Пошук

25.05.2024 14:08   Catholic.by

25 мая, падчас урачыстай цэлебрацыі ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, ад імя епіскапату скіраваў віншаванні новапасвячанаму біскупу кад’ютару Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміру Гуляю.

Ваша Эксцэленцыя,
найдастойнейшы біскуп Уладзімір Гуляй!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды Вашага біскупскага пасвячэння на біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі! Разам з тым вітаю Вас у складзе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і спадзяюся на супольную плённую працу.

Ваша Эксцэленцыя! У саборным дэкрэце «Аб пастырскіх заданнях біскупаў у Касцёле» чытаем: «Хрыстус даў Апосталам і іх наступнікам наказ і ўладу навучаць усе народы, асвячаць людзей у праўдзе і быць іх пастырамі», а ў паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Pastores gregis — пра біскупа, слугу Евангелля — чытаем: «Біскуп пасланы ад імя Хрыста як пастыр, каб клапаціцца пра частку даручанага яму народа Божага».

Мяркую, што менавіта гэтыя будучыя біскупскія заданні натхнілі Вас паўтарыць сабе і падзяліцца з людам, даручаным Вашай пастырскай апецы, запэўненне Хрыста, які сказаў тым, хто пойдзе за Ім: Sufficit tibi gratia Mea — «Хопіць табе Маёй ласкі».

Гэтыя словы Вы выбралі як дэвіз Вашага пастырскага служэння: няхай яны натхняюць Ваш сённяшні ўрачысты дзень і будуць натхненнем для Вас і для вернікаў у пераадоленні штодзённых цяжкасцяў.

Жадаю ўсё больш глыбокага перажывання таго, што значыць «быць пасланым», — гэта значыць удзелу ў місіі самога Езуса Хрыста, які ў сваім пастырскім служэнні аб’яўляе любоў Бога да чалавека. Спадзяюся на тое, што штодзённая блізкасць Евангелля і Эўхарыстыі прывядзе да асвячэння Вас і народ Божы, давераны Вашай пастырскай апецы.

Даручаю Вашае жыццё і служэнне біскупа Маці Божай Каралеве Беларусі і дасылаю братэрскае прывітанне ў Хрысце,

Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Гродна, 25 мая 2024 г.

Абноўлена 25.05.2024 14:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.