Пошук

30.10.2024 13:01   Тэкст і фота: кс. Аляксандр Пятліцкі SCJ / Catholic.by

Традыцыйна на пачатку восеньскіх канікул 28 і 29 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці, дзе нясуць служэнне святары з законніцкай супольнасці сэрцанаў, адбылася двухдзённае сустрэча сэрцанскай моладзі з розных мясцін Беларусі.

У Гродна прыехалі юнакі і дзяўчаты з сэрцанскіх парафій з Варапаева, Паставаў і Шаркаўшчыны (Віцебская дыяцэзія), а таксама з Ляхавічаў (Пінская дыяцэзія).

Тэма кастрычніцкай сустрэчы была «У Духу Марыі»: удзельнікі ў гэтыя дні засяродзіліся на жыцці Маці Божай у спаўненні Божай волі.

На першай канферэнцыі ксёндз Аляксей Вянцкевіч SCJ прадставіў жыццё Марыі, паказаўшы сціпласць простай дзяўчыны з Назарэта, Яе матчыну апеку над Езусам — Сынам Божым, а пазней над усім чалавецтвам. Пасля ўсе прысутныя на сустрэчы святары і моладзь узялі ўдзел у супольнай святой Імшы і адарацыі, якая з’яўляецца характэрнай рысай сэрцанскай харызмы. Маладыя парафіяне з Гродна разам з ксяндзом Аляксандрам Пятліцкім SCJ падрыхтавалі для гасцей вясёлы вечар з танцамі і конкурсамі, дзе кожны мог паспаборнічаць за невялічкі прыз.

На другі дзень, які распачаўся з ранішніх малітваў і канферэнцыі, моладзь мела магчымасць лепш пазнаць ружанцовую малітву, яе гісторыю і дзеянне ў жыцці дзякуючы ксяндзу Генадзю Лаўніковічу SCJ, а таксама супольна памаліцца праз заступніцтва Маці Божай у сваіх асабістых просьбах.

Цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне сустрэчы ўзначаліў настаяцель супольнасці сэрцанаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Фядотаў SCJ. Святар распавёў пра месца Марыі ў харызме вялікай сэрцанская сям’і па ўсім свеце. Кожны ўдзельнік атрымаў пасвячаны ружанец як зброю ў барацьбе са злом на кожны дзень.

 

Абноўлена 30.10.2024 14:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця