Пошук

24.01.2018 17:40   Паводле: Алессандро Джызоцці – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У апублікаваным сёння, ва ўспамін св. Францішка Сальскага, пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, які сёлета будзе адзначацца 13 мая, папа Францішак запрашае журналістаў быць «вартаўнікамі навінаў» і развіваць журналістыку міру.

Існуе патрэба ў такой журналістыцы, якая не будзе падаваць толькі «смажаныя навіны», але будзе заўсёды старацца шукаць праўду і «імкнуцца паказваць альтэрнатыву ўзняццю шуміхі і насіллю словам». У пасланні на Дзень сацыяльнай камунікацыі Святы Айцец заклікае работнікаў сферы інфармацыі вярнуцца да асноваў сваёй прафесіі, нават «місіі». Тэма паслання — «Праўда вас вызваліць. Фэйкавыя навіны і журналістыка міру» — сёння асабліва актуальная.

Дэзінфармацыя дыскрэдытуе людзей і развязвае канфлікты

У першай частцы свайго паслання Папа разглядае такую з’яву, як фэйкавыя (несапраўдныя) навіны. Ён адзначае, што мэта такіх навінаў у тым, каб «увесці ў зман і нават маніпуляваць чытачом», «аказваць уплыў на палітычныя выбары і прыносіць эканамічную выгаду». Драматызм дэзінфармацыі Святы Айцец бачыць у тым, што гэта «дыскрэдытуе іншага чалавека, прадстаўляючы яго як ворага», што можа нават узбуджаць канфлікты. На яго думку, карані гэтай з’явы часта крыюцца ў «празе ўлады», якая «пераходзіць ад адной хлусні да другой, каб выкрасці з нашых сэрцаў свабоду».

Фэйкавыя навіны грунтуюцца на «логіцы змяі» і ніколі не бываюць бяскрыўднымі

У пасланні падкрэслена, што ўсе пакліканыя супрацьстаяць няпраўдзе. Адукацыйныя ініцыятывы дапамагаюць «не стаць несвядомымі распаўсюджвальнікамі дэзінфармацыі, а быць яе дзейснымі выкрывальнікамі». Звяртаючыся да кнігі Быцця, папа Францішак заўважае, што ў аснове дэзінфармацыі ляжыць «логіка змяі», якая ў пэўным сэнсе стала «аўтарам першай фэйкавай навіны». Спакушальнік «прымае праўдападобны выгляд» і імкнецца «ўвесці ў зман, пракрадаючыся ў сэрца чалавека з дапамогай хлуслівых і прывабных аргументаў», таксама, як і ў выпадку фэйкавых навінаў. На думку Святога Айца, гэты біблейскі тэкст сведчыць пра тое, што «ніякая дэзінфармацыя не бывае бяскрыўднай. Больш за тое, давер да таго, што з’яўляецца падманам, вядзе да згубных наступстваў», і нават «невялікае на першы погляд скажэнне праўды можа мець вельмі небяспечныя наступствы».

Пошук праўды — найбольш эфектыўны сродак ад вірусу няпраўды

«Той, хто хлусіць самому сабе і слухае ўласную хлусню, — піша папа Францішак, цытуючы аднаго са сваіх улюбёных аўтараў Фёдара Дастаеўскага, — даходзіць да таго, што ўжо не можа адрозніць яе ад праўды».

Менавіта праўда, падкрэсліваецца ў пасланні, з’яўляецца найбольш эфектыўным сродкам «ад вірусу няпраўды». Людзі, а не стратэгіі, пакліканы абараніць праўду. Людзі, «гатовыя слухаць, у намаганнях шчырага дылогу даюць нарадзіцца праўдзе». Такім чынам, у пасланні, якое называе журналістаў «вартаўнікамі навін», падкрэсліваецца іх адказнасць за перадачу інфармацыі.

Развіваць журналістыку міру, якая аб’ядноўвае

У пасланні Святога Айца гучыць настойлівы заклік да «журналістыкі міру». Гаворка ідзе не пра «журналістыку „ў ружовых акулярах“, якая не звяртае ўвагі на існаванне сур’ёзных праблем», але пра журналістыку «без удавання, непрымірымую ў адносінах да хлусні, эфектных лозунгаў і гучных заяваў». Існуе патрэба ў журналістыцы, «якую робіць чалавек для чалавека»; у журналістыцы як служэнні, якая дае голас тым, хто пазбаўлены голасу.

Дакумент завяршае малітва, натхнёная святым Францішкам: «Дай нам распазнаць зло, што пракрадаецца ў камунікацыю, якая не стварае адзінства — камуніі», і заклікам Папы: «Там, дзе ёсць імкненне да сенсацыі, дай нам захаваць цвярозасць» і «Туды, дзе ёсць няпраўда, дай нам прынесці праўду».

Абноўлена 27.01.2018 16:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця