое, што нашы дзеці не з’яўляюцца нашай уласнасцю. Хоць шмат спраў і абуджаюць наш клопат, непакой, мы іх жыццё не зменім. Уплыў на дзяцей ці на іх жыццё маем перадусім праз нашыя ўзаемныя адносіны і спосаб жыцця ў нашым уласным сужэнстве.
Дом для дзяцей з’яўляецца месцам, куды вяртаюцца з пачуццём бяспекі і блізкасці. Нішто іх тут не затрымлівае, але заўсёды ім тут рады.
Кожнае рашэнне, звязанае з адносінамі да іншых, трэба фільтраваць праз любоў да бліжняга: што сапраўды добра для іншага, а што – толькі для мяне… Калі на працягу жыцця будзем адрозніваць, што з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю, а што – сурагатам, калі на працягу жыцця будзем клапаціцца пра сапраўдныя патрэбы іншых, а не заспакойваць толькі ўласныя пад выглядам прысвячэння сябе іншым, калі на працягу жыцця будзем клапаціцца аб моцы нашага сужэнства, – сіндром апусцелага гнязда нам увогуле не пагражае.
Ежы Гжыбоўскі,
Варшава