Пошук


З 4 па 7 чэрвеня на востраве Крыт у Грэцыі адбыліся нарады падкамісіі Каардынацыйнага камітэту Змешанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Агульная тэма нарадаў, у якіх бралі ўдзел 11 чалавек — шэсць прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы і пяць прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла, — «Прымат і сінадальнасць у другім тысячагоддзі». Асаблівым чынам каталіцкія і праваслаўныя багасловы засяродзіліся на аналізе першынства Папы і эклезіялагаічнага прынцыпу саборнасці ў перыяд з XIX ст. да нашых дзён. Шмат увагі падчас нарадаў было прысвечана і пытанню так званага «уніятызму».

Нарады адбыліся ў сяброўскай і дзелавой атмасферы. Падкамісія падрыхтавала пяць дакументаў на 28 старонках, якія будуць прадстаўлены на пленарнай сесіі Каардынацыйнага камітэта, што пройдзе 13–17 лістапада ў каталіцкім кляштары Бозэ непадалёк ад Мілана ў Італіі. Усе пяць дакументаў, прапановы і рашэнні падкамісіі былі аднагалосна прынятыя як праваслаўнымі, так і каталіцкімі ўдзельнікамі нарадаў.

Было падкрэслена, што Усходнія Каталіцкія Цэрквы не толькі маюць права на існаванне, але іх варта лічыць Цэрквамі-сёстрамі, якія адыгрываюць сваю незаменную ролю ў далейшым развіцці экуменічнага дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Пры гэтым у духу Баламандскіх пагадненняў 1993 года было яшчэ раз падкрэслена, што «уніятызм» не з’яўляецца ні мадэллю, ні метадам працы для адзінства Цэркваў.

У сувязі з гэтым неадпаведным з’яўляецца ўжыванне тэрміну «уніят», калі ідзе гаворка пра ўсходніх католікаў у еднасці (communio) з Біскупам Рыма.

Адначасова другая падкамісія праводзіла свае нарады на востраве Кіпр. Яна таксама падрыхтавала адпаведныя дакументы, якія будуць прадстаўлены ў лістападзе ў Бозэ на пленарнай сесіі Каардынацыйнага камітэта. Там будзе выпрацаваны канчатковы дакумент для пленарнай сустрэчы ўсёй Камісіі, правядзенне якой запланавана на 2019 год у адной з праваслаўных краін.

Абноўлена 18.06.2018 12:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.