14 сакавіка, на другі дзень 397-а пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Епіскапату Польшчы (КЕП), адбыліся выбары Старшыні і яго намесніка.
Старшынёй КЕП на пяцігадовы тэрмін быў абраны Мітрапаліт Гданьскі арцыбіскуп Тадэвуш Войда SAC. Ён змяніў на гэтай пасадзе Мітрапаліта Познаньскага арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага, які ўзначальваў польскі епіскапат з 2014 года.
Новы Старшыня КЕП нарадзіўся 29 студзеня 1957 года непадалёк ад Кельцаў, што на поўдні Польшчы. Паходзіць са шматдзетнай сям’і. Арцыбіскуп Войда, як і яго малодшы брат, належыць да Таварыства каталіцкага апостальства (супольнасці палатынаў), яго старэйшая сястра — законніца ў Кангрэгацыі сясцёр эльжбетанак цешынскіх. У КЕП новы Старшыня з’яўляецца членам Камісіі па справах місій.
Старшыня КЕП прадстаўляе Канферэнцыю біскупаў у знешніх справах і разам са сваім намеснікам і Генеральным сакратаром утварае Прэзідыюм епіскапату.
Ён таксама склікае сходы Пастаяннай рады, Пленарныя пасяджэнні і Раду дыяцэзіяльных біскупаў, а таксама кіруе іх працай і праз Апостальскую нунцыятуру дасылае справаздачы і дакументацыю з пасяджэнняў у Ватыкан.
Намеснікам Старшыні КЕП на пяцігадовы тэрмін быў выбраны Мітрапаліт Уроцлаўскі арцыбіскуп Юзаф Купны. Ён змяніў на гэтай пасадзе Мітрапаліта Кракаўскага арцыбіскупа Марэка Ендрашэўскага, які займаў яе на працягу апошніх дзесяці гадоў. Новы намеснік Старшыні з’яўляецца дэлегатам КЕП па справах душпастрыства людзей працы і дэлегатам душпастырства прадпрымальнікаў і працадаўцаў, а таксама членам групы пры дэлегаце КЕП па справах душпастырства польскай эміграцыі.
Намеснік Старшыні КЕП у выпадку законнай немагчымасці Старшыні выконваць свае абавязкі прымае на сябе яго паўнамоцтвы.
Разам са Старшынёй і Генеральным сакратаром уваходзіць у склад Прэзідыюма Канферэнцыі Епіскапату Польшчы.