Пошук

03.05.2018 13:24   Паводле: ekai.pl / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
© Aleteia SAS

3 мая Касцёл у Польшчы адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы.

Гэтая ўрачыстасць з’явілася ў літургічным календары суседняй краіны па просьбе польскіх біскупаў пасля аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Польшчы па выніках Першай сусветнай вайны.

З’яўленне ўрачыстасці звязана з пэўнымі фактамі з гісторыі краіны.

Першы з іх — т.зв. «львоўскія абяцанні» караля Яна ІІ Казіміра са шведскай дынастыі Вазаў, прынесеныя ім у львоўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 1 красавіка 1656 г., калі амаль уся тэрыторыя тагачаснай Рэчы Паспалітай была занятая шведскімі і расійскімі войскамі.

Каралеўскія абяцанні, тэкст якіх, як лічыцца, напісаў св. Андрэй Баболя, павінны былі заахвоціць усе народы краіны да змагання з захопнікамі.

Мастак Ян Матэйка. Абяцанні Яна Казіміра.

Кароль Ян Казімір даручыў Рэч Паспалітую — федэратыўнае дзяржаўнае ўтварэнне Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага — апецы Маці Божай, якую назваў «Каралевай польскай кароны», паабяцаўшы пры гэтым палепшыць становішча сялян і мяшчанаў, як толькі краіна вызваліцца ад акупацыі.

Аднак гэтыя абяцанні на карысць ніжэйшых саслоўяў не былі рэалізаваныя з-за моцнага супраціву шляхты.

Памятная шыльда з тэкстам абяцанняў Яна Казіміра ў рыцарскай зале санктуарыя на Яснай Гары ў Чэнстахове.
Паводле польскага гісторыка Вацлава Сабескага, абяцанні былі дадзены Янам Казімірам па ініцыятыве ягонай жонкі, польскай каралевы французскага паходжання Людвікі Марыі Ганзагі на ўзор абяцанняў кардынала Армана Жана дзю Плесі дэ Рышэльё, які за дваццаць гадоў да гэтага пасля перамогі над ворагамі даручыў Францыю апецы Маці Божай.

У 1908 г. папа Пій Х дазволіў унесці заклік «Каралева Польшчы» ў Ларэтанскую літанію, а таксама ўвёў свята Каралевы Польшчы ў Львоўскай дыяцэзіі. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, калі Польшча атрымала незалежнасць, польскія біскупы звярнуліся ў Апостальскую Сталіцу з просьбай распаўсюдзіць гэтае свята ва ўсёй краіне. Датай урачыстасці было прапанавана зрабіць 3 мая — дзень, калі ў 1791 г. была абвешчана першая польская канстытуцыя, у якой была рэалізавана частка абяцанняў караля Яна Казіміра. Папа Бэнэдыкт XV зацвердзіў свята для Касцёла ў Польшчы ў 1920 г. Яго пачалі адзначаць ва ўсёй краіне з 1923 г., калі папа Пій ХІ у 1923 г. па просьбе біскупаў зацвердзіў яго на дзень 3 мая.

У 1962 г. папа Ян ХХІІІ абвясціў Марыю Каралеву Польшчы галоўнай нябеснай Апякункай польскага народа.

 © Jasna GóraЯшчэ адна важная падзея ў гісторыі краіны, звязаная з Маці Божай, — «адданне польскага народа ў матчыну няволю Марыі за свабоду Касцёла ў Польшчы і ў свеце». Гэты акт, здзейснены польскім епіскапатам на чале з кардыналам Стэфанам Вышынскім у чэнстахоўскім санктуарыі на Яснай Гары 3 мая 1966 г. з нагоды 1000-годдзя хросту Польшчы, стаў цэнтральнай падзеяй у святкаванні юбілею. Да гэтага польскія вернікі рыхтаваліся на працягу дзевяцігадовай Вялікай навэнны — душпастырскай праграмы, у якой кожны год меў свой адмысловы дэвіз. 3 мая 2016 г. з нагоды 1050-годдзя хрышчэння Польшчы польскія біскупы на чале з кіраўніком нацыянальнага епіскапату арцыбіскупам Станіславам Гандэцкім здзейснілі новы акт даручэння краіны Маці Божай.

З 1992 г. дзень 3 мая, як і ў міжваенны час, з’яўляецца ў Польшчы дзяржаўным святам.

Вядома, што падчас «львоўскіх абяцанняў» караля Яна Казіміра тэрыторыя сучаснай Беларусі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага была часткай Рэчы Паспалітай. Беручы пад увагу ў тым ліку і гэты факт, 29 красавіка 2018 г. беларускія біскупы з дазволу Святога Пасаду вырашылі ўвесці ў Ларэтанскую літанію заклік «Каралева Беларусі», які з 1 мая ў Касцёле на Беларусі займае тое самае месца, дзе ў польскім Касцёле згадваецца «Каралева Польшчы». Сімвалічна, што гэтае рашэнне было прынята на 70-м надзвычайным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое праходзіла ў Гродне — горадзе, дзе ў 1793 г. Рэч Паспалітая фактычна спыніла сваё існаванне і дзе была адменена канстытуцыя 3 мая 1791 г.

Абноўлена 04.05.2018 12:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця