Божая міласэрнасць з’яўляецца сэрцам Евангелля. У Новым Запавеце ёсць
шмат мудрых словаў, у якіх гаворыцца пра міласэрнасць Бога. У
Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці прапануем падборку некаторых
з іх.
- «Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў» (Мц 9, 13).
- «Калі б вы ведалі, што азначае: „Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б невінаватых» (Мц 12, 7).
- «Гора, вам кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру! Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць» (Мц 23, 23).
- «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).
- «„Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?“ Ён сказаў: „Той, хто паступіў з ім міласэрна“» (Лк 10, 36–37).
- «Што ж скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? Канешне, не! Бо Ён кажа Майсею: „Памілую таго, каго памілую, і злітуюся над тым, над кім літуюся“. Таму не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, які мае міласэрнасць» (Рым 9, 14–16).
- «Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай. Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам, каб язычнікі за міласэрнасць маглі праслаўляць Бога» (Рым 15, 7–8).
- «Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам» (Эф 4, 32).
- «Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць» (Клс 3, 12–13).
- «Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста, да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас, умацаваных сілаю Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час» (1 П 3, 1–5).
- «Гаварыце і чыніце так, як тыя, хто мае быць асуджаны паводле закону свабоды. Бо суд без міласэрнасці чакае таго, хто не чыніў міласэрнасці. Міласэрнасць вышэйшая за суд» (Як 2, 12–13).
- «Але вы, умілаваныя, умацоўвайце сябе на падмурку найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага» (Юд 1, 20–21).
Падрыхтавала Іна Бігель
ave-maria.by