30 чэрвеня, у апошнюю нядзелю першага летняга месяца, у Беларусі адзначаецца Дзень моладзі, і з гэтай нагоды да беларускіх юнакоў і дзяўчат звяртаецца ў сваім блогу біскуп Юзаф Станеўскі.
Любая моладзь, са святам!
Маладосць — гэта не лічба гадоў ад нараджэння — гэта стан душы.
Дарагія юнакі і дзяўчаты, ужо стала традыцыяй, што ў апошнюю нядзелю чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень моладзі. З гэтай нагоды я хачу звярнуцца да вас і з пажаданнямі, і з кароткім роздумам над гэтым станам, які называецца «маладосцю».
Неяк мне давялося пачуць, як адна маці запыталася ў сваёй дарослай дачкі, чаму тая не ідзе на дыскатэку. 25-гадовая дзяўчына сказала ў адказ: «Дык там жа толькі моладзь да 16 гадоў, а я ўжо старая…»
Дазвольце, дарагія, не згадзіцца з такім стэрэатыпам адносна ўзросту. Гэта праўда, што ў сучасным свеце чалавек вельмі рана становіцца дарослым, а таму і хутчэй «старэе».
Аднак паводле афіцыйных стандартаў, да моладзевай арганізацыі належаць асобы да 35-гадовага ўзросту. Таксама і ў касцёльных моладзевых сустрэчах, якія арганізуюцца на розных узроўнях — ад парафіяльнага да міжнароднага, — таксама бярэ ўдзел моладзь да 35 гадоў.
Таму не спяшайцеся старэць, а «амаладзіце» сябе блізкім знаёмствам з заўсёды маладым Хрыстом, да чаго заклікае папа Францішак у адгартацыі «Хрыстус жыве», напісанай у форме ліста, скіраванага да маладых духам людзей. У ім Святы Айцец падводзіць вынікі Сіноду Біскупаў на тэму моладзі, на якім у якасці аўдытараў упершыню ў гісторыі Касцёла прысутнічалі маладыя людзі.
З маладым Хрыстом, піша Папа, чалавек павінен наталяць сваю прагу мар, планаў і высокіх ідэалаў, каб весці дастойнае жыццё і дзяліцца гэтым станам з усімі навокал, дзяліцца святасцю. А дзяліцца святасцю, па словах Святога Айца, азначае ўдзельнічаць у жыцці Касцёла сёння, са сваёй маладосцю, як рабілі гэта святыя Себасцьян, святы Францішак Асізскі, святая Жанна д’Арк, святы Дамінік Савіо, святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса… Маладосць — гэта не толькі час пазнання і сталення, або падрыхтоўкі да будучых заданняў; маладосць — гэта падарунак ад Пана Бога для дзеяння сёння.
Таму памыляецца той малады чалавек, які чакае «свайго часу» пры камп’ютары, на канапе ці назіраючы за тым, што адбываецца ў Касцёле, з балкона. Вам трэба быць прысутнымі ў жыцці Касцёла ўжо сёння, і тады Касцёл таксама будзе маладым вашай маладосцю, дзякуючы вашай у ім прысутнасці.
Рускі філосаф і мысляр Мікалай Бярдзяеў пісаў маладым, што «Бог патрабуе ад чалавека не толькі пакоры, але і адвагі». Таму трэба дзейнічаць з адвагай!
«Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну»
(Лк 1, 39),
— так гучыць тэма 37-х Сусветных дзён моладзі, якія ў 2022 годзе пройдуць у сталіцы Партугаліі Лісабоне. Падрыхтоўкай да гэтага сусветнага моладзевага форуму стануць дыяцэзіяльныя сустрэчы моладзі ў 2020 і 2021 гадах, якія будуць праходзіць пад дэвізамі «Хлопча, кажу табе, устань» (Лк 7, 14) і «Устань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе сведкам» (пар. Дз 26, 16).
Гэтыя словы з Пісання, узятыя ў якасці дэвізаў СДМ, з’яўляюцца працягам таго, што папа Францішак напісаў моладзі ў адгартацыі «Хрыстус жыве», і таму Святы Айцец сёння заахвочвае нас, маладых духам: «Вас паклікаў Пан, каб вы былі светачамі сярод ночы для вашых аднагодкаў, якія яшчэ не пазналі святла Евангелля і любові Езуса». Любові, якая ўмее прабачаць; любові, якая ніколі не прыніжае і не знявольвае. Любоў Езуса спадарожнічае ў паўстанні з граху, ніколі не асуджае і заўсёды дае новы шанц.
Веруючы малады чалавек, па словах Папы, не павінен жыць, як турыст, толькі адным днём, але як спадкаемца і ўладальнік багацця дару любові Езуса.
Дарагія юнакі і дзяўчаты, дазвольце вам пажадаць, каб, выбіраючы свой шлях у дарослае жыццё, выбіраючы той ці іншы кірунак далейшай вучобы, вы не падлічвалі, колькі зможаце зарабіць грошай і якое становішча ў грамадстве сабе здабыць, але каб вы задумаліся над тым, ці гэта прынясе сапраўдную радасць сэрцу і дабро бліжнім. Любая моладзь, плануючы закласці падмурак пад будынак будучыні, памятайце, каб будаваць на сваім, за сваё і для сябе.
І яшчэ. Жадаю вам, каб вы ўмелі слухаць іншага чалавека, а гэта значыць, каб умелі прысвяціць яму час і падараваць яму цёплы позірк і прыязную ўсмешку.
У гэты вольны час канікул, не падпарадкаваны раскладу заняткаў, заклікаю вас словамі святога Максімільяна Марыі Кольбэ: «Наследуй тое, што добрае бачыш у людзях».
Яшчэ раз сцвярджаю, што маладосць — гэта не лічба гадоў ад нараджэння, а стан душы.
Любоў Хрыста няхай не будзе «закрыта» на старонках Новага Запавету: яна павінна быць бачнай на нашай далоні.
Да сустрэчы!