6 снежня завяршылася 35-е замежнае Апостальскае падарожжа Папы Францішка, якое ён здзейсніў на Кіпр і ў Грэцыю.
З асноўнымі падзеямі гэтай паездкі знаёміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Святы Айцец прыбыў на Кіпр 2 снежня.
2 снежня
- Папа Францішак сустрэўся ў мараніцкай катэдры ў Нікасіі з кіпрскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі, катэхетамі, членамі касцёльных рухаў і асацыяцый. Падчас сустрэчы ён заклікаў вернікаў наследаваць прыклад апостала Барнабы, які ў першую чаргу вучыць цярплівасці, неабходнай, каб «даследаваць» іншыя культуры і традыцыі, не спяшацца асуджаць новае, суправаджаць людзей, якія нядаўна сталі хрысціянамі, не знішчаючы іх веру суровымі патрабаваннямі захавання прадпісанняў.
- Звяртаючыся да ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса ў Прэзідэнцкім палацы ў Нікасіі, Папа Францішак зазначыў, што «прыехаў як пілігрым у краіну, геаграфічна невялікую, але вялікую гістарычна; на востраў, які на працягу стагоддзяў не ізаляваў народы, а аб’ядноўваў іх». Святы Айцец звярнуў увагу на «важнасць абароны і падтрымкі ўсіх членаў грамадства, асабліва тых, якія па статыстыцы складаюць меншасць».
3 снежня
- Другі дзень пілігрымкі на Кіпр Святы Айцец распачаў з візіту ветлівасці да архіепіскапа Кіпрскага Хрызастома ІІ і сустрэчы з Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы. Размова Папы з праваслаўным іерархам праходзіла за зачыненымі дзвярыма. Потым Святы Айцец скіраваўся ў сталічную праваслаўную катэдру, дзе сустрэўся з членамі Сінода. Папа пажадаў, каб магчымасці для сустрэчы паміж католікамі і праваслаўнымі, для лепшага ўзаемнага знаёмства, для пераадолення шматлікіх забабонаў і для паслухмянага слухання адпаведных досведаў веры станавіліся больш частымі, што прынясе для абодвух бакоў «духоўны плён суцяшэння».
- Выйсці насустрач людзям, каб несці святло, якое атрымалі, і асвяціць ноч, якая часта нас акружае, заклікаў Папа кіпрскіх католікаў падчас святой Імшы, якую цэлебраваў на GSP Stadium у Нікасіі. Як паведаміў сайт грэка-каталіцкай парафіі святога праведнага Язэпа ў Мінску Svjazep.org, у цэлебрацыі ўзялі ўдзел беларускія хрысціяне, якія жывуць на Кіпры: католікі і праваслаўныя.
- Апошнім этапам пілігрымкі Папы Францішка на Кіпр стала экуменічнага малітва з удзелам мігрантаў, якая адбылася ў касцёле Святога Крыжа ў Нікасіі. Святы Айцец падкрэсліў, што мігранты — гэта не лічбы, а людзі: браты, сябры, вернікі, блізкія. Пантыфік узгадаў пра шматлікіх мігрантаў, якія становяцца ахвярамі злоўжыванняў і сучаснага рабства. Папа параўнаў пакуты мігрантаў у лагерах з тым, што адбывалася нацысцкіх і сталінскіх лагерах, а таксама звярнуў увагу на «бар’еры нянавісці» — сцены з калючага дроту, выказаўшы пажаданне, каб Бог абудзіў сумленне ўсіх перад абліччам гэтых праблем.
- Як паведаміла прэс-служба Святога Пасаду, на знак клопату Святога Айца аб мігрантах і іх сем’ях, дванаццаць бежанцаў у бліжэйшыя тыдні будуць перавезены ў Рым. Лічба не канчатковая; не выключаецца магчымасць таго, што яна будзе большай.
4 снежня
- Пантыфік распачаў дзень з цэлебрацыі святой Імшы ў капліцы Апостальскай нунцыятуры ў Нікасіі. Потым, развітаўшыся з персаналам дыпламатычнага прадстаўніцтва, ён скіраваўся ў міжнародны аэрапорт Ларнакі, дзе прайшла афіцыйная цырымонія развітання. Правесці Папу Францішка прыбыў прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіядзіс.
- У прэзідэнцкім палацы ў Афінах Папа сустрэўся з прэзідэнтам Грэцыі Катарынай Сакеларапулу і прэм’ер-міністрам краіны Кірыякісам Міцатакісам, а таксама звярнуўся да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу. Папа заўважыў, што ў параўнанні з аўтарытарызмам і папулізмам, якія прапануюць хуткія і простыя вырашэнні праблем, дэмакратыя з’яўляецца складанай, што выклікае ў многіх скептычнае стаўленне да яе. «Але ўдзел у жыцці грамадства ўсіх яго членаў — гэта асноватворная патрэба: не толькі для дасягнення супольных мэтаў, але і таму, што адпавядае нашай прыродзе сацыяльных істот, непаўторных і ў той жа час узаемазалежных», — сказаў Папа.
- Падчас сустрэчы з праваслаўным архіепіскапам Афін Геранімам ІІ Святы Айцец закрануў тэму падзелу паміж заходнімі і ўсходнімі хрысціянамі. Тым, што сёння можа іх аб’яднаць, з’яўляецца клопат аб слабых і бедных, лічыць Папа. Ён перакананы, што католікі і праваслаўныя могуць супрацоўнічаць у сферы дабрачыннасці, у вырашэнні этычных і сацыяльных праблем, «служыць людзям нашага часу і несці ім суцяшэнне Евангелля».
- У катэдральным касцёле святога Дыянісія ў Афінах Пантыфік сустрэўся з грэчаскімі каталіцкімі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі і катэхетамі. Пантыфік заклікаў Касцёл у Грэцыі «благаслаўляць сваю маласць і прыняць яе». «Быць меншасцю, якой у свеце з’яўляецца Касцёл, не значыць быць нязначнымі, але праходзіць шлях, які праклаў Пан: шлях маласці», — падкрэсліў Папа, нагадаўшы, што Бог прынізіўся і збавіў нас, стаўшы слугой.
5 снежня
- Раніцай на Лесбасе Папа Францішак сустрэўся з мігрантамі і бежанцамі ў Цэнтры прыёму і ідэнтыфікацыі мігрантаў у горадзе Мітылена, дзе знаходзяцца тысячы выхадцаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Пад’язджаючы да пункта часовага размяшчэнне мігрантаў, Папа выйшаў з аўтамабіля і прайшоў каля паўкіламетра пешшу, каб асабіста прывітаць людзей, якія чакалі яго. Пантыфік заўважыў, што з часу яго папярэдняга візіту на Лесбас пяць гадоў таму, змянілася няшмат: многія мігранты працягваюць жыць ва ўмовах, нягодных чалавека, а ў якасці рашэння крызісу прапануецца будаванне муроў. На думку Святога Айца, праблему трэба вырашаць не ўзвядзеннем бар’ераў, а «яднаючы сілы ў клопаце пра іншых, згодна з рэальнымі магчымасцямі кожнага, з павагай да законнасці і заўсёды ставячы на першае месца жыццё кожнага чалавека».
- Удзень Папа ўзначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы ў афінскім Megaron Concert Hall, заклікаўшы грэчаскіх вернікаў несці Бога на экзістэнцыяльныя пустыні. У гаміліі Святы Айцец заклікаў прасіць у малітве аб ласцы надзеі, «бо менавіта надзея ажыўляе веру і нанава запальвае любоў, бо менавіта надзеі прагнуць сучасныя пустыні свету». Ён таксама заахвоціў вернікаў прасіць Багародзіцу, каб «дапамагла быць сведкамі надзеі і сейбітамі радасці вакол нас».
- Увечары Папа Францішак прыняў з візітам ветлівасці архіепіскапа Гераніма ІІ. Сустрэча адбылася ў Апостальскай нунцыятуры ў Афінах і працягвалася паўгадзіны.
6 снежня
- Пасля цэлебрацыі святой Імшы, якая праходзіла ў прыватнай форме, Святы Айцец прыняў у Апостальскай нунцыятуры старшыню грэчаскага парламента Канстанцінаса Тасуласа. Потым Папа сустрэўся з групай маладых сірыйскіх бежанцаў-хрысціянаў, якім даў прытулак армянскі каталіцкі ардынарыят у Афінах. Дзевяць маладых сірыйцаў былі ў футболках з надпісам на італьянскай мове: «Езу, я веру ў Цябе. Рука Пана выратавала нас. Дзякуй, Святы Ойча, ты — рука Пана».
- Апошнім пунктам праграмы Апостальскага падарожжа Папы на Кіпр і ў Грэцыю стала сустрэча з моладдзю, якая прайшла раніцай у каталіцкай школе святога Дыянісія ў Афінах пад патранатам сясцёр з законніцкай супольнасці ўршулянак. Пантыфік выслухаў некалькіх сведчанняў маладых людзей, а потым даў ім парады адносна шчаслівага і плённага перажывання маладосці ў блізкасці з Богам.
- У аэрапорце Папа сустрэўся з міністрам замежных спраў Грэцыі Нікасам Дэндзіясам. На лётным полі перад уваходам на борт самалёта Святы Айцец развітаўся з прадстаўнікамі мясцовага Касцёла і ўлады.
- Падчас палёту адбылася традыцыйная прэс-канферэнцыя Пантыфіка з падвядзеннем вынікаў візіту. Дыялог з праваслаўем, ідэалагічная каланізацыя ў ЕС, праблема міграцыі — тэмы, якія пракаментаваў Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта. «Сустрэча з Патрыярхам Кірылам — у недалёкай перспектыве. Мне здаецца, што на наступным тыдні да мяне прыбудзе [Мітрапаліт] Іларыён, каб узгадніць магчымую сустрэчу. Патрыярх павінен здзейсніць падарожжа, здаецца ў Фінляндыю. Я заўсёды гатовы паехаць у Маскву. Каб паразмаўляць з братам не патрэбны пратаколы», — сказаў Папа, адказваючы на пытанне журналісткі агенцтва ТАСС пра магчымасць яго новай сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі.
- Пасля прыбыцця ў рымскі аэрапорт Чампіна, па дарозе ў Ватыкан, Папа спыніўся ў базыліцы святой Марыі Вялікай, каб падзякаваць Маці Божай за кіпрска-грэчаскае падарожжа.