Пошук

10.02.2023 17:11   Catholic.by

9 лютага ў Празе (Чэхія) завяршылася першая частка еўрапейскага кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці ў Касцеле, у якой узялі ўдзел 156 дэлегатаў з еўрапейскіх епіскапатаў і 44 госці, запрошаныя Радай Канферэнцыяй Біскупаў Еўропы.

Дэлегаты ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскпаў у Беларусі на Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB падзяліліся з Catholic.by сваімі ўражаннямі пасля завяршэння першага этапу сустрэчы ў Празе.

Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі перадусім выказаў радасць ад магчымасці ў якасці прадстаўніка Каталіцкага Касцёла ў Беларусі браць удзел у кантэнентальным этапе Сіноду. «Для мяне гэтыя дні супольнага слухання і дыялогу стварылі вельмі карысную для адкрытага дыялогу атмасферу.

Яны далі магчымасць не толькі даведацца штосьці пра іншых, але сталі своеасаблівым духоўным досведам, у якім кожны вучыўся слухаць і разумець другога, прымаць яго такім, якім ён ёсць.

Вельмі ўразіла непасрэднасць і шчырасць у выказваннях удзельнікаў асамблеі як падчас працы ў групах, так і на пленарным пасяджэнні. Свецкія вернікі, мужчыны і жанчыны, выказалі радасць ад таго, што ўпершыню яны былі выслуханыя на такім высокім узроўні і іх голас быў пачуты.

Супольная праца свецкіх, прэзбітэраў, манаскіх асоб і пастыраў зрабіла магчымым дыялог паміж усімі членамі містычнага цела Хрыста, гэта значыць Касцёла. Гэтая праца суправаджалася не толькі шчырасцю і радасцю, але таксама сутыкалася з пэўнымі цяжкасцямі і праблемамі. Аднак дзякуючы ўсім гэтым момантам мы мелі магчымасць паглядзець на еўрапейскі Касцёл як на адно цэлае з яго разнастайнасцю і прыгажосцю, улічваючы ў ім розныя традыцыі Усходу і Захаду.

Асабіста я радуюся таксама таму, што менавіта прапанова ККББ аб арганізацыі сінадальнай фармацыі як духоўных асоб, так і свецкіх вернікаў з мэтай умацавання жыццяздольнасці і эфектыўнасці гэтага працэсу ва ўсіх вымярэннях касцёльнага і хрысціянскага жыцця, была ўключана сёння ў працоўны дакумент, які старшыні еўрапейскіх канферэнцый біскупаў абмяркуюць падчас другой часткі кантынентальнага этапу», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі.

Падчас прадстаўлення і абмеркавання апошняй рэдакцыі дакумента на пленарным пасяджнні беларускі іерарх, звяртаючыся да ўдзельнікаў, выказаў, са свайго боку, занепакоенасць тым, што ў дыскусіі на тэму фінальнай рэдакцыі дакументу існуе шмат няясных і размытых фармулёвак. «Калі ў тэксце мы выкарыстоўваем выраз „ёсць галасы“ па некаторых пытаннях, асаблівым чынам дзе ёсць разыходжанні ў меркаваннях, варта ўдакладняць, ці гэта паасобныя галасы з мясцовых Касцёлаў альбо ад прысутных на Сінодзе дэлегатаў, запрошаных гасцей, ці гэта меркаванне большасці ўдзельнікаў. Без дакладнага і яснага сфармулявання, асаблівым чынам тады, калі гаворка ідзе пра святарскае пасвячэнне жанатых мужчын, а таксама пра пасвячэнне жанчын, дакумент прадстаўляецца як маніпуляцыя і не з’яўляюцца меркаваннем большасці. Таму заклікаю адказных за сінадальны працэс, каб на ўсіх яго этапах пазбягаць выкарыстанне агульных і размытых выказванняў і фармулёвак, асабліва на дактрынальныя тэмы», — узняў свой голас прадстаўнік беларускага епіскапату на Сінодзе Біскупаў.

«Мы распачалі другі этап, кантынентальны этап Сіноду па тэму сінадальнасці, але яшчэ і сёння цяжка зразумець, у якім кірунку ідзе гэты Сінод, ці ён пастырскі, дактрынальны, антрапалагічны ці ідэалагічны Сінод?» — задаўся пытаннем біскуп Яшэўскі.

Яго паплечнік ксёндз Віктар Гайдукевіч, са свайго боку, выказаў удзячнасць беларускаму епіскапату за давер і магчымасць разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім быць у складзе беларускай дэлегацыі на такім высокім узроўні.

«Для мяне гэта вельмі цікавы і карысны вопыт, бо з’яўляецца своеасаблівым працягам працы на карысць сінадальнасці, якую мы распачалі ўжо ў Беларусі.

Перажываючы гэтыя дні разам з іншымі ўдзельнікамі Сіноду, асаблівым чынам з адказнымі на розных узроўнях, дзякуючы шматлікім размовам, працы ў групах і на пленуме ўдалося лепш усвядоміць, які вялікі патэнцыял мае ў сабе гэты працэс для сучаснага Касцёла, калі ў ім цэнтрам і рухаючай сілай будзе Езус Хрыстус, пра што неаднаразова падкрэслівалася як адказнымі, так і большасцю ўдзельнікаў Сіноду.

Адначасова хачу таксама заўважыць, што ў межах гэтага працэсу сустракаюцца паміж сабою розныя культуры, традыцыі, менталітэты. З аднаго боку, усё гэта ўяўляе сабою багацце еўрапейскага Касцёла, а з другога боку, ставіць увесь сінадальны працэс перад вельмі складанай і шматграннай задачай, якую трэба вырашыць, і дзе не павінна быць пераможцаў і прайграўшых, а будзе створана, адпаведна з мясцовымі ўмовамі, агульная сінадальная платформа для далейшых разважанняў. Такі Сінод — гэта толькі пачатак, і нельга праз два ці тры гады чакаць канкрэтных вынікаў: гэта шлях, гэта працэс, у які вернікі ў розных краінах з рознай хуткасцю ўключаюцца і, як гэта неаднойчы прагучала з вуснаў удзельнікаў, жадаюць, каб такія сустрэчы сталі рэгулярнымі», — адзначыў святар.

Падчас прэзентацыі дакумента на завяршэнне першай часткі кантынентальнага этапу Сіноду ксёндз Віктар Гайдукевіч, выступаючы на пленуме і працгваючы думку біскупа Яшэўскага адносна таго, каб пазбегнуць пэўных маніпуляцый, скіраваў просьбу да адказных за кантынентальны этап Сіноду.

«На працягу ўсёй нашай сустрэчы, калі мы пачулі шматлікія выступленні з розных краін, якія вельмі часта былі нават супярэчлівымі, калі назбіралася вялікая колькасць вынікаў працы ў групах, а таксама беручы пад увагу шматлікія выступленні ўдзельнікаў на пленуме, сёння мы маем выніковы дакумент.

Удзельнікі Сіноду маюць права ведаць, у адпаведнасці з якімі крытэрыямі і працэдурамі з усяго гэтага атрымаўся гэты выніковы дакумент», — выказаў сваё абгрунтаванае меркаванне ксёндз Віктар Гайдукевіч.

Абноўлена 12.02.2023 19:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа