Бог ёсць любоў: любоў чыстая, любоў сапраўдная, ахвярная і бескарыслівая! Менавіта да такой любові нас заклікае сам Езус Хрыстус!
Кожны чалавек створаны Богам з любові і для любові. Кожная душа прагне любові, асабліва ў сучасным свеце, дзе вельмі адчуваецца голад – недахоп сапраўднай любові, калі чалавек часта аказваецца адкінутым грамадствам, нікому не патрэбным. А ўсё з-за таго, што ёсць людзі бедныя, ёсць багацейшыя, ёсць і такія, якія на першае месца ў сваім жыцці ставяць не Бога, а розных ідалаў, напрыклад, грошы, кватэры, машыны, альбо ўладу, жаданне панаваць над іншымі...
Часта гэтыя людзі кажуць, што Бог – у іх у душы, а яшчэ ім здаецца, што яны жывуць згодна са сваім сумленнем... Такія людзі на самой справе – вельмі бедныя, бедныя духоўна, таму што імкнуцца больш мець, набываць толькі для сябе, а пры гэтым нічога не аддаваць бліжнім.
Сапраўдная ж любоў – ахвярная: яна аддае, а не шукае выгады для сябе.
«Чыстая любоў здольная на вялікія ўчынкі, і яе не зламаюць ні цяжкасці, нi перашкоды. Калі любоў застаецца моцнаю, [нягледзячы] на вялікія цяжкасці, то яна гэтакая ж трывалая і ў шэрым штодзённым карпатлівым жыцці. Яна ведае, што для таго, каб спадабацца Богу, патрэбна адно, а дакладней, каб чыніць самыя дробныя рэчы з вялікай любові, патрэбна любоў і заўсёды любоў.
Чыстая любоў не памыляецца, у ёй надзвычай шмат святла, і яна не ўчыніць нічога, што Богу магло б не спадабацца. Яна вынаходлівая ў чыненні таго, што найбольш мілае Богу, і ніхто з ёю не параўнаецца; яна шчаслівая, калі можа знясільваць сябе і палаць, як чыстая ахвяра. Чым больш яна аддае сябе, тым яна шчаслівейшая, але ніхто не можа адчуць небяспекі на такой адлегласці, як яна; яна ўмее зрываць маску і ведае, з кім мае справу» (Дз. 140).
Так і ёсць, таму што ахвярная, чыстая любоў заўсёды імкнецца трываць у праўдзе, а праўдаю з’яўляецца сам Хрыстус. Не той чалавек больш шчаслівы, як і мае больш матэрыяльных дабротаў у сваім жыцці, а той, які ахвяруе, дзеліцца з бліжнімі тым, што мае, тымі дарамі, якія атрымаў ад Бога.
Любоў нараджаецца праз дабрыню,
Праз чулае, шчырае сэрца...
Праз еднасць духоўную і чысціню
Ў малітве святой адгукнецца...
Любоў жыве вечна, жыве сапраўды!
Пануе ў душы і ў сэрцы.
Любоў – некарысная, бо назаўжды
Праз Божае Сэрца ліецца.
Любоў – незайздросная, доўга цярпіць,
Падзякі яна не шукае,
Праз слёзы і боль яна шпарка ляціць,
І зноў у душы ўзрастае...
Любоў узрастае ў душах тых, хто імкнецца памнажаць любоў, дзелячыся ёю з бліжнімі, нават калі часта прыходзіцца перажываць розныя выпрабаванні і цярпенні.
Святая сястра Фаўстына звяртае ўвагу на тое, што «вялікая любоў малое ўмее пераўтвараць у вялікае, і толькі любоў надае нашым учынкам вартасць, і чым больш чыстаю стане наша любоў, тым менш нас будзе з'ядаць агонь цярпенняў, і цярпенне для нас перастане быць цярпеннем. Яно стане для нас асалодаю» (Дз. 303).
У сваім жыцці сястра Фаўстына спазнала шмат цярпенняў, але яна прымала іх з радасцю, як Божыя дары. Яна дзякавала Богу за тое, што мела магчымасць прынізіцца перад Ім, ахвяруючы ўсе свае духоўныя і фізічныя цярпенні на карысць бліжнім, дзеля збаўлення душаў.
«За кожнае прыніжэнне я падзякую Пану Езусу, асабліва памалюся за тую асобу, якая дала мне магчымасць прынізіцца. Я буду знясільваць сябе на карысць душаў. Не буду лічыцца ні з якою ахвяраю, буду слацца пад ногі сясцёр, як дыванок, па якім яны не толькі могуць хадзіць, але і выціраць свае ногі. Пад нагамі сясцёр – маё месца. Я буду да Яго імкнуцца на практыцы, незаўважна для людскіх вачэй. Дастаткова, што бачыць Бог» (Дз. 243).
Таксама сястра Фаўстына зрабіла для сябе такія асаблівыя пастановы адносна праяўлення любові да бліжніх: «першае: паслужлівасць у адносінах да сясцёр; другое: не размаўляць пра адсутных і абараняць рэпутацыю бліжняга; трэцяе: радавацца поспехам бліжняга» (Дз. 241).
На жаль, сёння няшмат людзей шчыра радуецца поспехам бліжняга. Хутчэй у душы абуджаецца зайздрасць – дарэчы, адзін з галоўных сямі грахоў, і ў выніку чалавек губляе супакой у сваім сэрцы і так пачынае перажываць сітуацыю, здзіўляцца, распавядаць іншым: як жа раптам магло атрымацца, што знаёмы ці нават блізкі, родны чалавек дасягнуў пэўных поспехаў. А можа, і ўвогуле пачынае падазраваць бліжняга ў нейкай крывадушнасці ці падмане. Так чалавек сам закрывае сваё сэрца на любоў да бліжняга, не дазваляе любові ўзрастаць, таму што, дзе пануе асуджэнне, зайздрасць і іншыя хібы, там любоў нібыта спаралізавана, яна не жыве, а паступова памірае.
А душа, як кажа святая Фаўстына, «павінна любіць, у яе ёсць патрэба любові; душа павінна выліваць сваю любоў, але не ў гразь, не ўпустую, а ў Бога. Як я радуюся, калі разважаю над гэтым, бо выразна адчуваю, што Ён адзін – у маім сэрцы, адзін толькі Езус, а стварэнні я люблю настолькі, наколькі яны дапамагаюць мне яднацца з Богам. Усіх людзей я люблю таму, што бачу ў іх вобраз Божы» (Дз. 373).
«Я бязмежна здзіўляюся, як можна так моцна зайздросціць. Я, бачачы чыёсьці дабро, радуюся яму так, як бы сама гэта мела; радасць іншых – гэта мая радасць, а цярпенне іншых – маё цярпенне, бо інакш я не пасмела б кантактаваць з Панам Езусам. Дух Езуса заўсёды просты, лагодны, шчыры, усялякая злосць, зайздрасць, нядобразычлівасць, схаваная пад усмешкаю зычлівасці, – гэта хітры д’ябальчык; суровае слова, але калі яно сыходзіць ад шчырай любові, не раніць сэрца» (Дз. 633).
Разважаючы над цнотаю сапраўднай Божай любові, сястра Фаўстына сэрцам звяртаецца да Езуса: «О мой Езу, Ты ведаеш, якія патрэбны намаганні, каб шчыра і адкрыта кантактаваць з тымі, каго мы інтуітыўна пазбягаем, альбо з тымі, хто – свядома ці несвядома – прычыніў нам цярпенне; па-чалавечы гэта немагчыма» (Дз. 766).
Для святой Фаўстыны толькі Бог – чыстая любоў, таму яна ў кожным чалавеку імкнецца ўбачыць Хрыста і дзеля Яго намагаецца ўсё рабіць для бліжніх.
«У такіх учынках любоў чыстая, такое практыкаванне ў любові дае душы гарт і сілу. Я нічога не чакаю ад стварэнняў і таму не спазнаю ніякіх расчараванняў; я ведаю, што стварэнне беднае само па сабе, дык чаго ж ад яго чакаць. Бог для мяне – усё, я ўсё жадаю ацэньваць згодна з Богам» (Дз. 766).
«Любоў не ведае страху... Яна не баіцца нікога; яна дасягае Бога і патанае ў Ім, як у сваім адзіным скарбе. (...) О чыстая Божая любоў, якая ты вялікая і непараўнальная. О, калі б душы спазналі тваю сілу» (Дз. 781).
Аднойчы ў час святой Імшы, калі сястра Фаўстына падсвядома заглыбілася ў бясконцую Божую веліч, яна звярнулася да Езуса: «Настаўнік мой, учыні так, каб я ў сваім сэрцы ні ад кога не чакала дапамогі, але я буду старацца заўсёды несці дапамогу, суцяшэнне і ўсялякую палёгку іншым.
Маё сэрца заўсёды адкрытае да цярпенняў іншых, і я не закрыю яго ад гэтых цярпенняў, хоць з-за таго, што кожны кідае свой боль у маё сэрца, я была з насмешкаю названа сметніцаю. Я адказала, што ў мяне ў сэрцы для кожнага ёсць месца, і таму для мяне ёсць месца ў Сэрцы Езуса. Кпіны, якія датычаць закону любові, не абмяжуюць майго сэрца. Мая душа заўсёды адчувальная да гэтых пытанняў, і толькі Езус заахвочвае мяне да любові да бліжняга» (Дз. 871).
Пазней, другім разам, у час святой Імшы сястра Фаўстына ўбачыла Езуса, укрыжаванага. Езус ёй сказаў: «Вучаніца Мая, моцна любі тых, хто прычыняе табе цярпенне, рабі дабро тым, хто цябе ненавідзіць». Яна адказала: «О мой Настаўнік, Ты ж бачыш, што ўва мне няма пачуцця любові да іх, і гэта мяне засмучае». На гэта Езус ёй заўважыў: «Пачуцці не заўсёды табе падуладныя; ты зразумееш, што ў цябе ёсць любоў, калі пасля перажытых непрыемнасцяў і цяжкасцяў ты не страціш спакою, а будзеш маліцца за тых, хто прычыніў табе цярпенні, і жадаць ім дабра» (Дз. 1628).
І даў Пан Езус сястры Фаўстыне такі наказ:
«Будзь заўсёды міласэрная, як і Я міласэрны. Любі ўсіх з любові да Мяне, нават найбольшых ворагаў, каб у тваім сэрцы ва ўсёй паўнаце змагла адлюстравацца Мая міласэрнасць» (Дз. 1695).
Сёння гэты Божы заклік міласэрнасці і любові да бліжніх вельмі актуальны для кожнага чалавека, асабліва ў Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці, які мы зараз перажываем у Каталіцкім Касцёле пад дэвізам «Міласэрныя, як Айцец». Таму нам вельмі важна заглыбіцца ў таямніцу бязмежнай Божай міласэрнасці, узносячы да Айца Спрадвечнага малітву «Аб ласцы аказваць міласэрнасць бліжнім»:
«Я прагну ўся перамяніцца ў Тваю міласэрнасць і быць жывым адлюстраваннем Цябе, о Пане; няхай гэта найвялікшая ўласцівасць Бога – Яго неспасцігальная міласэрнасць – пройдзе праз сэрца і душу маю да бліжніх.
Дапамажы мне ў гэтым, о Пане, каб вочы мае былі міласэрныя, каб ніколі не глядзела я з падазронасцю і не меркавала па знешніх прыкметах, заўважала тое, што прыгожае ў душах бліжніх, і прыходзіла ім на дапамогу.
Дапамажы мне, каб слых мой быў міласэрны, каб я адгукалася на патрэбы бліжніх, каб не была я абыякаваю да болю і стогнаў бліжніх.
Дапамажы мне, Пане, каб язык мой быў міласэрны, каб я ніколі не казала дрэнна пра бліжніх, а для кожнага мела словы суцяшэння і прабачэння.
Дапамажы мне, Пане, каб рукі мае былі міласэрнымі і поўнымі добрых учынкаў, каб я ўмела рабіць бліжняму толькі дабро і браць на сябе самую цяжкую, карпатлівую працу.
Дапамажы мне, каб ногі мае былі міласэрныя, каб я заўсёды спяшалася на дапамогу бліжнім, перамагаючы сваю ўласную стому і змучанасць. Сапраўдны мой адпачынак – у служэнні бліжнім.
Дапамажы мне, Пане, каб сэрца маё было міласэрным, каб я спачувала ўсім цярпенням бліжніх. Нікому не адмоўлю ў сваёй сардэчнасці. Я буду шчырая нават з тымі, пра каго ведаю, што яны будуць злоўжываць маёю дабрынёю, а сама я ўкрыюся ў найміласэрнейшым Сэрцы Езуса. Пра свае цярпенні буду маўчаць. О Пане мой, няхай Твая міласэрнасць адпачне ўва мне. (…)
О Езу мой, перамяні мяне ў Сябе, бо Ты ўсё можаш» (Дз. 163).
Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова