2 снежня Папа Францішак прыбыў з апостальскім візітам на Кіпр.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, увечары напярэдадні Святы Айцец маліўся ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ перад абразом Маці Божай Снежнай і даручыў Багародзіцы сваю паездку на Кіпр і ў Грэцыю. З пачатку свайго пантыфікату Папа Францішак прыехаў у базыліку святой Марыі Вялікай ужо ў 90-ы раз. Ён даручае Марыі ўсе важныя справы свайго служэння, у тым ліку і замежныя падарожжы.
Раніцай, перш, чым адправіцца ў аэрапорт і распачаць сваё 35-е апостальскае падарожжа, Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з дванаццацю бежанцамі з Сірыі, Конга, Самалі і Афганістана.
Яшчэ 15 мігрантаў яго чакалі ў парафіі Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі каля аэрапорта Ф’юмічына. Некаторых з іх Пантыфік прывёз у Рым з Лесбаса ў 2016 годзе.
А 15-й гадзіне па кіпрскім часе самалёт A320 італьянскай авіякампаніі ITA Airways з Папам Францішкам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Ларнакі. Як адзначае Vatican News, палёт працягваўся каля трох гадзін. За гэты час было пераадолена 2148 кіламетраў у паветранай прасторы Італіі, Грэцыі і Кіпра. Каля трапу самалёта Святога Айца прывітала старшыня кіпрскага парламента Аніта Дзімітрыу ў суправаджэнні Апостальскага нунцыя на Кіпры і Пасла Кіпра пры Апостальскай Сталіцы.
Па традыцыі, дзеці ў народных строях уручылі Папу кветкі. Пасля кароткай афіцыйнай цырымоніі прывітання Пантыфік на аўтамабілі скіраваўся ў сталіцу Кіпра Нікасію, дзе ў мараніцкім катэдральным касцёле сустрэўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю.