Пошук

13.02.2023 07:07   Пераклад: Настасся Драгун / Catholic.by

Дэлегаты ад ККББ з Генеральным сакратаром Сіноду Біскупаў кардыналам Марыё Грэкам
Дэлегаты ад ККББ з Генеральным сакратаром Сіноду Біскупаў кардыналам Марыё Грэкам

З 5 па 12 лютага ў Празе (Чэхія) праходзіла Еўрапейская асамблея кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, у якой бралі ўдзел таксама прадстаўнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і супрацоўнік згаданай камісіі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

Дэлегаты ад беларускага каталіцкага епіскапату ўзялі чынны ўдзел у працы Еўрапейскай асамблеі Сіноду. У сваіх прамовах яны перадусім прадставілі тэмы, якія знаходзяць найбольшы водгук у Касцёле ў нашай краіне. У Празе прадстаўнікі епіскапатаў Еўропы абмеркавалі праблемы і пытанні, якія трэба ўлічыць на наступным этапе сінадальнага працэсу, а таксама прыярытэты, нязменныя тэмы і заклікі да дзеяння.

Беларускія дэлегаты звярнулі ўвагу і на некаторыя вострыя моманты.

У прыватнасці, біскуп Яшэўскі заклікаў адказных за сінадальны працэс, каб на ўсіх яго этапах «пазбягаць выкарыстанне агульных і размытых выказванняў і фармулёвак, асабліва на дактрынальныя тэмы», а яго паплечнік, ксёндз Віктар Гайдукевіч дадаў, што ўдзельнікі Сіноду маюць права ведаць, у адпаведнасці з якімі крытэрыямі і працэдурамі у ходзе супольнай працы атрымаўся выніковы дакумент Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў.

Ніжэй падаюцца заключныя заўвагі Еўрапейская кантынентальнай асамблеі Сіноду Біскупаў.

«Мы перажылі чатыры дні слухання і дыялогу, заснаваных на рэзанансе, выкліканым Працоўным дакументам для кантынентальнага этапу ў Касцёлах, з якіх мы паходзім. Як Еўрапейская кантынентальная асамблея, мы ўсведамляем, што праз сінадальны метад мы атрымалі глыбокі духоўны досвед.

Мы дзякуем Духу, які вёў нас; за дар, які мы атрымалі, і хочам падзяліцца ім. Мы паглыбілі разуменне, якое касцёльныя супольнасці нашага кантынента атрымалі праз сінадальны працэс, а таксама супярэчнасці і пытанні, з якімі сутыкаюцца еўрапейскія Касцёлы.

(Паводле гэтай працы будзе складзены больш дэтальны дакумент, які будзе накіраваны ў Генеральны сакратарыят Сіноду ў якасці ўнёску ў наступныя этапы Сінадальнага працэсу і галоўным чынам у распрацоўку Instrumentum laboris Сінадальнай асамблеі, якая адбудзецца ў кастрычніку. Разам з вялікай колькасцю інфармацыі аб нашай працы і відэазапісамі ўсіх пленарных пасяджэнняў гэты дакумент будзе даступны на сайце Пражскай кантынентальнай асамблеі prague.synod2023.org і на сайтах Канферэнцый біскупаў, якія жадаюць апублікаваць яго на розных нацыянальных мовах.)

Перш за ўсё, мы яшчэ раз адчулі боль ран, якімі адзначана наша нядаўняя гісторыя, пачынаючы з тых, якія нанёс Касцёл праз злоўжыванні людзей, што выконвалі касцёльнае служэнне або займалі касцёльную пасаду. Мы некалькі разоў згадвалі пра бязлітасны гвалт агрэсіўнай вайны, якая нявечыць Украіну. Мы думалі пра ахвяр землятрусу, які скалынуў Турцыю і Сірыю.

Наша праца была насычанай і захапляльнай, хоць і не пазбаўленай праблем і цяжкасцяў. Яна дазволіла нам паглядзець у вочы Касцёлу ў Еўропе з усімі скарбамі дзвюх вялікіх традыцый — лацінскай і ўсходняй — якія яго фармуюць.

З усведамленнем, якое ўзрасло падчас Асамблеі, мы адчуваем сёння, што можам пацвердзіць прыгажосць нашага Касцёла, дэманструючы разнастайнасць, якая таксама з’яўляецца нашым багаццем.

Мы адчуваем, што любім яго яшчэ мацней, нягледзячы на нанесеныя ім раны, за якія ён павінен прасіць прабачэння, каб мець магчымасць ісці далей да прымірэння, аздараўлення памяці і прыняцця параненых. Мы перакананыя, што гэтыя пачуцці таксама напаўняюць сэрцы ўсіх людзей, якія з верасня 2021 года прымаюць удзел у шляху Сіноду 2021–2024.

На працягу ўсіх дзён Асамблеі мы перажывалі духоўны досвед таго, што можна сустракацца, слухаць адзін аднаго і весці дыялог, пачынаючы з нашых адрозненняў і нягледзячы на мноства перашкод, сцен і бар’ераў, якія ставіць на нашым шляху нашая гісторыя. Мы павінны любіць разнастайнасць у нашым Касцёле і падтрымліваць адзін аднаго ва ўзаемнай пашане, умацаванай нашай верай у Пана і моцай Яго Духа.

Вось чаму мы жадаем працягваць ісці ў сінадальным стылі, які з’яўляецца большым за метадалогію; мы лічым яго ладам жыцця нашага Касцёла, супольнага распазнавання і распазнавання знакаў часу.

У прыватнасці, мы хочам, каб гэтая Кантынентальная асамблея не заставалася ізаляваным вопытам, але стала перыядычнай сустрэчай, заснаванай на агульным прыняцці сінадальнага метаду, які пранізвае ўсе нашыя структуры і працэдуры на ўсіх узроўнях. У такім стылі можна будзе закрануць пытанні, па якіх нашыя намаганні павінны саспець і актывізавацца: суправаджэнне параненых, актывізацыя маладых людзей і жанчын, навучанне ў маргіналізаваных людзей і гэтак далей.

Сінадальны стыль таксама дазваляе нам вырашаць супярэчнасці з місійнага пункту гледжання, не будучы паралізаванымі страхам, але чэрпаючы з іх энергію, каб працягваць гэты шлях. Дзве з іх, у прыватнасці, выявіліся ў нашай працы. Першая заахвочвае да еднасці ў разнастайнасці, пазбягаючы спакусы аднастайнасці. Другая звязвае гатоўнасць прыняць, будучы сведкамі безумоўнай любові Айца да сваіх дзяцей, з адвагай абвяшчаць праўду Евангелля ва ўсёй яе паўнаце: Бог абяцае, што „Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам“ (Пс 85 (84), 11).

Мы ведаем, што ўсё гэта магчыма, таму што мы перажылі гэта падчас гэтай Асамблеі, але яшчэ больш таму, што аб гэтым сведчыць жыццё Касцёлаў, з якіх мы паходзім. Тут мы маем на ўвазе асабліва экуменічны дыялог, які знайшоў моцны водгук у нашай працы, а таксама міжрэлігійны дыялог. Але перш за ўсё мы верым, што гэта магчыма, таму што ў гэтым удзельнічае ласка: будаванне ўсё больш сінадальнага Касцёла з’яўляецца спосабам канкрэтнага ўвасаблення роўнасці ў годнасці ўсіх членаў Касцёла, заснаванай на хросце. Яно робіць нас Божымі дзецьмі і членамі цела Хрыста, суадказнымі за ўнікальную місію евангелізацыі, якую Пан даручыў свайму Касцёлу.

Мы ўпэўненыя, што працяг Сіноду 2021–2024 можа падтрымаць і суправаджаць нас, у прыватнасці, шляхам вырашэння на ўзроўні Сінадальнай асамблеі некаторых прыярытэтных пытанняў:

  • паглыбленне практыкі, тэалогіі і герменеўтыкі сінадальнасці. Мы павінны нанава адкрываць нешта старажытнае, што належыць да прыроды Касцёла, і заўсёды новае. Гэта задача для нас. Мы робім першыя крокі на шляху, які адкрываецца, калі мы ідзем па ім;
  • разгляд пытання Касцёла, у якім усе з’яўляюцца служыцелямі, як гарызонт разважання над харызмай і служэннем (тых, хто мае пасвячэнне і хто не мае) і ўзаемаадносінамі паміж імі;
  • даследаванне формы ажыццяўлення сінадальнай улады, гэта значыць паслугі суправаджэння супольнасці і захавання еднасці;
  • удакладненне крытэрыяў распазнавання сінадальнага працэсу і таго, якія рашэнні належаць да якога ўзроўню: ад лакальнага да агульначалавечага;
  • прыманне канкрэтных і адважных рашэнняў адносна ролі жанчын у Касцёле і іх большага ўдзелу на ўсіх узроўнях, таксама ў працэсах прыняцця рашэнняў; разгляд супярэчнасцяў вакол літургіі, каб сінадальна пераасэнсаваць Эўхарыстыю як крыніцу еднасці;
  • спрыянне фармаванню сінадальнасці ўсяго Божага народа з асаблівай увагай да распазнавання знакаў часу ў мэтах выканання супольнай місіі;
  • аднаўленне жывога сэнсу місіі, пераадоленне разрыву паміж верай і культурай, каб вярнуць Евангелле да адчування людзей; знайсці мову, здольную сфармуляваць традыцыю і aggiornamento (адаптацыю да сённяшняга дня), але перш за ўсё ісці з людзьмі, а не гаварыць пра іх ці з імі. Дух просіць нас прыслухацца да крыку бедных і зямлі ў Еўропе, асабліва да адчайнага крыку ахвяр вайны, якія патрабуюць справядлівага міру.

Любоў да Касцёла, да багацця яго разнастайнасці не з’яўляецца формай сентыменталізму дзеля яе самой. Касцёл прыгожы, таму што Пан жадае, каб ён быў такім, улічваючы заданне, якое Ён яму даручыў: абвяшчаць Евангелле і запрашаць усіх жанчын і мужчын увайсці ў дынаміку камуніі, удзелу і місіі, што з’яўляецца сэнсам яго існавання, ажыўленага вечнай жыццёвай сілай Духа. Будаваць наш еўрапейскі Касцёл значыць аднавіць нашу прыхільнасць да выканання гэтай місіі, нават на нашым кантыненце, у культуры, пазначанай шматлікімі вядомымі нам разнастайнасцямі.

Давяраем працяг нашага Сінадальнага падарожжа святым заступнікам і мучанікам Еўропы!

Adsumus Sancte Spiritus! — Стаім перад Табою, Духу Святы!»

Абноўлена 13.02.2023 08:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.