6 лютага, у першы працоўны дзень Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, якая ў гэтыя дні праходзіць у Празе (Чэхія), выступіў прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У сваёй прамове Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ зазначыў тэмы, якія знаходзяць найбольшы водгук у Касцёле ў нашай краіне. Тэзісы яго выступу былі сфармуляваныя ў выніку сумеснай працы усіх біскупаў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якія перадусім сцвердзілі, што супольнасць Касцёла ў нашай краіне, як і іншыя партыкулярныя Касцёлы, з вялікай радасцю прыняла ініцыятыву Папы Францішка склікаць Сінод на тэму сінадальнасці, што праходзіць у тры этапы: дыяцэзіяльны, кантынентальны і паўсюдны.
Было адзначана, што, з аднаго боку, гэта ўпершыню дазволіла вялікай колькасці людзей: як вернікаў, так і тых, хто не належыць да Каталіцкага Касцёла, выказацца пра яго, быць пачутымі і ўзяць удзел у яго жыцці з мэтай вырашэння надзённых праблем і ўдасканалення. З другога боку, гэта дало магчымасць непасрэднага супастаўлення поглядаў паміж рознымі яго членамі, асабліва духавенствам і свецкімі, на ўсіх узроўнях яго жыцця.
У прамове біскуп Яшэўскі заўважыў, што новым і павучальным стала прапанова пастаяннай фармацыі і выхавання на тэму сінадальнасці духоўных асоб і свецкіх вернікаў.
Паколькі сінадальны працэс не з’яўляецца чымсьці новым для Каталіцкага касцёла, таму мэтазгодным уяўляецца падумаць пра арганізацыю сінадальнай фармацыі семінарыстаў, святароў, евангелізатараў, катэхетаў і іншых вернікаў. Гэта, паводле прадстаўніка беларускага каталіцкага епіскапату, спрыяла б умацаванню жыццяздольнасці і эфектыўнасці гэтага працэсу ва ўсіх вымярэннях касцёльнага і хрысціянскага жыцця.
Яшчэ адным павучальным момантам была названа большая ўвага да ролі жанчыны ў жыцці Касцёла. Зыходзячы з сакрамэнту хросту, як раўнапраўныя члены Народа Божага яны павінны заняць належнае ім месца ў рэалізацыі місіі і дзейнасці Касцёла.
Вартым увагі стала ўсведамленне значнасці ўдзелу ў яго жыцці маладых людзей, а менавіта іх сталення, узрастання ў веры і пачуцці адказнасці за яго развіццё, бо, як падкрэсліў біскуп Яшэўскі, моладзь — гэта будучыня Касцёла.
Выступоўца ад імя ККББ таксама вызначыў праблемы і пытанні, якія варта ўлічыць на наступным этапе сінадальнага працэсу.
Паколькі ў працу Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці ўключаны не толькі духоўныя асобы, пастыры, члены інстытутаў кансэкравнага жыцця і супольнасцяў апостальскага жыцця і іншыя, а заклік скіраваны да ўсіх людзей добрай волі, важным з’яўляецца наданне большай увагі ўжыванню ў сінадальным працэсе ўсім зразумелай тэрміналогіі, асабліва ў пастаноўцы пытанняў і ў выкарыстанні тэалагічных тэрмінаў у адпаведнасці з менталітэтам сучаснага чалавека.
Акрамя таго, на агульную думку біскупаў Касцёла на Беларусі, неабходна разгледзець і ўлічыць праблематыку праўдзівага дыялогу паміж духавенствам і свецкімі вернікамі, а таксама іх паўнавартаснага супрацоўніцтва, якое б з яго вынікала. Біскуп Яшэўскі звярнуў увагу на тое, што, закранаючы пытанні духоўнага жыцця людзей, якія жывуць у паўторным шлюбе, палігаміі і з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй, неабходна прытрымлівацца адзінага меркавання, як паступаць у такіх сітуацыях, незалежна ад культурных умоў, бо Божы закон адзін для ўсіх.
У выступе прадстаўніка Касцёла на Беларусі было падкрэслена, што розны падыход партыкулярных Касцёлаў вельмі небяспечны, бо парушае адзінства і нясе збянтэжанасць у шэрагі вернікаў.
Нарэшце, прадстаўнік ККББ выказаўся адносна прыярытэтаў, нязменных тэм і заклікаў да дзеяння, адзначыўшы перадусім, што Касцёл павінен працягваць сінадальны працэс праз слуханне, дыялог і распазнаванне, ствараючы на ўсіх узроўнях культуру сінадальнасці, якая адпавядае мясцовым умовам. Паводле прадстаўніка ККББ, неабходна ўмацоўваць пачуццё прыналежнасці да Касцёла ўсіх яго членаў, на практыцы пацвярджаючы, што Касцёл — гэта не толькі біскупы і святары, але таксама і свецкія вернікі. Пры гэтым варта асцерагацца, каб духоўныя асобы не лаіцызаваліся, а свецкія — не клерыкалізаваліся, бо кожны пакліканы Панам для выканання канкрэтнай місіі ў Касцёле. Пад клерыкалізацыяй у гэтым кантэксце маецца на ўвазе выкананне свецкімі тых функцый, якія знаходзяцца ў выключнай кампетэнцыі святароў, што ўжо часам адбываецца.
На заканчэнне прамовы на Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці біскуп Аляксандр Яшэўскі дадаў, што параўнанне Касцёла з шатром, які знаходзіцца ў дынамічным стане і такім чынам забяспечвае ўстойлівасць, сімвалізуе трываласць асноваў веры, заклікае нас да дынамізму ў жыцці Касцёла і да заўсёды актуальнага працэсу aggiornamento — актуалізацыі ў адпаведнасці з выклікамі сённяшняга дня.
Выступ іерарха дапоўніў супрацоўнік Сінадальнай камісіі пры ККББ ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які разам з біскупам Яшэўскім прадстаўляе Касцёл у Беларусі на Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў у Празе.