Пошук

06.05.2024 07:37   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: KTO/YoyTube

У красавіку ў Марыйны санктуарый у Люрдзе адбылася першая пілігрымка ўдзельнікаў французскай супольнасці Alliance (саюз-запавет) — сужонкаў, якія захоўваюць вернасць нават пасля разводу.

Гэтыя людзі, як яны самі кажуць, ідуць супраць плыні: іх шлюб распаўся, але яны не распачалі новага жыцця і па-ранейшаму верныя слову, дадзенаму ім Богам. Іх супольнасць існуе ўжо 40 гадоў і дзейнічае пад патранатам арцыбіскупа Рэнскага. У межах першай пілігрымкі яны правялі ў Люрдзе чатыры дні.

Як і іншыя пілігрымы, якія пакутуюць целам і душою, яны шукалі там суцяшэння перадусім у малітве.

Гісторыі ўдзельнікаў супольнасці Маці Божай Саюзу-Запавету вельмі розныя. Адны моляцца аб вяртанні мужа ці жонкі, для іншых важна захаваць унутраную раўнавагу. 45-гадовая Аньес, маці чацвярых дзяцей, вымушана была сама падаць на развод, каб засцерагчы сябе і сваю сям’ю ад паталагічных адносін з мужам, які прыніжаў яе і некалькі гадоў здраджваў ёй з іншым мужчынам. Спачатку яна мела пачуццё віны, што таксама знішчыла тое, што злучыў Бог, цяпер шукае свайго месца ў Касцёле, ведае, што яе запавет з Богам працягваецца. Яна не хоча пачынаць новыя адносіны і зноў знайшла ўнутраны спакой.

66-гадовая Адзіль развялася пасля 35-і гадоў шлюбу, але ўсё яшчэ носіць заручальны пярсцёнак. Яе муж пачаў новае жыццё. Яна застаецца вернай. Бліжэйшае атачэнне не прымае яе выбар. З-за гэтага яна адчувае сябе незразуметай.

«Але для мяне, — кажа яна, — новыя адносіны немагчымыя. Сужэнства — гэта святое», — дадае жанчына, прызнаючы, што гэта нялёгкі выбар. Яна ўсё яшчэ адчувае боль. Гадаваіны шлюбу — самыя балючыя. Яна шукае суцяшэння ў малітве. Яна здзейсніла пілігрымку ў Люрд для ўнутранага аздараўлення.

У супольнасці Alliance таксама шукаюць дапамогу людзі, якія не мелі касцёльнага шлюбу, але лічаць, што іх грамадзянскі, а дакладней, натуральны шлюб таксама павінен быць непарыўным. Так бачыць гэта Дэльфіна, для якой актам стварэння непарыўнай сям’і стаў хрост дзіцяці. Яна прызналася журналісту штодзённай газеты La Croix, што часта яе боль узмацняе ціск з боку атачэння, каб яна як мага хутчэй распачала новае жыццё.

На тую ж праблему звяртае ўвагу і кіраўнік пілігрымкі Эмануэль Усэн. Ён у разводзе з 2009 года і прызнаецца, што таксама сутыкаўся з падобным стаўленнем родных і блізкіх. Гэта, паводле яго словаў, своеасаблівая рэлятывізацыя шлюбу. Сакрамэнт і яго непарыўнасць занадта лёгка адкідаюцца.

«Але для мяне вернасць — гэта не цяжар, а дар, які я атрымаў. Гэта форма аскезы, якая вядзе да свабоды, а не да расчаравання», — лічыць Усэн, разам з тым просячы аб большай павазе да асабістых перажыванняў тых, хто перажыў драму разводу.

Да асаблівай апекі над гэтай катэгорыяй вернікаў заклікаў таксама касцёльны асістэнт супольнасці Alliance ксёндз Грэгуар С’юта. «Гэтыя людзі носяць у сабе незагоеную рану і патрабуюць вялікай душпастырскай апекі з боку Касцёла», — заўважыў святар.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа