Пошук

26.01.2018 21:49   Паводле: Чэчылія Сэп’я – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У Люрдзе (Францыя) завяршыліся 22-я Дні св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў і каталіцкай прэсы, прысвечаныя пошуку праўды ў сферы інфармацыі і камунікацыі, у якіх узялі ўдзел больш за 300 спецыялістаў: журналістаў, тэолагаў, філосафаў і сацыёлагаў з 26 краін.

Удзельнікі Дзён прэсы, размеркаваныя па розных працоўных групах, засяродзіліся на пошуку сродкаў супрацьстаяць хлусні і фэйкавай інфармацыі ў СМІ і сацыяльных сетках. Такі кірунак разважанняў вызначыў папа Францішак у апублікаваным напярэдадні пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі.

У працы журналісцкага форуму узяў удзел таксама Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін, які ў пятніцу цэлебраваў святую Імшу ў базыліцы Беззаганнага Зачацця ў Люрдзе. У сваёй гаміліі ён перадусім узгадаў мучанікаў: тых журналістаў, якія, перадаючы інфармацыю з зонаў канфліктаў або баявых дзеянняў, былі забітыя, выкрадзеныя ці сталі ахвярамі несправядлівасці.

Быць вернымі Богу і бліжняму

«У вас складаная праца, — сказаў кардынал Паралін, — але вашая роля мае ў вышэйшай ступені асноватворнае значэнне для вольнага і плюралістычнага грамадства… У пэўным сэнсе, вы першыя пішаце гісторыю, падаючы навіны, асвятляючы і каментуючы падзеі».

У сувязі з гэтым іерарх нагадаў журналістам пра іх адказнасць і заклікаў тых з іх, якія вызнаюць сябе католікамі, ніколі не аддзяляць сваёй рэлігійнасці ад любові да бліжніх, асабліва да бедных, церпячых, хворых, і наследаваць Хрыста, які з’яўляецца крыніцаю праўды. А праўда, на думку Дзяржаўнага сакратара, — гэта зусім не нейкая інтэлектуальная канцэпцыя, а перадусім вернасць у адносінах.

«Калі мы няверныя ў адносінах да Бога, мы становімся падманшчыкамі, самі становімся фэйкам»,

— адзначыў кардынал, падкрэсліўшы пры гэтым, што ад каталіцкага журналіста акрамя кампетэнтнасці чакаюць таксама здольнасці «назіраць за гэтым светам, сачыць за навінамі, асвятляць іх і вызначаць канструктыўныя пачынанні», якія могуць спрыяць усебаковаму развіццю чалавечай асобы.

Быць паслухмянымі Богу і праўдзе

«Бог не абмяжоўвае самастойнасці чалавека; больш за тое, усё чалавечае ў поўнай меры рэалізуецца толькі ў адносінах з Боскім. Такім чынам мы запрошаныя спалучыць паслухмянасць Божай волі з адданасцю праўдзе і свабодзе пошуку, каб спазнаць Божую волю і свабоду меркавання, спалучаючы любоў да Бога з любоўю да чалавека, праўду — з пашанай да годнасці людзей. Прароцкая місія ўсіх ахрышчаных таксама ў тым, каб абвяшчаць праўду, паказваючы разнастайныя з’явы ў святле Евангелля».

Адносіны — сэрца камунікацыі

Як сцвердзіў кардынал Паралін, праўда не мае нічога супольнага з лозунгамі, ані з безапеляцыйнымі заявамі. Да праўды мы ў пакоры ідзем разам з Хрыстом і ў еднасці з нашымі братамі. Нагадваючы словы Святога Айца, яго Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што

«любіць праўду азначае не толькі яе абвяшчаць, а і жыць праўдай, сведчыць пра яе вашымі справамі. Жыць і працаваць у адпаведнасці са словамі, якія былі напісаныя ў артыкуле або прагучалі ў тэлепраграме. Пытанне тут не ў тым, быць ці не быць веруючымі. Пытанне ў тым, каб быць або не быць сумленнымі з самімі сабой і з іншымі.

Адносіны — гэта сэрца кожнай камунікацыі».

Прэмія Жака Амэля

Адразу пасля святой Імшы адбылася цырымонія ўручэння прэміі ў гонар Слугі Божага айца Жака Амэля — святара, забітага ісламскімі фундаменталістамі падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі 26 ліпеня 2016 г. у касцёле Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ ў Руане (Францыя). Неўзабаве пасля забойства быў распачаты беатыфікацыйны працэс гэтага французскага святара-мучаніка. Лаўрэатам прэміі, якога выбіралі з 26 прэтэндэнтаў, сёлета стаў Самюэль Льеван, аўтар артыкула «Тома і Бенуа, якія навярнуліся 13 лістапада», прысвечанага тэрарыстычным актам у Парыжы два гады таму. Журналіст распавёў пра двух братоў, Тома і Бенуа, адзін з якіх католік, а другі — мусульманін-канвертыт, імкнучыся паказаць шлях да пераадолення разрыву, што ўзнік у адным доме.

Дыялог — гэта не сінонім кампрамісу

На цырымоніі ўручэння прэміі прысутнічала таксама сястра айца Жака Розэлін Амэль, якая ўдзельнічала ў працы журы. У сваёй кранальнай прамове яна падкрэсліла, як мучаніцтва яе брата-святара паспрыяла вызваленню і распаўсюджванню паслання, якому ён прысвяціў усё сваё жыццё і сваё пакліканне, а менавіта быць творцамі міру і згоднага суіснавання. Спецыяльная намінацыя прэміі Жака Амэля дасталася двум маладым журналістам, якія ў сваім рэпартажы вывучалі становішча ў дыяцэзіі Сэн-Дэні, пацярпелай ад тэрарызму.

«Дыялог ніколі не можа быць сінонімам кампрамісу», — адзначыў кардынал Паралін падчас уручэння прэміі.

Абноўлена 27.01.2018 16:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа