
У велікодным пасланні перад благаслаўленнем «Urbi et Orbi» Леў XIV абвясціў аб правядзенні 11 красавіка 2026 года ў Базыліцы Святога Пятра малітоўнага чування ў інтэнцыі міру. Ініцыятыву падтрымаў Касцёл у Італіі.
«Мы, хрысціяне, ведаем, што можна спадзявацца насуперак усякай надзеі», нават нягледзячы на смерць, прысутную «ў гвалце, ранах свету, крыку пакут, які ўздымаецца паўсюль з прычыны злоўжыванняў, што прыгнятаюць найслабейшых, з прычыны пакланення ідалу прыбытку, што рабуе рэсурсы зямлі, з прычыны гвалту вайны, што забівае і нясе разбурэнне», — нагадаў кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі.
«Таму мы запрашаем святароў, манахаў, манахінь і ўвесь народ вернікаў прыняць удзел у чуванні пад кіраўніцтвам Папы або сабрацца на малітву ў мясцовых супольнасцях: давайце спынім вір болю, пакут і разбурэння, скажам наша "не" вайне, не будзем прызвычайвацца да жаху», — заахвоціў у спецыяльным звароце арцыбіскуп Балонні.
Заклік Папы
Звяртаючыся да вернікаў з пасланнем перад святочным апостальскім благаслаўленнем «Urbi et Orbi», Пантыфік нагадаў, што «Хрыстус прайшоў праз смерць, каб даць нам жыццё і мір».
«Спакой, які дае нам Хрыстус, не той, што проста прымушае замаўчаць зброю, але той, што закранае і змяняе сэрца кожнага з нас! Давайце звернемся да міру Хрыста! Давайце зробім чутным заклік да міру, які ідзе з сэрца! Для гэтага я запрашаю ўсіх далучыцца да мяне ў малітоўным чуванні, якое пройдзе тут, у Базыліцы Святога Пятра, у наступную суботу, 11 красавіка»,
— сказаў Святы Айцец.
Запрашаем святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў Беларусі таксама далучыцца да малітвы Папы і ўсяго Касцёла за мір ва ўсім свеце.







